§ 16. Гаспадарчае жыццё і палітычная карта Азіі ў Сярэднявеччы

2. Палітычная карта Азіі ў Сярэднявеччы

Кітай. Кітай заставаўся галоўнай палітычнай сілай і самай густанаселенай краінай на Далёкім Усходзе цягам усяго Сярэднявечча. Аднак перыяды яго палітычнай магутнасці змяняліся перыядамі раздробленасці, заняпаду і падпарадкавання іншаземным захопнікам. Новае ўзвышэнне Кітая было звязана з пачаткам кіравання дынастыі Тан у 618 г. Арміі імператара Лі Юаня ўдалося аб’яднаць усе кітайскія тэрыторыі, а затым пачаць наступленне на В’етнам і Карэю. Гэтыя краіны ў хуткім часе прызналі сваю залежнасць. Кітайскае насельніцтва пастаянна засяляла тэрыторыі ўсё далей ад даліны Хуанхэ. У Сярэднявеччы кітайцы канчаткова асвоілі даліну ракі Янцзы, засялілі ўзбярэжжа акіяна аж да граніцы з В’етнамам, пачалі засяляць стэпы на поўнач і захад ад даліны Хуанхэ.

Жыццёва важным для імперыі быў кантроль над Вялікім шаўковым шляхам. Імперыя Тан не толькі аднавіла сувязь па гэтым гандлёвым маршруце, але і стварыла ўмацаваныя пункты ўздоўж да граніц з Сярэдняй Азіяй. Але, прайграўшы ў 751 г. Таласкую бітву з арабамі-­­мусульманамі, кітайцы надоўга пакінулі гэтыя далёкія тэрыторыі.

Амаль два стагоддзі Кітай квітнеў, стабільная ўлада забяспечыла развіццё сельскай гаспадаркі і гандлю. Магутнасць імперыі Тан пахіснулі народныя паўстанні ўнутры краіны. У 907 г. імперыя пала, і Кітай зноў паглыбіўся ў міжусобную барацьбу.

Дзяржава Чынгісхана. Мангольскія плямёны жылі далёка ад старажытных палітычных цэнтраў, займаліся качавой жывёлагадоўляй, суседзі лічылі іх нецывілізаваным народам. У 1206 г. у стэпах Манголіі вярхоўным валадаром усіх плямёнаў быў абвешчаны Чынгісхан. Аб’яднаныя новым правіцелем ман­голы сталі ўяўляць сабой грозную сілу. Чынгісхан з’яднаў армію жорсткай дысцыплінай і добра ўзброіў яе па адзіным узоры. Армія пастаянна ваявала і атрымала неацэнны баявы вопыт.

Першымі былі захоплены землі Паўночнага Кітая. Затым пала вялікая дзяржава харэзмшахаў у Сярэдняй Азіі і Іране, а ўжо ў 1223 г. перадавая армія манголаў разграміла аб’яднаную армію князёў Русі ў бітве на рацэ Калка. Праціўнікаў уражвала бязлітаснасць манголаў да тых, хто са зброяй у руках спрабаваў супраціўляцца. Армія Чынгісхана спецыяльна знішчала складаныя арашальныя сістэмы земляробаў Сярэдняй Азіі і Кітая, каб голад спусташаў цэлыя раёны.

Выкарыстоўваючы створаную Чынгісханам рухомую конную армію, заваяванні працягнулі яго сыны і ўнукі. Мангольская імперыя пашырыла сваю ўладу на агромністыя тэрыторыі ад стэпаў сучаснай Украіны да Ціхага акіяна, ад пустынь Егіпта да сібірскай тайгі. Прарваўшыся ў Польшчу і Венгрыю, манголы адступілі толькі з-за неабходнасці ўзяць удзел у выбарах новага вялікага хана. У прыволжскіх стэпах пазней сфарміравалася Залатая Арда.

Кіраваць такой вялізнай краінай — ​ад Дуная да Ціхага акіяна — ​з адной сталіцы было немагчыма. Імперыя была падзелена паміж чатырма сынамі Чынгісхана. Але вялікім (гэта значыць галоўным) ханам заставаўся правіцель Манголіі. Ім стаў хан Хубілай. У 1271 г. на землях Манголіі і заваяванага Кітая ён абвясціў новую дынастыю Юань. Сталіцай новай імперыі стаў горад Даду (сучасны Пекін), яе эканамічным і палітычным цэнтрам заставаліся землі, на якіх узнікла кітайская цывілізацыя.

