§ 2-1. Маўленне як працэс маўленчых зносін. Маўленчая сітуацыя і яе кампаненты

Практыкаванне 12-4

 Прачытайце тэкст. Вусна перакажыце яго.

Людзі маюць бясспрэчную перавагу перад іншымі формамі жыцця: яны ўмеюць уступаць у маўленчыя зносіны адно з адным.

Выдзяляюць дзве групы спосабаў, якімі можа ажыццяўляцца ўзаемадзеянне паміж людзьмі: вербальныя і невербальныя сродкі маўленчых зносін.

Вербальныя зносіны ажыццяўляюцца з дапамогай слоў у працэсе маўлення. Мець зносіны мы можам з дапамогай пісьмовага або вуснага маўлення. І вуснае, і пісьмовае маўленне з’яўляюцца рэалізацыяй мовы сродкамі пэўных знакавых сістэм.

Невербальныя зносіны ажыццяўляюцца без выкарыстання слоў (перадача інфармацыі або ўплыў адзін на аднаго праз вобразы, інтанацыі, жэсты, міміку і г. д.). Яны маюць адносіны толькі да вуснай формы маўленчых зносін. Паколькі знешняе невербальнае выказванне эмоцый і пачуццяў, выкананае целам, таксама з’яўляецца пэўным наборам сімвалаў і знакаў, яго нярэдка называюць «мовай цела».

Істотнае значэнне мае ўраўнаважванне ў маўленні вербальных і невербальных сродкаў зносін. Калі чалавек гаворыць безэмацыянальна і манатонна, яго маўленне хутка стамляе. І наадварот, калі чалавек актыўна жэстыкулюе, часта ўстаўляе выклічнікі і толькі зрэдку гаворыць словы, гэта можа перагружаць успрыманне суразмоўцы і адштурхнуць яго ад такога экспрэсіўнага партнёра па зносінах (Паводле «Энцыклапедыі развіцця» www.wikigrowth.ru).

Чаму маўленчыя зносіны лічацца адной з галоўных форм сацыяльнай актыўнасці чалавека?
У чым спецыфіка вербальных і невербальных зносін? Чаму істотнае значэнне мае іх ураўнаважанне?
 Раскрыйце сэнс выразу мова цела.
Да якога віду зносін (вербальныя ці невербальныя) адносяцца азбука Морзэ, мова глухіх і людзей, якія слаба чуюць, рухі рэгуліроўшчыка на скрыжаванні, апладысменты ў тэатры? Прывядзіце ўласныя прыклады такіх зносін.
Ці можна сказаць, што выкарыстанне мовы жэстаў абмежаванае? Чаму?