Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)

* Словы. Казанні. Павучанні

Пасля Кірыла Тураўскага захавалася вялікая, нават унікальная для аўтара XII стагоддзя пісьмовая спадчына, да якой даследчыкі адносяць каля 70 твораў (словы, прыпавесці, малітвы, каноны).

Канон 
узор, стандарт, твор мастацтва, які лічыцца афіцыйным, прызнаным.

Такая колькасць захаваных тэкстаў сведчыць пра надзвычайную папулярнасць асветніка. У спадчыне Кірыла Тураўскага даследчыкі размяжоўваюць помнікі, што дакладна належаць асветніку, і тыя, прыналежнасць якіх пяру красамоўцы толькі верагодная.

Найбольш вядомая і даследаваная частка мастацкай спадчыны — творы ўрачыстага красамоўства (іх яшчэ называюць аратарскай прозай), да якіх адносяць восем слоў, каля трыццаці казанняў і яшчэ каля дзясятка тэкстаў. Словы рыхтаваліся для прамаўлення пастырам пасля набажэнства або падчас рэлігійных свят. Яны часта мелі павучальны змест, таму іх яшчэ называюць павучаннямі. Тэматыка такіх твораў нярэдка пазначалася аўтарам у загалоўку: «Слова пра кніжнае шанаванне і пра навучанне», «Слова аб тым, каб не забывалі настаўнікаў сваіх», «Слова пра чалавека і пра нябесныя сілы».

Навукоўцы гавораць. «Творы Кірыла Тураўскага і сёння працягваюць здзіўляць сваёй вобразнасцю і пранікнёнасцю. <…> Самыя старажытныя [яго] рукапісы, якія ўдалося захаваць да нашых дзён, датуюцца ХІІІ стагоддзем. І варта заўважыць, што яны перапісваліся і распаўсюджваліся не толькі тады: зараз творы Кірыла Тураўскага працягваюць перавыдавацца» (Сяргей Гаранін).

У кожным творы Кірыл Тураўскі выяўляў сімвалічны сэнс свята або падзеі, тлумачыў змест свяшчэнных тэкстаў, але рабіў гэта арыгінальна. Напрыклад, змест «Слова ў першую нядзелю пасля Пасхі» біблейскі, але пісьменнік увёў у яго ўласныя аўтарскія аналогіі: абуджэнне прыроды вясной параўнаў з аднаўленнем чалавека праз веру, працу пчол — з працай чалавека па самаўдасканаленні.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Кірыл Тураўскі перанёс на нацыянальную літаратурна-культурную глебу хрысціянскую тэматыку, акрэсленую ў біблейскіх тэкстах і творах айцоў царквы.
2. Асветнік адным з першых у беларускай філасофскай традыцыі сфармуляваў значнасць кніжных ведаў, гуманітарнай навукі і пазнання.

Асветнік прапаноўваў прынцыпы ўладкавання справядлівага грамадства і мадэль паводзін чалавека, заснаваную на штодзённай духоўнай працы, здзяйсненні добрых спраў. У такіх тэкстах агульначалавечае дамінавала над канфесійным, нябеснае было знітавана з зямным — патрэбамі і жаданнямі, перажываннямі і страхамі, сумненнямі чалавека.

Амаль у кожным творы аўтар гаварыў пра ўзорныя паводзіны, крытыкаваў заганы. Напрыклад, у «Слове пра чалавека і пра нябесныя сілы» асветнік разважаў пра місію чалавека і бачыў яе ў нястомнай духоўнай працы, здзяйсненні вартых павагі ўчынкаў. «Слова аб прамудрасці» накіравана на маральнае выхаванне асобы: тут пералічваецца больш за тры дзясяткі ўчынкаў, якіх чалавеку належыць пазбягаць (паклёп, абраза, асуджэнне, сваркі, бойкі, злыя намеры, кража, чарадзейства і інш.). А ў «Слове аб тым, каб не забывалі настаўнікаў сваіх» асветнік звяртаў увагу на выключную ролю людзей, якія дапамагаюць іншым стаць лепшымі, і падкрэсліваў, што ўдзячныя вучні трымаюць імёны настаўнікаў у сэрцы, душы і розуме.