Дынастыя Юань была звергнута ў ходзе паўстанняў кітайскага насельніцтва. У 1368 г. паўстанцы-­пераможцы абвясцілі кітайскую дынастыю Мін на чале з імператарам Чжу Юаньчжанам. Армія Мін здолела вызваліць увесь Кітай. У перыяд кіравання дынастыі Мін Кітай быў найбуйнейшай дзяржавай свету.

Японія. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні ўзніклі на Японскіх астравах у ІІ ст. да н. э. Дынастыя Ямата перамагла ў міжусобнай барацьбе ў ІV ст. н. э. З таго часу ў Японіі існуе адзіная дзяржава. У VІІ ст. Ямата быў перайменаваны ў Ніхон, і гэтую назву краіна носіць дасюль. На працягу Сярэднявечча імператары паступова падпарадкоўвалі сабе ўсе тэрыторыі астравоў. Культурныя дасягненні Кітая і Карэі ўваходзілі ў жыццё японцаў. Японская дзяржава настолькі ўзмацнілася, што здолела адбіць напады мангольскай арміі хана Хубілая ў 1274 і 1281 гг.

Арабскі халіфат. У 610 г. у горадзе Мека на ўсходзе Аравійскага паўвострава пачаў сваю пропаведзь ісламу прарок Мухамед. Ён заклікаў верыць у адзінага і ўсёмагутнага Алаха. У 622 г. ён і яго паслядоўнікі вымушаны былі бегчы з Мекі і перасяліліся ў Медыну. Гэта падзея атрымала назву хіджра, што з арабскай мовы перакладаецца як «уцёкі». Пасля працяглай вайны ў 630 г. Мека прызнала іслам і запрасіла Мухамеда. Хутка і большасць арабскіх плямёнаў Аравіі прынялі новую рэлігію.

Арабскія ваенныя атрады рушылі ў розных напрамках, падпарадкоўваючы мясцовае насельніцтва і распаўсюджваючы іслам. Яны захапілі ўвесь Блізкі Усход, Іран, Сярэднюю Азію, Паўночную Афрыку, пераправіліся ў Еўропу і падпарадкавалі Пірэнейскі паўвостраў. Візантыйцы спынілі рух арабаў толькі пад сценамі сваёй сталіцы. У 732 г. франкі на чале з Карлам Мартэлам у жорсткай бітве пры Пуацье нанеслі паражэнне мусульманскаму вой­ску і спынілі яго прасоўванне ў Заходнюю Еўропу. У 751 г. у Таласкай бітве арабы разграмілі кітайскую армію і скарылі Сярэднюю Азію. Халіфат раскінуўся на вялізных тэрыторыях ад Атлантычнага акіяна да граніц Кітая.

Арабскі халіфат быў шматнацыянальнай дзяржавай, у якой арабы не з’яўляліся большасцю насельніцтва. Краіну аб’ядноўвала рэлігія — ​іслам. Яна садзейнічала стварэнню адзінай ісламскай культуры на вялікіх прасторах ад Іспаніі да Кітая. Іслам сталі добраахвотна прымаць многія народы. Аднак унутраная барацьба і пастаянныя паўстанні скораных народаў падарвалі магутнасць халіфату.

У пачатку ХІ ст. на Блізкім Усходзе з’явіліся новыя заваёўнікі — ​туркі-­сельджукі. Яны прынялі іслам. Захапіўшы практычна ўвесь Блізкі Усход, сельджукі намінальна захавалі ўладу багдадскіх халіфаў як рэлігійных уладароў мусульман. Аднак адзінства мусульманскага свету было канчаткова страчана.

Манголы, захапіўшы Багдад у 1258 г., давяршылі разгром халіфата і забілі апошняга халіфа.

