Print bookPrint book

§ 18. Амерыка і Афрыка ў Сярэднявеччы

У чым унікальнасць гістарычнага развіцця сярэднявечных цывілізацый Амерыкі і Афрыкі?

Якія цывілізацыі склаліся ў Сярэднявеччы ў Амерыцы? Якія дасягненні амерыканскіх цывілізацый былі пераняты еўрапейцамі? Якія дзяржавы існавалі ў Трапічнай Афрыцы? Якімі былі сувязі гэтых дзяржаў з еўрапейцамі і арабамі? (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 18. Амерыка і Афрыка ў Сярэднявеччы
Printed by: Гость
Date: Friday, 17 May 2024, 4:42 AM

1. Геаграфічнае становішча і заняткі насельніцтва амерыканскага кантынента ў Сярэднія вякі

Цывілізацыі Амерыкі і некаторыя цывілізацыі Афрыкі, плямёны якіх знаходзіліся яшчэ на ўзроўні першабытнага грамадства, былі практычна поўнасцю ізаляваныя ад кантактаў з іншымі цывілізацыямі.

Амерыка — ​вялікі кантынент, які займае прастору ад самай поўначы да самага поўдня, адпаведна, там змяняюцца ўсе вядомыя геаграфічныя зоны. Народы ­крайняй поўначы Амерыкі займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Вялізныя лясныя і стэпавыя прасторы Паўночнай Амерыкі ў той час былі населены пераважна паляўнічымі і жывёлаводамі. Земляробства звычайна адыгрывала другарадную ролю, даючы магчымасць атрымліваць дадатковыя прадукты. Рэдкія плямёны ў гэтай зоне вялі гаспадарку з пераважаннем земляробства.

Поўнач Цэнтральнай Амерыкі ўяўляе сабой засушлівыя тэрыторыі, якія пераходзяць у густыя трапічныя лясы. Горныя раёны выходзяць да прыморскіх раўнін. Народы, якія тут жылі, найбольш рана перайшлі да цывілізацыі і складання дзяржаўных утварэнняў. Земляробства ў розных формах здаўна з’яўлялася тут асновай гаспадарчага жыцця.

На астравах Карыбскага мора і ў джунглях басейна Амазонкі людзі займаліся паляваннем і рыбалоўствам, роля земляробства была другараднай, у той час як на захадзе Паўднёвай Амерыкі ў адносна вузкай паласе паміж акіянам і Андскімі гарамі мясцовае насельніцтва даўно перайшло да земляробчай гаспадаркі. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі і земляробчыя абшчыны на андскіх пласкагор’ях і ў далінах. У Сярэднія вякі тут утвараліся шматлікія дзяржавы.

2. Земляробства ў Амерыцы і першыя дзяржавы.

У Цэнтральнай Амерыцы не ўзнікла пастаянных і стабільных цэнтраў цывілізацыі. Гэта было звязана з тым, што людзі тут жылі не ў далінах вялікіх рэк, якія дазвалялі весці высокапрадукцыйнае земляробства, а развівалі падсечна-­агнявое земляробства ў джунглях. Гэты тып земляробства вызначаўся працазатратнасцю, хуткім спусташэннем зямлі, патрабаваў пастаяннага пашырэння пасеваў, калі колькасць насельніцтва расла. Гэта быў экстэнсіўны тып земляробства.

