§ 18. Амерыка і Афрыка ў Сярэднявеччы

3. Дзяржавы Цэнтральнай Амерыкі ў Сярэднявеччы

Каля 200 г. у Цэнтральнай Амерыцы плямёны майя стварылі моцныя гарады-­дзяржавы. Да іх адносяцца гарады Чычэн-­Іца, Ушмаль, Капан. Яны ніколі не аб’ядноўваліся ў цэласнае дзяржаўнае ўтварэнне, тым не менш на доўгі час усталявалася гегемонія (найгалоўнейшае становішча) майя ў рэгіёне.

Майя стваралі гарады з вялікай колькасцю мураваных будынкаў і разгалінаванай сістэмай водазабеспячэння. Развітое матычнае земляробства дазваляла карміць шматлікае насельніцтва. Майя стварылі ўласнае пісьменства і распрацавалі сваю складаную каляндарную сістэму. Гэта ставіць іх у адзін шэраг з вялікімі сусветнымі цывілізацыямі.

Гарады-­дзяржавы майя нярэдка вялі паміж сабой жорсткія міжусобныя вой­ны. Часам той ці іншы горад атрымліваў перамогу. Але ніхто так і не здолеў аб’яднаць іх у дзяржаву з адзінай культурай.

З ІХ ст. пачаўся заняпад гарадоў-­дзяржаў майя. У хуткім часе майя перасталі ўзводзіць новыя мураваныя збудаванні. Вучоныя лічаць, што прычынай заняпаду сталі засухі ў сувязі са змяненнем клімату, якія падарвалі асновы гаспадаркі. Яна цяпер не магла пракарміць вялікую колькасць гарадскіх жыхароў. Аднак невялікія дзяржавы майя працягвалі існаваць яшчэ вельмі доўга.

У сучаснай Цэнтральнай Мексіцы, значна больш на поўнач ад зоны рассялення майя, панаваў адзіны буйны́ горад — ​Тэатыўакан. У планіроўцы вуліц Тэатыўакана выкарыстоўваліся прамыя вуглы, так што вуліцы ўтваралі кварталы, падобныя да сучасных. Гэты горад лічыцца адным з самых вялікіх гарадоў ва ўсім сярэднявечным свеце. Ён быў цесна звязаны з гарадамі-­дзяржавамі майя. Многія гісторыкі лічаць Тэатыўакан перш за ўсё рэлігійным цэнтрам, куды здзяйснялі паломніцтва жыхары ўсёй Цэнтральнай Амерыкі. Тэатыўакан страціў сваю знач­насць за некалькі стагоддзяў да страты майя магутнасці.

У пачатку ХІV ст. з паўночных стэпаў і пустынь у сучасную Цэнтральную Мексіку прыйшоў ваяўнічы народ ацтэкаў. На берагах і астравах аднаго з вялікіх азёр яны пабудавалі ў 1325 г. сваю сталіцу — ​горад Тэначтытлан. Больш за сотню гадоў правіцелі ацтэкаў у няспынных вой­нах падпарадкоўвалі іншыя народы і пашыралі межы сваёй дзяржавы. У выніку ўся тэрыторыя сучаснай Цэнтральнай Мексікі была імі захоплена, два акіяны сталі граніцамі краіны на захадзе і на ўсходзе. Для кіравання вялізнымі ўладаннямі ацтэкі пабудавалі развітую сістэму дарог, якая давала магчымасць хутка перамяшчацца і пашыраць гандаль.