§ 6. Вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных

Практыкаванне № 59

Прачытайце верш А. Пісьмянкова, прысвечаны малой радзіме. Ці кранае* ён чытача? Чым? Чаму менавіта такую будову твора абраў паэт? Чаму тэкст заканчваецца шматкроп’ем?

Бялынкавічы
Малюю —
Мілую 
Радзіму малую:
Закутую* рэчку,
Лясное мястэчка.
Малюю старанна 
Сярэбраны ранак,
Сасоннік, алешнік, 
Рабіну, канешне ж,
З адвечнай самотай
На сінім сумёце*.
Вось дом
Пад бярозай,
Вось дым
На марозе,
Вось след
Каля брамы*:
МАМА...

 Раскажыце аднакласнікам пра дарагія вашаму сэрцу мясціны.
Слухаючы і ацэньваючы расказы аднакласнікаў, звяртайце ўвагу як на змест, будову выступленняў, так і на адпаведнасць маўлення акцэнталагічным, арфаэпічным нормам, магчымыя іх парушэнні (напрыклад, парушэнне закону якання пры вымаўленні часціцы не і прыназоўніка без, парушэнні ў вымаўленні галос­-
ных [у], [ і ], фрыкатыўнага [г] і выбухнога [ѓ], свісцячых зычных перад мяккімі і інш.).