§ 6. Вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных

Практыкаванне № 57

Прачытайце. Сфармулюйце і запішыце асноўную думку тэксту. Раскажыце, якія арфаэпічныя нормы адлюстроўваюць выдзеленыя словы.

Не так даўно надта вядомы сталічны хлебны магазін атрымаў но­вае найменне. Цяпер ён мае назву «Каравай». Але не назва мяне за­цікавіла, а падслуханы ля ка´сы дыялог.

— Мне «Старажытны», — кажа адзін.

— А мне «Траецкі», — просіць другі.

— А мне «Чабаровы», — гаворыць трэці.

А ёсць яшчэ хлеб «Беларускі», «Нарачанскі», «Раўбіцкі»... І гэтакі водар ідзе ад назваў! Слухаючы, як вымаўляюцца ля касы назвы розных гатункаў хлеба, падумаў: вось і нікога змушаць не трэба. У хлебнай краме ўсе гавораць па-беларуску. Само жыццё вымагае гэта рабіць.

Хай сабе хлебная крама «Каравай» яшчэ не моўны аазіс, але прыемна, што тут цэлы дзень, няспынна, ні на хвілінку не заціхаючы, гучаць родныя назвы. Хлеб і слова павінны быць побач. Абодва яны — вытокі нашага жыцця (Паводле У. Содаля).


Выпішыце з тэксту сінонімы. Карыстаючыся слоўнікам, запішыце сінанімічныя рады да слоў назва, гаварыць, родныя (словы), вытокі.
• Выпішыце складаны сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Якія цікавыя беларускамоўныя назвы для новых гатункаў хлеба (цукерак, печыва) вы можаце прапанаваць?