§ 6. Вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных
Практыкаванне № 61
Прачытайце верш. Які настрой трэба перадаць пры яго чытанні? Паразважайце, у чым заключаецца пранікнёнасць і сіла паэтычнага слова. Зрабіце вусны арфаэпічны разбор выдзеленых слоў.
Я не ганю* землі чужыя, —
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карце´ла* — сляза закіпала,
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк...
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына слова
І буслова над хатай жытло?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць...
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
Г. Бураўкін.
Растлумачце правапіс часціц не і ні ў тэксце. Узгадайце правілы напісання гэтых часціц з рознымі часцінамі мовы. Прывядзіце прыклады.