Печатать книгуПечатать книгу

§ 2-1. Маўленне як працэс маўленчых зносін. Маўленчая сітуацыя і яе кампаненты

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 2-1. Маўленне як працэс маўленчых зносін. Маўленчая сітуацыя і яе кампаненты
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 18:38

Практыкаванне 11

Прачытайце тэкст. Раскажыце, чым адрозніваюцца мова і маўленне.

Мова — асноўны сродак перадачы інфармацыі паміж людзьмі. Не можа быць маўлення па-за мовай, без мовы. Мова — гэта сістэ­ма сродкаў зносін, сістэма лек­січных і граматычных форм, іх змя­ненняў і спалучэнняў, якая гістарычна склалася ў асобнага народа ці народнасці.

Маўленне — гэта працэс выкарыстання моўных сродкаў у камуні­кацыі. Яно існуе ў дзвюх формах: вуснай і пісьмовай. Калі чалавек гаворыць або слухае, ён карыстаецца вусным маўленнем, калі піша або чытае — пісьмовым. У залежнасці ад таго, распавядае чалавек сам або ўспрымае інфармацыю, маўленне таксама падзяляецца на прадук­тыўнае (гаварэнне, пісьмо) і непрадуктыўнае (слуханне, чытанне).

Мова і маўленне адзіныя ў тым, што перадаюць два бакі адной і той самай з’явы — зносін людзей. Аднак, адчуваючы патрэбнасць у абмене думкамі з іншымі, чалавек выкарыстоўвае тую ці іншую мову, якая належыць яго народу. Мова — гэта заўсёды прадукт народа, яго гісторыі. Маўленне ўяўляе сабой практычнае выкарыстанне людзьмі мовы.

Практыкаванне12

 З апорай на схему падрыхтуйце вуснае паведамленне на тэму «Сітуацыя маўлення». Раскажыце, як мяняецца змест выказвання ў залежнасці ад абставін, у якіх яно ствараецца.

Практыкаванне 12-1

Прачытайце тэксты. Ахарактарызуйце сітуацыю маўлення, у якой яны маглі быць створаны.

І. Паважаны Мартынаў І. Р.

Паведамляем, што на Ваша імя накладным плацяжом паступіла выданне «Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік».

Кнігу можна атрымаць у паштовым аддзяленні №2 г. Маладзечна з 9.00 да 16.00 штодзённа, акрамя нядзелі, па адрасе: г. Маладзечна, вул. Вялікі Гасцінец, 134 а.

ІІ. Аднойчы пасварыліся дзед і баба і перасталі размаўляць адно з адным. Але доўга не вытрымалі. Першай пачала баба:

— Стары, ці ты ўчора чхнуў?

— А што? — панура адказаў ён.

— То будзь здароў! — ласкава кажа старая.

— Дзякую.

Гэтак і памірыліся.

Назавіце ў тэксце ІІ словы, якія набылі ў кантэксце значэнне іншай часціны мовы.

Звярніце ўвагу!

Ці могуць адбыцца маўленчыя зносіны, калі чалавек адзін? Колькі трэба людзей, каб такія зносіны адбыліся? Каго з іх называюць адрасантам, а каго — адрасатам?
Ці могуць адбыцца маўленчыя зносіны паміж людзьмі, якія карыстаюцца рознымі мовамі?
Ці могуць адбыцца маўленчыя зносіны паміж людзьмі, калі ім няма пра што гаварыць або калі ў іх няма жадання гаварыць?

Паслухаем мовазнаўцаў

Працэс переданы інфармацыі сродкамі мовы атрымаў назву камунікацыя (ад лац. communikatio — перадача), а сукупнасць усіх сродкаў, прызначаыых для зносін, называецца сродкамі, або сістэмамі, камунікацыі.

Усе сродкі (сістэмы) камунікацыі ўмоўна можна падзяліць на дзве трупы: сродкі масавай камунікацыі (радыё, тэлебачанне, друк і інш.) і сродкі камунікацыі паміж асобамі (тэлефон, тэлеграф, перапіска, гутарка і інш.) (Паводле М. Абабуркі).

Да якіх сродкаў камунікацыі можна аднесці інтэрнэт? Чаму?

Практыкаванне 12-2

Прачытайце дыялог з аўцюкоўскіх жартаў, запісаных У. Ліпскім. Ці можна назваць эфектыўнымі прыведзеныя маўленчыя зносіны, нягледзячы на захаванне ўмоў іх ажыццяўлення і наяўнасць маўленчай сітуацыі?

Глухая кума

— Добры дзень, кума!

— Я ў Калінкавічах була.

— Што, аглухла, кума?