У асноўным земляробства было матычным, толькі ў найбольш развітых раёнах у дадатак стваралі ірыгацыйныя сістэмы. Іншым разам практыкавалі арашэнне земляробчых тэрас. Важна зразумець, што земляробства ў Амерыцы развівалася незалежна ад земляробства ў Еўразіі. Важкім доказам гэтаму служыць тое, што ў Еўразіі і ў Амерыцы вырошчваліся зусім розныя культуры і розныя мясцовыя іх сарты. Гэта значыць, чалавек выкарыстоўваў для сваіх патрэб магчымасці мясцовай флоры. У Амерыцы вырошчвалі кукурузу, бульбу, фасолю, памідоры, тытунь, мясцовыя гатункі перцу, бобу, гарбузоў, пшаніцы, ячменю. Сёння гэтыя расліны здаюцца нам звыклымі, аднак у Сярэднія вякі яны не былі вядомыя еўрапейцам. Амерыканскія цывілізацыі практычна не ведалі жывёлагадоўлі, адзінай свой­скай жывёлай у іх была лама. Мясны рацыён быў даволі бедны. Не ведалі жыхары Амерыкі і кола. Прадстаўнікам сярэднявечных амерыканскіх цывілізацый зусім не было вядомае жалеза, але яны ўмелі апрацоўваць золата, серабро, медзь, вырабляць тканіны з бавоўны.

3. Дзяржавы Цэнтральнай Амерыкі ў Сярэднявеччы

Каля 200 г. у Цэнтральнай Амерыцы плямёны майя стварылі моцныя гарады-­дзяржавы. Да іх адносяцца гарады Чычэн-­Іца, Ушмаль, Капан. Яны ніколі не аб’ядноўваліся ў цэласнае дзяржаўнае ўтварэнне, тым не менш на доўгі час усталявалася гегемонія (найгалоўнейшае становішча) майя ў рэгіёне.

Майя стваралі гарады з вялікай колькасцю мураваных будынкаў і разгалінаванай сістэмай водазабеспячэння. Развітое матычнае земляробства дазваляла карміць шматлікае насельніцтва. Майя стварылі ўласнае пісьменства і распрацавалі сваю складаную каляндарную сістэму. Гэта ставіць іх у адзін шэраг з вялікімі сусветнымі цывілізацыямі.

Гарады-­дзяржавы майя нярэдка вялі паміж сабой жорсткія міжусобныя вой­ны. Часам той ці іншы горад атрымліваў перамогу. Але ніхто так і не здолеў аб’яднаць іх у дзяржаву з адзінай культурай.

З ІХ ст. пачаўся заняпад гарадоў-­дзяржаў майя. У хуткім часе майя перасталі ўзводзіць новыя мураваныя збудаванні. Вучоныя лічаць, што прычынай заняпаду сталі засухі ў сувязі са змяненнем клімату, якія падарвалі асновы гаспадаркі. Яна цяпер не магла пракарміць вялікую колькасць гарадскіх жыхароў. Аднак невялікія дзяржавы майя працягвалі існаваць яшчэ вельмі доўга.

У сучаснай Цэнтральнай Мексіцы, значна больш на поўнач ад зоны рассялення майя, панаваў адзіны буйны́ горад — ​Тэатыўакан. У планіроўцы вуліц Тэатыўакана выкарыстоўваліся прамыя вуглы, так што вуліцы ўтваралі кварталы, падобныя да сучасных. Гэты горад лічыцца адным з самых вялікіх гарадоў ва ўсім сярэднявечным свеце. Ён быў цесна звязаны з гарадамі-­дзяржавамі майя. Многія гісторыкі лічаць Тэатыўакан перш за ўсё рэлігійным цэнтрам, куды здзяйснялі паломніцтва жыхары ўсёй Цэнтральнай Амерыкі. Тэатыўакан страціў сваю знач­насць за некалькі стагоддзяў да страты майя магутнасці.

У пачатку ХІV ст. з паўночных стэпаў і пустынь у сучасную Цэнтральную Мексіку прыйшоў ваяўнічы народ ацтэкаў. На берагах і астравах аднаго з вялікіх азёр яны пабудавалі ў 1325 г. сваю сталіцу — ​горад Тэначтытлан. Больш за сотню гадоў правіцелі ацтэкаў у няспынных вой­нах падпарадкоўвалі іншыя народы і пашыралі межы сваёй дзяржавы. У выніку ўся тэрыторыя сучаснай Цэнтральнай Мексікі была імі захоплена, два акіяны сталі граніцамі краіны на захадзе і на ўсходзе. Для кіравання вялізнымі ўладаннямі ацтэкі пабудавалі развітую сістэму дарог, якая давала магчымасць хутка перамяшчацца і пашыраць гандаль.

4. Асноўныя дзяржавы Андскага рэгіёна ў Сярэднявеччы

Усе дзяржаўныя ўтварэнні ў Паўднёвай Амерыцы ўзніклі ў перадгор’ях Андскага горнага масіву. Гэтая горная града стварыла спрыяльныя ўмовы для гаспадарчай дзейнасці чалавека, адгароджваючы прыбярэжныя тэрыторыі каля Ціхага акіяна ад вільготных джунгляў басейна Амазонкі.

Зараджэнне цывілізацыі ў Паўднёвай Амерыцы пачалося пазней, чым у Цэнтральнай. Каля 900 г. да н. э. узніклі першыя ачагі цывілізацыі на заходніх схілах Андскіх гор.

На ўзбярэжжы сучаснага Перу ў І ст. узнікла дзяржаўнае ўтварэнне народа мочэ. Аб існаванні дзяржавы сведчаць багатыя пахаванні правіцеляў. Былі пабудаваны першыя мураваныя храмы ў выглядзе пірамід у гонар Месяца і Сонца.

На высокіх горных плато на тэрыторыі сучаснай Балівіі ў ІІ ст. таксама ўзнікла вялікая дзяржава, цэнтрам якой стаў горад Тыўанака (3860 м над узроўнем мора). Былі створаны развітыя ірыгацыйныя сістэмы на берагах возера Тытыкака, якія кармілі вялікія гарады. Развядзенне лам давала мяса і воўну. Гандлёвыя шляхі аб’ядналі практычна ўсе рэгіёны нагор’яў і прыбярэжных тэрыторый.

З гэтага часу ў згаданым рэгіёне пастаянна існавалі вялікія дзяржавы, якія варагавалі паміж сабой і змагаліся за ўплыў. У пачатку ХІІІ ст. невялікае племя інкаў заснавала горад Куска ў высакагорнай даліне. З сярэдзіны ХV ст. дзяржава інкаў — ​Таўантынсую — ​стала самай магутнай імперыяй у Амерыцы. Армія інкаў падначаліла ўсе горныя і прыбярэжныя тэрыторыі. Каменныя дарогі злучылі ўсе часткі дзяржавы, якая распасцерлася практычна па ўсім ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі.

5. Сацыяльная структура і культурныя дасягненні дзяржаў Амерыкі

У дзяржавах амерыканскага кантынента былі створаны складаныя сацыяльныя структуры. Правіцелям, якія стаялі на чале дзяржаў, пакланяліся як багам, лічылася, што яны звязвалі грамадства з багамі.

У імперыях ацтэкаў і інкаў усе прывілеі належалі ваенным саслоўям. Ваяўнічыя вярхі грамадства трымалі ў падпарадкаванні шматлікія скораныя народы. Ваенныя заслугі давалі магчымасць заняць высокае становішча ў грамадстве людзям з ніжэйшых сацыяльных груп. Яны атрымлівалі розныя чыноўніцкія пасады. Жыццё ўсяго грамадства кантраляваў разгалінаваны апарат чыноўнікаў.

Ва ўсіх дзяржавах Амерыкі прывілеяванае становішча займалі жрацы. У кожнай дзяржаве пакланяліся вялікай колькасці багоў. Многія з іх уяўляліся жорсткімі і патрабавалі крывавых ахвярапрынашэнняў. Таму багоў баяліся і шанавалі.

Рамеснікі і гандляры адыгрывалі вельмі важную ролю ў жыцці ўсіх сярэднявечных дзяржаў Амерыкі. Напрыклад, у ацтэкаў многія групы гандляроў прыраўноўваліся па сваім становішчы да воінаў. Але асноўнае значэнне ў эканамічным жыцці ў перыяд Сярэднявечча мелі свабодныя абшчыны земляробаў або жывёлаводаў. Гэтыя абшчыны павінны былі плаціць або адпрацоўваць шматлікія падаткі для дзяржавы ці для мясцовай знаці і чыноўнікаў.

