Печатать книгуПечатать книгу

§ 6. Вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 6. Вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 07:59

Правіла

Арфаэпічныя нормы вызначаюць узорнае вымаўленне галосных і зычных гукаў і іх спалучэнняў у літаратурнай мове.

Асноўныя нормы вымаўлення галосных гукаў

  1. Аканне — вымаўленне гука [а] замест [о], [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных у ненаціскных складах: шэпт — шаптаць, жэмчуг жамчужына.
    Аканне назіраецца ў тым ліку ў запазычаных назоўніках, што заканчваюцца на -аль, -ар (шніцаль, камп’ютар), аднак ва ўласных назоўніках захоўваецца [э]: Потэр, Юпітэр.
    У даўно запазычаных словах на месцы [э] вымаўляецца і пішацца ы: цырымонія, інжынер, канцылярыя.
    Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, лоякія чаргуюцца з ры, лы: кроў — крывяносны, глотка — глыток

  2. Яканне — вымаўленне [о], [э] пасля мяккіх зычных як [а] ў першым складзе перад націскам (на пісьме абазначаецца літарай я): цёмны — цямнець, сем — сямнаццаць.
    У запазычаных словах і пасля г, к, х яканне адсутнічае: метро, легенда, геральдыкакефір.
    Даўно запазычаныя словы падпарадкоўваюцца яканню: каляндар, сяржант.


    Часціца не, прыназоўнік без, калі стаяць перад словам з націскам на першым складзе, падпарадкоўваюцца ў вымаўленні закону якання: без кветак , не будзе , безхлеба .

  3. Вымаўленне галосных [і], [ы], [у] залежыць ад становішча ў слове:
  • пасля галоснага, а таксама пасля зычнага пры раздзельным вымаўленні да гука [і] далучаецца [й]: ;
  • у пачатку слова, калі папярэдняе слова заканчвецца нагалосны, замест [і] можа вымаўляцца [й] або [йі]: падысці [дайва´на], сястра[й] брат, яркая [йі´]скра; 
  • пасля цвёрдых зычных (апрача [г], [к], [х]) на стыку прыстаўкі і кораня, частак складаных слоў або двух самастойных слоў пры іх злітным вымаўленні замест [і] гучыць [ы]: пед[ы]нстытут, сын [ы] брат (але: Віцебск [і] Полацк, смех [і] грэх);
  • ненаціскны галосны [у] пасля галоснага перад зычным у вымаўленні заўсёды замяняецца на [ў]: каля [ў]шач, да [ў]ладзіміра;
  • націскны [і] вымаўляецца як [йі] ў пачатку слова (з ім [з’йім]), пасля галоснага (краіна [крайі´на]), пасля апострафа (аб’інелы [абйін’элы]), мяккага знака (Ільіч [іл’йі´ч]), пасля ў (салаўі [салаўйі´]).

Практыкаванне № 51

Прачытайце наступныя спалучэнні згодна з правіламі літаратурнага вы­маўлення. Патлумачце гэтыя правілы.

З Італіі, Гродна і Віцебск, Віцебск і Мінск, прыгожае імя, пры іх, нехта іншы, кніга і аловак, ён ідзе, яна ідзе, у сям’і, ён і яна, мама ішла.

Практыкаванне № 52

Запішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Прачытайце словы ўголас. Якія правілы вымаўлення ілюструюцца падабранымі прыкладамі?

Ап..рэдзіць, ап..льсін, ап..ляцыя*, ап..кун, в..чэраць, в..чарэ´ць, в..чарына, вет..ран, вес..лейшы, в..с..луха, в..сёлка, г..раізм, г..ограф, дз..лавы, дз..вятка, дз..вочы, д..манстрацыя, зб..нтэжыцца, зв..ртацца.

Практыкаванне № 53

Прачытайце табліцу. З яе дапамогай раскажыце пра вымаўленне зычных, іх спалучэнняў у беларускай мове.

Практыкаванне № 54

Прачытайце. Зрабіце фанетычны запіс прапанаваных слоў.

Аб’інець, адказаць, барацьба, вераб’іны, выязджаць, грузчык, дакладчык, джынсы, дзвесце, дождж, жаніцьба, загадчык, збожжа, змешаны, ідзе, іскра, іхні, Навагрудчына, надвор’е, паснедаць, пос­пехі, просьба, разнесці, світаць, смелы, снег, спартзал, сшытак, сям’я, хаваешся, хвалюешся, цвёрды, чацвер, экзаменатар.

Назавіце агульнае і адрознае ў значэнні і паходжанні слоў арфаэпія і арфаг­рафія.
Выканайце інтэрактыўнае заданне па тэме «Асіміляцыя зычных гукаў».

Практыкаванне № 55

Прачытайце прыказкі. Выпішыце словы (спалучэнні слоў), у якіх вы­маўленне не супадае з напісаннем. Карыстайцеся арфаэпічным слоўнікам беларус­кай мовы. Зрабіце фанетычны запіс слоў.

