§ 2-1. Маўленне як працэс маўленчых зносін. Маўленчая сітуацыя і яе кампаненты
Практыкаванне 11
Прачытайце тэкст. Раскажыце, чым адрозніваюцца мова і маўленне.
Мова — асноўны сродак перадачы інфармацыі паміж людзьмі. Не можа быць маўлення па-за мовай, без мовы. Мова — гэта сістэма сродкаў зносін, сістэма лексічных і граматычных форм, іх змяненняў і спалучэнняў, якая гістарычна склалася ў асобнага народа ці народнасці.
Маўленне — гэта працэс выкарыстання моўных сродкаў у камунікацыі. Яно існуе ў дзвюх формах: вуснай і пісьмовай. Калі чалавек гаворыць або слухае, ён карыстаецца вусным маўленнем, калі піша або чытае — пісьмовым. У залежнасці ад таго, распавядае чалавек сам або ўспрымае інфармацыю, маўленне таксама падзяляецца на прадуктыўнае (гаварэнне, пісьмо) і непрадуктыўнае (слуханне, чытанне).
Мова і маўленне адзіныя ў тым, што перадаюць два бакі адной і той самай з’явы — зносін людзей. Аднак, адчуваючы патрэбнасць у абмене думкамі з іншымі, чалавек выкарыстоўвае тую ці іншую мову, якая належыць яго народу. Мова — гэта заўсёды прадукт народа, яго гісторыі. Маўленне ўяўляе сабой практычнае выкарыстанне людзьмі мовы.