Першымі з народаў Цэнтральнай Амерыкі пісьменства вынайшлі альмекі. Аднак знойдзена вельмі мала ўзораў гэтага пісьменства, яны не былі дэшыфраваныя. Пісьменства майя добра вядома даследчыкам, якія лічаць, што яно складалася з іерогліфаў-­складоў. Вялікая колькасць знакаў расшыфравана, аднак пісьмо майя тоіць яшчэ шмат загадак. Многія народы Цэнтральнай Амерыкі ўспрынялі пісьменства майя, перапрацаваўшы яго. Ацтэкі прыстасавалі мясцовыя сістэмы пісьма да сваёй мовы і фактычна атрымалі падобны да пісьма майя варыянт пісьменства. Цывілізацыі Паўднёвай Амерыкі не стварылі ўласнай сістэмы пісьма. Затое ў інкаў вядомае так званае вузельчатае пісьмо — ​кі΄пу, у якім паведамленне перадавалася з дапамогай завязаных на вяроўках вузельчыкаў.

Цывілізацыі Амерыкі распрацавалі розныя каляндарныя сістэмы, што сведчыць пра высокі ўзровень развіцця гэтых цывілізацый. Самым развітым апынуўся каляндар майя. Яго дакладнасць і працягласць злічэння ўражваюць нават сучасных вучоных.

6. Сярэднявечныя дзяржавы Афрыкі

На самай поўначы афрыканскага кантынента дзяржаўныя ўтварэнні сталі ўзнікаць яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Найбольш вядомым з’яўляецца Старажытны Егіпет у даліне ракі Ніл. Пазней Рымская імперыя ўключыла ў свае межы ўсё міжземнаморскае ўзбярэжжа Афрыкі, стварыўшы там развітую земляробчую гаспадарку.

Аднак астатняя тэрыторыя Афрыкі была адрэзана шырокай цяжкапраходнай паласой пустыні Сахара. Людзі тут практычна не жылі, акрамя невялікіх качавых плямёнаў, перш за ўсё туарэгаў. Яны выжывалі за кошт жывёлагадоўлі і вырошчвання фінікавай пальмы ў рэдкіх аазісах.

Ва Усходняй Афрыцы на поўдзень ад пустынь яшчэ ў старажытнасці ўтварыліся невялікія раннія дзяржавы. У верхнім цячэнні ракі Ніл у ІІ ст. узнікла дзяржава Аксум. Тут пачало распаўсюджвацца хрысціянства. З ХІІ ст. у горнай мясцовасці сфарміравалася Эфіопская дзяржава, у якой хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй. Мясцовыя правіцелі здолелі збудаваць вялікае і стабільнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое спыніла рух арабаў-­мусульман у гэты рэгіён.

Затое мусульманскія гандляры і невялікія ваенныя атрады асвой­валі ўзбярэжжа Усходняй Афрыкі. Адсюль у ісламскія краіны вывозілі розныя тавары. Асаблівае месца займаў гандаль захопленымі рабамі. Самае буйное гандлёвае паселішча было заснавана на востраве Занзібар.

На поўдзень ад Сахары размяшчалася паласа саваннаў, дзе насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, якая дасягнула даволі высокага ўзроўню развіцця. У Заходняй Афрыцы было некалькі вялікіх рэк, напрыклад, рака Нігер. У іх далінах развівалася земляробства. Раннія дзяржавы тут сталі ўзнікаць досыць позна. Самымі вялікімі былі Гана, Малі і Сангай. У рэгіёне паступова распаўсюджваўся іслам, які пачалі падтрымліваць мясцовыя правіцелі. Цэнтральная Афрыка пакрыта джунглямі, але і тут у Сярэднявеччы з’явіліся першыя дзяржавы, хоць толькі ў ХІV–ХV стст. Гэта былі Конга, Луба, Лунда. На поўдзень ад трапічных лясоў узнікла ў ХІІ ст. толькі адно вялікае дзяржаўнае ўтварэнне — ​Манаматапа. Гандлёвыя адносіны з ім усталявалі арабскія гандляры з Занзібара.

