Абагульняльныя пытанні і заданні

Да тэмы 3. Цывілізацыі Азіі, Афрыкі і Амерыкі

1. Назавіце дзяржавы, якія існавалі ў Сярэднявеччы ў Азіі, Афрыцы і Амерыцы. Пакажыце іх на карце, суаднясіце час іх існавання з перыядамі Сярэднявечча.

2. Ахарактарызуйце развіццё цывілізацый Азіі, Афрыкі і Амерыкі перыяду Сярэднявечча па плане: а) палітычнае развіццё, б) сацыяльна-эканамічнае развіццё, в) культурнае развіццё.

3. Складзіце ў сшытку схему (ментальную карту, гекс) «Формы кіравання ў перыяд Сярэднявечча», адлюстраваўшы ў ёй асаблівасці дзяржаўнага ладу еўрапейскіх краін, славянскіх дзяржаў, краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі.

4. Ахарактарызуйце развіццё адной з дзяржаў эпохі Сярэднявечча ў адпаведнасці з планам: а) палітыка, б) сацыяльна-­эканамічнае развіццё, в) культура.

5. Выдзеліце і згрупуйце характэрныя рысы гісторыі Сярэднявечча.

6. Складзіце тэзісны план па тэме «Дасягненні культуры цывілізацый Азіі ў перыяд Сярэднявечча».

7. Назавіце выбітных дзеячаў краін Азіі перыяду Сярэднявечча, якія лічацца знакавымі фігурамі: а) палітыкі; б) навукі; в) культуры. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі падрыхтуйце прэзентацыю пра аднаго з іх і прадстаўце яе класу ў выглядзе аўтабіяграфіі, буклета, рэзюмэ, флаера, інфаграфікі, водгука сучасніка і г. д. (абярыце адзін найбольш цікавы для вас варыянт).

8. Падрыхтуйце для аднакласнікаў віртуальную экскурсію па адным з сярэднявечных гарадоў Азіі, Афрыкі ці Амерыкі. Прадстаўце сваю работу ў любым зручным для вас фармаце.

9. Якія з’явы ў жыцці сярэднявечных грамадстваў сведчылі аб культурным развіцці цывілізацый Захаду і Усходу?

10. Якія з дасягненняў Сярэднявечча дагэтуль маюць значэнне ў палітыцы, эканамічным жыцці, навуцы і культуры?

11. Вывучыце гістарычную крыніцу. Адкажыце на пытанні і выканайце заданні да яе.

Нататкі янычара, ХV ст.

Парадак і кіраванне ў Турэцкай зямлі найперш грунтуюцца на тым, што султан усе замкі ва ўсіх сваіх землях, заняўшы іх янычарамі або сваімі выхаванцамі, моцна трымае ў сваёй руцэ, ніякага замка ніводнаму з вяльможаў не аддаючы; і той горад, які мае ўмацаванні і замак у ім, султан, заняўшы сваімі людзьмі, таксама трымае сам.

Калі здараецца, што яны [туркі] уварвуцца ў якую-небудзь зямлю і захопяць палонных, то султанскі пісар ідзе следам за імі, і колькі ёсць хлопчыкаў, усіх іх ён бярэ ў янычары і за кожнага дае пяць залатых, а іх пасылаюць за мора.

…Хрысціян туркі называюць гяуры, і султан ведае колькасць усіх, хто знаходзіцца пад уладай туркаў, і колькі іх у кожнай зямлі. Султану плацяць даніну кожны год з кожнай хрысціянскай галавы 40 аспараў, што складае адзін залаты; за год султан атрымлівае гэтай даніны некалькі соцень тысяч. А калі хто можа зарабіць грошы, той дае [султану] яшчэ адзін залаты ў год, выключаючы дзяцей і жанчын; і ўсё гэта, не ўлічваючы іншых даходаў, якія паступаюць да яго [султана] у яго казну з мора, з зямлі і з сярэбраных гор. Хрысціяне ж даюць сваім панам, пад якімі яны знаходзяцца і якіх называюць тымарэрлер, палову султанскай даніны і да таго ж з дзясятак галоў усякай жывёлы або зерне. Работы ж ніякай яны ні на султана, ні на свайго пана не выконваюць і не паступаюць на службу. Хрысціяне, якія знаходзяцца пад уладай султана, павінны паставіць дзясяткі тысяч уючных жывёл або коней, правіянт, аддаючы гэта сваімі рукамі, пасля чаго над імі валадараць па справядлівасці, не чынячы ім шкоды. Пад такім вось кіраваннем усе жывуць.

1. Выпішыце з тэксту дакумента ўсе незнаёмыя словы і дайце ім тлумачэнне. 2. Пра якую катэгорыю насельніцтва Асманскай імперыі ідзе гаворка ў дакуменце? 3. Якім было становішча названага насельніцтва ў Асманскай імперыі? Якія павіннасці яно несла і чаму? 4. З якой мэтай у армію турэцкага султана забіралі юнакоў з хрысціянскіх сем’яў? Чаму султан лічыў, што яны будуць адданыя яму?

12. Назавіце выдатных дзеячаў Сярэднявечча, якія лічацца знакавымі фігурамі: а) палітыкі; б) навукі; в) культуры. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі падрыхтуйце прэзентацыю пра аднаго з іх і прадстаўце яе класу ў выглядзе аўтабіяграфіі, буклета, рэзюмэ, флаера, інфаграфікі, водгуку сучасніка і г. д. (выберыце адзін прыдатны для вас варыянт).

13. Падрыхтуйце для аднакласнікаў віртуальную экскурсію па адным з сярэднявечных гарадоў Еўропы, Азіі, Афрыкі або Амерыкі. Прадстаўце сваю работу ў любым зручным для вас фармаце.