§ 18. Амерыка і Афрыка ў Сярэднявеччы

6. Сярэднявечныя дзяржавы Афрыкі

На самай поўначы афрыканскага кантынента дзяржаўныя ўтварэнні сталі ўзнікаць яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Найбольш вядомым з’яўляецца Старажытны Егіпет у даліне ракі Ніл. Пазней Рымская імперыя ўключыла ў свае межы ўсё міжземнаморскае ўзбярэжжа Афрыкі, стварыўшы там развітую земляробчую гаспадарку.

Аднак астатняя тэрыторыя Афрыкі была адрэзана шырокай цяжкапраходнай паласой пустыні Сахара. Людзі тут практычна не жылі, акрамя невялікіх качавых плямёнаў, перш за ўсё туарэгаў. Яны выжывалі за кошт жывёлагадоўлі і вырошчвання фінікавай пальмы ў рэдкіх аазісах.

Ва Усходняй Афрыцы на поўдзень ад пустынь яшчэ ў старажытнасці ўтварыліся невялікія раннія дзяржавы. У верхнім цячэнні ракі Ніл у ІІ ст. узнікла дзяржава Аксум. Тут пачало распаўсюджвацца хрысціянства. З ХІІ ст. у горнай мясцовасці сфарміравалася Эфіопская дзяржава, у якой хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй. Мясцовыя правіцелі здолелі збудаваць вялікае і стабільнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое спыніла рух арабаў-­мусульман у гэты рэгіён.

Затое мусульманскія гандляры і невялікія ваенныя атрады асвой­валі ўзбярэжжа Усходняй Афрыкі. Адсюль у ісламскія краіны вывозілі розныя тавары. Асаблівае месца займаў гандаль захопленымі рабамі. Самае буйное гандлёвае паселішча было заснавана на востраве Занзібар.

На поўдзень ад Сахары размяшчалася паласа саваннаў, дзе насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, якая дасягнула даволі высокага ўзроўню развіцця. У Заходняй Афрыцы было некалькі вялікіх рэк, напрыклад, рака Нігер. У іх далінах развівалася земляробства. Раннія дзяржавы тут сталі ўзнікаць досыць позна. Самымі вялікімі былі Гана, Малі і Сангай. У рэгіёне паступова распаўсюджваўся іслам, які пачалі падтрымліваць мясцовыя правіцелі. Цэнтральная Афрыка пакрыта джунглямі, але і тут у Сярэднявеччы з’явіліся першыя дзяржавы, хоць толькі ў ХІV–ХV стст. Гэта былі Конга, Луба, Лунда. На поўдзень ад трапічных лясоў узнікла ў ХІІ ст. толькі адно вялікае дзяржаўнае ўтварэнне — ​Манаматапа. Гандлёвыя адносіны з ім усталявалі арабскія гандляры з Занзібара.

Звычайна на чале дзяржаў Трапічнай Афрыкі знаходзіліся правіцель-­манарх і радавая знаць. Манарх меў армію, з дапамогай якой ваяваў з суседнімі плямёнамі і дзяржавамі за кантроль над гандлёвымі шляхамі. У заваяваныя вобласці правіцелі звычайна назначалі намеснікаў з военачальнікаў або сваякоў. У час вой­наў захоплівалі рабоў, якіх потым прадавалі. Гэта была важная крыніца даходу для правіцеляў.

Асноўная частка насельніцтва займалася земляробствам і жыла абшчынамі. Старэйшыны размяркоўвалі паміж абшчыннікамі зямлю, кіравалі іх працай. Тонкі ўрадлівы пласт глебы выключаў прымяненне плуга ў Трапічнай Афрыцы — ​зямлю апрацоўвалі матыкамі. Абшчыннікі аддавалі частку ўраджаю і рамесных вырабаў правіцелю або апрацоўвалі яго землі. У абшчынах выкарыстоўвалася праца рабоў з ліку палонных. Аднак рабства мела дамашні характар, нашчадкі рабоў звычайна станавіліся свабоднымі. Афрыканскія рамеснікі займаліся выплаўкай і апрацоўкай металаў, выраблялі тканіны, гліняны посуд, шкляныя рэчы.

Цывілізацыі Амерыкі і некаторыя цывілізацыі Афрыкі развіваліся ва ўмовах адсутнасці кантактаў з іншымі цывілізацыямі, у тым ліку еўрапейскімі, што абумовіла спецыфіку іх палітычнага, гаспадарчага, культурнага жыцця ў Сярэднія вякі. Пры гэтым яны значна адрозніваліся паміж сабой з прычыны рознасці геаграфічных умоў. Першымі да земляробчай гаспадаркі і дзяржаўнасці прыйшлі народы, якія пражывалі на поўначы Цэнтральнай Амерыкі. Земляробства было пераважна матычным. Альмекі першымі з народаў Цэнтральнай Амерыкі вынайшлі пісьменства, але яно не было расшыфравана, у адрозненне ад пісьменства майя. Моцныя гарады-­дзяржавы былі пабудаваны плямёнамі майя. У Цэнтральнай Мексіцы панаваў горад Тэатыўакан. Пазней у гэтым рэгіёне ацтэкі стварылі магутную дзяржаву. У Паўднёвай Амерыцы дзяржавы з’явіліся пазней. Самай моцнай з іх стала дзяржава інкаў.