Звычайна на чале дзяржаў Трапічнай Афрыкі знаходзіліся правіцель-­манарх і радавая знаць. Манарх меў армію, з дапамогай якой ваяваў з суседнімі плямёнамі і дзяржавамі за кантроль над гандлёвымі шляхамі. У заваяваныя вобласці правіцелі звычайна назначалі намеснікаў з военачальнікаў або сваякоў. У час вой­наў захоплівалі рабоў, якіх потым прадавалі. Гэта была важная крыніца даходу для правіцеляў.

Асноўная частка насельніцтва займалася земляробствам і жыла абшчынамі. Старэйшыны размяркоўвалі паміж абшчыннікамі зямлю, кіравалі іх працай. Тонкі ўрадлівы пласт глебы выключаў прымяненне плуга ў Трапічнай Афрыцы — ​зямлю апрацоўвалі матыкамі. Абшчыннікі аддавалі частку ўраджаю і рамесных вырабаў правіцелю або апрацоўвалі яго землі. У абшчынах выкарыстоўвалася праца рабоў з ліку палонных. Аднак рабства мела дамашні характар, нашчадкі рабоў звычайна станавіліся свабоднымі. Афрыканскія рамеснікі займаліся выплаўкай і апрацоўкай металаў, выраблялі тканіны, гліняны посуд, шкляныя рэчы.

Цывілізацыі Амерыкі і некаторыя цывілізацыі Афрыкі развіваліся ва ўмовах адсутнасці кантактаў з іншымі цывілізацыямі, у тым ліку еўрапейскімі, што абумовіла спецыфіку іх палітычнага, гаспадарчага, культурнага жыцця ў Сярэднія вякі. Пры гэтым яны значна адрозніваліся паміж сабой з прычыны рознасці геаграфічных умоў. Першымі да земляробчай гаспадаркі і дзяржаўнасці прыйшлі народы, якія пражывалі на поўначы Цэнтральнай Амерыкі. Земляробства было пераважна матычным. Альмекі першымі з народаў Цэнтральнай Амерыкі вынайшлі пісьменства, але яно не было расшыфравана, у адрозненне ад пісьменства майя. Моцныя гарады-­дзяржавы былі пабудаваны плямёнамі майя. У Цэнтральнай Мексіцы панаваў горад Тэатыўакан. Пазней у гэтым рэгіёне ацтэкі стварылі магутную дзяржаву. У Паўднёвай Амерыцы дзяржавы з’явіліся пазней. Самай моцнай з іх стала дзяржава інкаў.

Пытанні

1. Чаму ў Цэнтральнай Амерыцы не ўзнікла адзінага цэнтра цывілізацыі?
2. Назавіце адметныя рысы гаспадарчага развіцця амерыканскіх цывілізацый.
3. Назавіце найбольш буйныя дзяржаўныя ўтварэнні ў Амерыцы. Якія характэрныя для іх асаблівасці вы можаце прывесці?
4. З апорай на картасхему на с. 157 раскажыце пра цывілізацыі Амерыкі. У чым была своеасаблівасць іх развіцця?
5. Якія дзяржавы існавалі ў Трапічнай Афрыцы? Як адбывалася ўзаемадзеянне афрыканскіх дзяржаў з еўрапейскай і арабскай цывілізацыямі?
6. Раскажыце пра грамадскія адносіны ў сярэднявечных цывілізацыях Трапічнай Афрыкі і Амерыкі.
7. Абмяркуйце ў класе, у чым непаўторнасць гістарычнага развіцця цывілізацый Трапічнай Афрыкі і Амерыкі.