У з о р: не зловіш — [н’азло´в’іш].

1. Трэба розумам надтачыць, дзе сіла не возь­ме. 2. Ідучы па кладачцы, на бакі не глядзі. 3. Ідзі з лю­дзьмі, то не згубішся. 4. Не смейся з людзей — смейся з сябе ці са сваіх дзяцей. 5. Не бойся звяглівага, а бойся куслівага. 6. Санлівага не дабудзішся, лянівага не дашлешся і не дажджэшся. 7. Пусці свінню пагрэцца, то і самому не будзе дзе дзецца. 8. Без хлеба яда — да парога хада.

Запішыце па памяці 4-5 прыказак, вусна растлумачце іх сэнс.

Практыкаванне № 56

Прачытайце. Сфармулюйце і сцісла запішыце асноўную думку кожнай часткі тэксту, а потым перакажыце яго.

Правільнае вымаўленне — істотны кампанент паняцця «культура вуснага маўлення». Існуюць адзіныя, абавязковыя для ўсіх носьбітаўф мовы нормы літаратурнага вымаўлення, якія, аднак, нярэдка парушаюцца па розных прычынах.

Першая з іх — захаванне ў вымаўленні дыялектных рыс роднай гаворкі. У мастацкіх творах пісьменнікі нярэдка абгрунтавана выкарыстоўваюць такія фанетычныя дыялектызмы для маўленчай характарыстыкі персанажаў. Напрыклад, у рамане І. Мележа «Людзі на балоце» чытаем: Ціхо ты, ціхо, Ганначко! Корч ездзіў у мясцечко па дохтара.

Другой прычынай парушэння арфаэпічных норм, на думку лінг­віста А. Падлужнага, «з’яўляецца двухмоўнаясл сітуацыя, пры якой адзін і той жа чалавек карыстаецца то рускай, то беларускай мовай. Пры слаба выпрацаваных навыках вымаўлення звычайна парушаюцца арфаэпічныя правілы як той, так і другой мовы».

Так, пад уплывам рускай мовы магчыма не зусім цвёрдае вы­маўленне [ч] ([ч’алав’э´к], [ч’і´сты]), вымаўленне гука [в] на месцы [ў] ([наста´вн’ік],
[навра´], [пра´вда]), дж вымаўляецца як спалучэнне гукаў або як [ж] ([дажджы´], [джа´ла]), часам вымаўляецца паўмяккі [р’] ([р’аб’і´на], [ар’а´ц’]).

Трэцяя прычына памылак у вымаўленні — уплыў арфаграфіі. Іншы раз вымаўляюць словы так, як прывыклі іх пісаць: [адкус’і´ц’], [ву´чышс’а] замест [аткус’і´ц’], [ву´чыс’а] (Паводле І. Лепешава).

Растлумачце пастаноўку працяжніка ў сказах.
 Падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Чаму трэба захоўваць арфа­эпічныя нормы?».

Практыкаванне № 57

Прачытайце. Сфармулюйце і запішыце асноўную думку тэксту. Раскажыце, якія арфаэпічныя нормы адлюстроўваюць выдзеленыя словы.

Не так даўно надта вядомы сталічны хлебны магазін атрымаў но­вае найменне. Цяпер ён мае назву «Каравай». Але не назва мяне за­цікавіла, а падслуханы ля ка´сы дыялог.

— Мне «Старажытны», — кажа адзін.

— А мне «Траецкі», — просіць другі.

— А мне «Чабаровы», — гаворыць трэці.

А ёсць яшчэ хлеб «Беларускі», «Нарачанскі», «Раўбіцкі»... І гэтакі водар ідзе ад назваў! Слухаючы, як вымаўляюцца ля касы назвы розных гатункаў хлеба, падумаў: вось і нікога змушаць не трэба. У хлебнай краме ўсе гавораць па-беларуску. Само жыццё вымагае гэта рабіць.

Хай сабе хлебная крама «Каравай» яшчэ не моўны аазіс, але прыемна, што тут цэлы дзень, няспынна, ні на хвілінку не заціхаючы, гучаць родныя назвы. Хлеб і слова павінны быць побач. Абодва яны — вытокі нашага жыцця (Паводле У. Содаля).


Выпішыце з тэксту сінонімы. Карыстаючыся слоўнікам, запішыце сінанімічныя рады да слоў назва, гаварыць, родныя (словы), вытокі.
• Выпішыце складаны сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Якія цікавыя беларускамоўныя назвы для новых гатункаў хлеба (цукерак, печыва) вы можаце прапанаваць?

Практыкаванне № 58

З дапамогай схем раскажыце правілы вымаўлення спалучэнняў зычных. Пе­радайце фанетычныя запісы слоў у адпаведнасці з арфаграфічнымі нормамі беларускай мовы.

