§ 2-1. Маўленне як працэс маўленчых зносін. Маўленчая сітуацыя і яе кампаненты

Практыкаванне 12-2

Прачытайце дыялог з аўцюкоўскіх жартаў, запісаных У. Ліпскім. Ці можна назваць эфектыўнымі прыведзеныя маўленчыя зносіны, нягледзячы на захаванне ўмоў іх ажыццяўлення і наяўнасць маўленчай сітуацыі?

Глухая кума

— Добры дзень, кума!

— Я ў Калінкавічах була.

— Што, аглухла, кума?

— Хацела купіць рыбы, купіла парася.

— Бувай здарова, кума.

— Сто рублёў аддала…

Аўцюковец, які расказаў мне пра глухую куму, дадаў ад сябе:

— Калі не будзем, каласок, чуць адзін аднаго, то згінем і без Чарнобыля… (У. Ліпскі).

 У якіх значэннях ужываецца дзеяслоў чуць у гэтым жарце?
Назавіце дыялектныя словы, якія выкарыстаны ў дыялогу. Прывядзіце іх літаратурныя адпаведнікі. Запішыце словы парамі.