Дзяржава Цімура. У стэпах Сярэдняй Азіі пасля распаду адзінай Мангольскай дзяржавы ішла пастаянная барацьба паміж яе спадчыннікамі — ​Чынгізідамі. У 1370 г. сярод палкаводцаў Сярэдняй Азіі вялікім эмірам — ​«военачальнікам» — ​быў абвешчаны Цімур. У Еўропе ён быў вядомы як Тамерлан. Яму ўдалося з’яднаць розныя плямёны цюркаў і манголаў у грозную і жорсткую армію, якая зноў стала наводзіць жах на вялізныя тэрыторыі Сярэдняй Азіі, Ірана, Блізкага Усходу, Паўночнай Індыі і інш. Змагаючыся з Залатой Ардой, вой­скі Цімура дайшлі да Дняпра ў стэпах сучаснай Украіны і да граніц Маскоўскай дзяржавы. Усю захопленую здабычу і лепшых рамеснікаў звозілі ў сталіцу імперыі Цімура — ​Самарканд. Ён хутка стаў адным з найбагацейшых і найпрыгажэйшых гарадоў сярэднявечнага свету. Аднак пасля смерці Цімура яго імперыя даволі хутка распалася.

Асманская імперыя. Сярод мусульманскіх краін хутка набіралі сілу ваяўнічыя туркі-­асманы. У часы Цімура яны ўтварылі невялікую дзяржаву ў Пярэдняй Азіі. Але паступова туркі-­асманы не толькі падпарадкавалі сабе былыя ўладанні Візантыі на азіяцкай тэрыторыі, але пераправіліся і ў Еўропу на Балканскі паўвостраў. Канстан­цінопаль у хуткім часе апынуўся практычна ў акружэнні. А ў 1453 г. пасля доўгай цяжкай аблогі туркам удалося ўзяць сталіцу Візантыі і падпарадкаваць гэтую дзяржаву. Уладанні туркаў-­асманаў сталі магутнай дзяржавай, а яе сталіцай абвясцілі Стамбул (так стаў называцца Канстанцінопаль). Правіцель узяў тытул султана і цяпер змагаўся за прызнанне сябе «ўладаром усіх прававерных» мусульман. Асманская імперыя размяшчалася ў трох частках свету: Еўропе, Азіі і Паўночнай Афрыцы. Арміі асманаў больш як стагоддзе пагражалі Еўропе ўварваннем, пачынаючы з першай аблогі Вены ў 1529 г. Туркі зрабілі Чорнае мора сваім унутраным морам, выйшаўшы на граніцы Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы. Хрысціянскі свет з цяжкасцю абараняўся.

Індыя. Індыя была населена вялікай колькасцю народаў, якія размаўлялі на розных мовах. Але на ўсёй яе велізарнай тэрыторыі існавалі агульныя культурныя традыцыі. Дзяржавы, утвораныя рознымі народамі, хутка ўзнікалі ў асобных рэгіёнах краіны, але затым гэтак жа хутка распадаліся. Перыяды нашэсцяў змяняліся росквітам земляробчых раёнаў.

У пачатку VIII ст. на ўсходзе Індыі з’явіліся першыя мусульманскія атрады заваёўнікаў. У канцы ХІІ ст. мусульманская армія захапіла Паўночную Індыю і горад Дэлі. У 1206 г. быў заснаваны Дэлійскі султанат. Султаны і большасць заваёўнікаў паходзілі з цюркаў-­мусульман, а асноўную масу насельніцтва складалі індусы. На поўдні Індыі існавала больш за дзясятак індуісцкіх дзяржаў, якія ўпарта вялі барацьбу паміж сабой, але адначасова адчайна змагаліся з мусульманскай пагрозай.

Тэрыторыі старажытных земляробчых цывілізацый у Сярэднявеччы працягвалі адыгрываць ролю асноўных палітычных цэнтраў. Аднак цяпер практычна ва ўсёй Азіі існавалі дзяржаўныя ўтварэнні. Перыяд Сярэднявечча тут азнаменаваўся хуткім стварэннем і панаваннем вялізных дзяржаў качавых народаў. Яны захоплівалі тэрыторыі земляробчых цэнтраў, але затым дзяржавы хутка распадаліся. Распад многіх, здавалася б, самых магутных дзяржаў Сярэднявечча вельмі проста растлумачыць: яны аб’ядноўвалі тэрыторыі з вельмі розным эканамічным развіццём, народы, што ў іх уваходзілі, мелі абсалютна розныя традыцыі, а нацыянальная самасвядомасць яшчэ не сфарміравалася. Стабільнасць дзяржавам Сярэднявечча надавала адзінае веравызнанне.