— Хацела купіць рыбы, купіла парася.

— Бувай здарова, кума.

— Сто рублёў аддала…

Аўцюковец, які расказаў мне пра глухую куму, дадаў ад сябе:

— Калі не будзем, каласок, чуць адзін аднаго, то згінем і без Чарнобыля… (У. Ліпскі).

 У якіх значэннях ужываецца дзеяслоў чуць у гэтым жарце?
Назавіце дыялектныя словы, якія выкарыстаны ў дыялогу. Прывядзіце іх літаратурныя адпаведнікі. Запішыце словы парамі.

Практыкаванне 12-3

Прачытайце выразы. У якіх сітуацыях іх выкарыстоўваюць?

Сардэчна запрашаем! Заставайцеся здаровы! Будзьце здаровы! Хлеб-соль! Хлеб ды соль! Дзень добры! Добрай ночы! Дабранач. Смачна есці! Вельмі (шчыра) удзячны вам! Дзякую вам! Даруйце, калі ласка. Прабачце. Выбачайце. Няма за што! Калі ласка. Зрабіце ласку. Будзьце ласкавы.

 Выпішыце з прыведзеных выразаў тыя, якія можна выкарыстаць, калі мы просім прабачэння за нешта, і словы, якімі адказваюць на такую просьбу.

Практыкаванне 12-4

 Прачытайце тэкст. Вусна перакажыце яго.

Людзі маюць бясспрэчную перавагу перад іншымі формамі жыцця: яны ўмеюць уступаць у маўленчыя зносіны адно з адным.

Выдзяляюць дзве групы спосабаў, якімі можа ажыццяўляцца ўзаемадзеянне паміж людзьмі: вербальныя і невербальныя сродкі маўленчых зносін.

Вербальныя зносіны ажыццяўляюцца з дапамогай слоў у працэсе маўлення. Мець зносіны мы можам з дапамогай пісьмовага або вуснага маўлення. І вуснае, і пісьмовае маўленне з’яўляюцца рэалізацыяй мовы сродкамі пэўных знакавых сістэм.

Невербальныя зносіны ажыццяўляюцца без выкарыстання слоў (перадача інфармацыі або ўплыў адзін на аднаго праз вобразы, інтанацыі, жэсты, міміку і г. д.). Яны маюць адносіны толькі да вуснай формы маўленчых зносін. Паколькі знешняе невербальнае выказванне эмоцый і пачуццяў, выкананае целам, таксама з’яўляецца пэўным наборам сімвалаў і знакаў, яго нярэдка называюць «мовай цела».

Істотнае значэнне мае ўраўнаважванне ў маўленні вербальных і невербальных сродкаў зносін. Калі чалавек гаворыць безэмацыянальна і манатонна, яго маўленне хутка стамляе. І наадварот, калі чалавек актыўна жэстыкулюе, часта ўстаўляе выклічнікі і толькі зрэдку гаворыць словы, гэта можа перагружаць успрыманне суразмоўцы і адштурхнуць яго ад такога экспрэсіўнага партнёра па зносінах (Паводле «Энцыклапедыі развіцця» www.wikigrowth.ru).

Чаму маўленчыя зносіны лічацца адной з галоўных форм сацыяльнай актыўнасці чалавека?
У чым спецыфіка вербальных і невербальных зносін? Чаму істотнае значэнне мае іх ураўнаважанне?
 Раскрыйце сэнс выразу мова цела.
Да якога віду зносін (вербальныя ці невербальныя) адносяцца азбука Морзэ, мова глухіх і людзей, якія слаба чуюць, рухі рэгуліроўшчыка на скрыжаванні, апладысменты ў тэатры? Прывядзіце ўласныя прыклады такіх зносін.
Ці можна сказаць, што выкарыстанне мовы жэстаў абмежаванае? Чаму?

Практыкаванне 13

 Папрацуйце ў групах.

1-я група: вам даручылі выступіць на інфармацыйнай гадзіне на тэму «Прафілактыка камп’ютарнай залежнасці». Раскажыце пра магчымыя спосабы прафілактыкі камп’ютарнай залежнасці ў навучэнцаў.

2-я група: уявіце, што ваш малодшы брат (сястра) ці сябар (сяб­роўка) шмат часу праводзіць за камп’ютарнымі гульнямі. Паспрабуйце пераканаць іх у тым, што ёсць заняткi больш цiкавыя, чым гульнi.

Абгрунтуйце думку, што змест, форма нашых паведамленняў і моўныя срод­кі, якія ў іх выкарыстоўваюцца, залежаць ад сітуацыі маўлення (дзе, з кім і з якой мэтай мы гаворым).