§ 18. Амерыка і Афрыка ў Сярэднявеччы

4. Асноўныя дзяржавы Андскага рэгіёна ў Сярэднявеччы

Усе дзяржаўныя ўтварэнні ў Паўднёвай Амерыцы ўзніклі ў перадгор’ях Андскага горнага масіву. Гэтая горная града стварыла спрыяльныя ўмовы для гаспадарчай дзейнасці чалавека, адгароджваючы прыбярэжныя тэрыторыі каля Ціхага акіяна ад вільготных джунгляў басейна Амазонкі.

Зараджэнне цывілізацыі ў Паўднёвай Амерыцы пачалося пазней, чым у Цэнтральнай. Каля 900 г. да н. э. узніклі першыя ачагі цывілізацыі на заходніх схілах Андскіх гор.

На ўзбярэжжы сучаснага Перу ў І ст. узнікла дзяржаўнае ўтварэнне народа мочэ. Аб існаванні дзяржавы сведчаць багатыя пахаванні правіцеляў. Былі пабудаваны першыя мураваныя храмы ў выглядзе пірамід у гонар Месяца і Сонца.

На высокіх горных плато на тэрыторыі сучаснай Балівіі ў ІІ ст. таксама ўзнікла вялікая дзяржава, цэнтрам якой стаў горад Тыўанака (3860 м над узроўнем мора). Былі створаны развітыя ірыгацыйныя сістэмы на берагах возера Тытыкака, якія кармілі вялікія гарады. Развядзенне лам давала мяса і воўну. Гандлёвыя шляхі аб’ядналі практычна ўсе рэгіёны нагор’яў і прыбярэжных тэрыторый.

З гэтага часу ў згаданым рэгіёне пастаянна існавалі вялікія дзяржавы, якія варагавалі паміж сабой і змагаліся за ўплыў. У пачатку ХІІІ ст. невялікае племя інкаў заснавала горад Куска ў высакагорнай даліне. З сярэдзіны ХV ст. дзяржава інкаў — ​Таўантынсую — ​стала самай магутнай імперыяй у Амерыцы. Армія інкаў падначаліла ўсе горныя і прыбярэжныя тэрыторыі. Каменныя дарогі злучылі ўсе часткі дзяржавы, якая распасцерлася практычна па ўсім ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі.