§ 6. Вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных

Практыкаванне № 60

Прачытайце. З дапамогай тэксту пісьмова адкажыце на пытанне, заключанае ў назве. Якімі электроннымі перакладчыкамі вы карыстаецеся?

Якія плюсы і мінусы маюць электронныя перакладчыкі?

«Вясёлага эфіру!» — нібыта пажадаў карыстальнікам са сферы СМІ стваральнік «Белазара», электроннага перакладчыка з рускай мовы на беларускую. Прадбачым каментарыі некаторых журналістаў: «Эканоміць час, якога заўсёды нестае, і, здаецца, па-беларуску разу­мее няблага». Спрачацца не станем. Плюсоў шмат.

Вядома, аднак, што нават самымі дасканалымі* вынаходствамі трэба карыстацца з розумам. Гэта можна сказаць і ў адносінах да электронных перакладчыкаў. Яны, дарэчы, ствараліся не для навучання мове з нуля, а для дапамогі ў працы тым, хто валодае ёю на дастаткова высокім узроўні. А што атрымліваецца ў жыцці? Часам з-за нежадання гартаць кнігі электронны перакладчык становіцца найлепшым «сябрам» дылетантаў*. І ў выніку Папа Рымскі аказваецца Татам, а бялкі становяцца вавёркамі... Сэнс выказвання скажаецца, з’яўляюцца недарэчныя канструкцыі.

Увогуле, пры карыстанні электроннымі памочнікамі чалавек, давяраючы ім, губляе пільнасць і ўласны стыль. Таму прафесіяналы звычайна перакладаюць самастойна, каб узбагачаць, развіваць сваё моўнае майстэрства.

Электронныя перакладчыкі не заўсёды і не для ўсіх добрыя дарадцы. Таму, хто ведае мову, яны сапраўды эканомяць час. Асабліва калі патрэбна перакласці афіцыйную інфармацыю. Але машына... можа ўвесці ў зман. Не падыходзіць яна і для перакладу мастацкай літаратуры, таму што можа змяніцца сэнс, страціцца каларыт (В. Бандаровіч).

Зрабіце арфаэпічны разбор выдзеленых слоў: назавіце асаблівасці літара­турнага вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў, праверце правільнасць вымаўлення і пастаноўкі націску па слоўніку. Адлюструйце асаблівасці вымаўлення праз фанетычны запіс (напрыклад: дождж — до[шч]).
Растлумачце, у чым заключаецца розніца паміж фанетычным і арфаэпічным разборамі слова.
• Назавіце сказы з пабочнымі словамі. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго з та­кіх сказаў.