Практыкаванне № 59

Прачытайце верш А. Пісьмянкова, прысвечаны малой радзіме. Ці кранае* ён чытача? Чым? Чаму менавіта такую будову твора абраў паэт? Чаму тэкст заканчваецца шматкроп’ем?

Бялынкавічы
Малюю —
Мілую 
Радзіму малую:
Закутую* рэчку,
Лясное мястэчка.
Малюю старанна 
Сярэбраны ранак,
Сасоннік, алешнік, 
Рабіну, канешне ж,
З адвечнай самотай
На сінім сумёце*.
Вось дом
Пад бярозай,
Вось дым
На марозе,
Вось след
Каля брамы*:
МАМА...

 Раскажыце аднакласнікам пра дарагія вашаму сэрцу мясціны.
Слухаючы і ацэньваючы расказы аднакласнікаў, звяртайце ўвагу як на змест, будову выступленняў, так і на адпаведнасць маўлення акцэнталагічным, арфаэпічным нормам, магчымыя іх парушэнні (напрыклад, парушэнне закону якання пры вымаўленні часціцы не і прыназоўніка без, парушэнні ў вымаўленні галос­-
ных [у], [ і ], фрыкатыўнага [г] і выбухнога [ѓ], свісцячых зычных перад мяккімі і інш.).

Практыкаванне № 60

Прачытайце. З дапамогай тэксту пісьмова адкажыце на пытанне, заключанае ў назве. Якімі электроннымі перакладчыкамі вы карыстаецеся?

Якія плюсы і мінусы маюць электронныя перакладчыкі?

«Вясёлага эфіру!» — нібыта пажадаў карыстальнікам са сферы СМІ стваральнік «Белазара», электроннага перакладчыка з рускай мовы на беларускую. Прадбачым каментарыі некаторых журналістаў: «Эканоміць час, якога заўсёды нестае, і, здаецца, па-беларуску разу­мее няблага». Спрачацца не станем. Плюсоў шмат.

Вядома, аднак, што нават самымі дасканалымі* вынаходствамі трэба карыстацца з розумам. Гэта можна сказаць і ў адносінах да электронных перакладчыкаў. Яны, дарэчы, ствараліся не для навучання мове з нуля, а для дапамогі ў працы тым, хто валодае ёю на дастаткова высокім узроўні. А што атрымліваецца ў жыцці? Часам з-за нежадання гартаць кнігі электронны перакладчык становіцца найлепшым «сябрам» дылетантаў*. І ў выніку Папа Рымскі аказваецца Татам, а бялкі становяцца вавёркамі... Сэнс выказвання скажаецца, з’яўляюцца недарэчныя канструкцыі.

Увогуле, пры карыстанні электроннымі памочнікамі чалавек, давяраючы ім, губляе пільнасць і ўласны стыль. Таму прафесіяналы звычайна перакладаюць самастойна, каб узбагачаць, развіваць сваё моўнае майстэрства.

Электронныя перакладчыкі не заўсёды і не для ўсіх добрыя дарадцы. Таму, хто ведае мову, яны сапраўды эканомяць час. Асабліва калі патрэбна перакласці афіцыйную інфармацыю. Але машына... можа ўвесці ў зман. Не падыходзіць яна і для перакладу мастацкай літаратуры, таму што можа змяніцца сэнс, страціцца каларыт (В. Бандаровіч).

Зрабіце арфаэпічны разбор выдзеленых слоў: назавіце асаблівасці літара­турнага вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў, праверце правільнасць вымаўлення і пастаноўкі націску па слоўніку. Адлюструйце асаблівасці вымаўлення праз фанетычны запіс (напрыклад: дождж — до[шч]).
Растлумачце, у чым заключаецца розніца паміж фанетычным і арфаэпічным разборамі слова.
• Назавіце сказы з пабочнымі словамі. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго з та­кіх сказаў.

Практыкаванне № 61

Прачытайце верш. Які настрой трэба перадаць пры яго чытанні? Па­раз­важайце, у чым заключаецца пранікнёнасць і сіла паэтычнага слова. Зрабіце вус­ны арфаэпічны разбор выдзеленых слоў.

Я не ганю* землі чужыя, —
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карце´ла* — сляза закіпала,
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк...
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына слова
І буслова над хатай жытло?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць...
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
                                          Г. Бураўкін.

Растлумачце правапіс часціц не і ні ў тэксце. Узгадайце правілы напісання гэтых часціц з рознымі часцінамі мовы. Прывядзіце прыклады.

Практыкаванне № 62

 Вы цікавы чалавек? Тады раскажыце пра сябе. Падрыхтуйце невялікае вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм: «Свет маіх захапленняў», «Кнігі майго дзяцінства», «Хачу сказаць “дзякуй”...», «Чалавек, якому я да­вяраю».