§ 16. Гаспадарчае жыццё і палітычная карта Азіі ў Сярэднявеччы

1. Асноўныя гаспадарчыя заняткі насельніцтва. Этнічныя змяненні

Асноўныя гаспадарчыя заняткі насельніцтва. Этнічныя змяненні. У Сярэднія вякі развіццё краін Азіі значна адрознівалася ад развіцця Еўропы. У процілегласць еўрапейскім рэгіёнам, гаспадарчае жыццё якіх было практычна аднародным і характарызавалася панаваннем земляробства, у цывілізацыях Азіі, Афрыкі і Амерыкі існавалі самыя розныя гаспадарчыя ўклады.

У раёнах старажытных цывілізацый працягвала развівацца высокапрадукцыйнае земляробства, ствараючы ўмовы для хуткага росту насельніцтва ў далінах рэк. Там існавала шмат буйны́х гарадоў. Рамяство было высокаразвітым. Гэта давала магчымасць весці вельмі прыбытковы гандаль, які здаўна з’яўляўся адным з найважнейшых заняткаў насельніцтва Азіі. Яго сімвалам стаў Вялікі шаўковы шлях, які злучыў Кітай з Рымскай імперыяй і потым з Візантыяй праз увесь Еўразійскі кантынент.

Асаблівасцю цывілізацый Азіі была аддаленасць земляробчых і палітычных цэнтраў адзін ад аднаго. Тысячы кіламетраў і цяжкапераадольныя перашкоды аддзялялі Кітай ад Індыі, Індыю ад Сярэдняй Азіі і Ірана. Сувязі паміж гэтымі цывілізацыямі былі слабымі. У адрозненне ад еўрапейскіх геаграфічныя ўмовы Азіі па-ранейшаму значна ўскладнялі кантакты: вялізныя тэрыторыі займалі бязводныя стэпы і пустыні, горныя хрыбты і плато, шырокія рэкі і азёры. У старажытнасці гэтыя малаабжытыя раёны раздзялялі ачагі цывілізацыі. Тут жылі шматлікія качавыя плямёны. У азіяцкіх стэпах насельніцтва значна пазней перайшло да цывілізацыі, а асновай гаспадарчай дзейнасці тут была жывёлагадоўля.

У Сярэднявеччы пачала імкліва мяняцца карціна рассялення народаў, этнічная карта Азіі. Па-ранейшаму найбольш актыўна развіваліся рэгіёны старых цывілізацыйных цэнтраў: Блізкі Усход і Месапатамія, Іран, Індыя, Сярэдняя Азія, Кітай. Аднак у перыяд Сярэднявечча побач з імі з’яўляліся ўсё новыя дзяржаўныя ўтварэнні: пачалі ўзнікаць велізарныя дзяржавы качавых народаў. Качэўнікі ­імкнуліся захопліваць тэрыторыі земляробчых цэнтраў, але затым іх дзяржавы хутка распадаліся.

Пустынны паўвостраў Аравія атрымаў назву ад качавых арабскіх плямёнаў, якія тут жылі. З распаўсюджаннем ісламу яны пачалі рух і рассяліліся на вялізнай тэрыторыі Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Дагэтуль насельніцтва краін на гэтай тэрыторыі размаўляе на арабскай мове. Арабы падпарадкавалі і раёны старажытных цывілізацый — ​Егіпет, Месапатамію і Іран.

Пояс стэпаў і паўпустынь працягнуўся амаль праз увесь Еўразійскі кантынент ад Кітая да Карпат. Тут пражывалі і свабодна перамяшчаліся са сваімі статкамі на тысячы кіламетраў шматлікія плямёны качэўнікаў. У Сярэднявеччы ў гэтым рэгіёне адбылося станаўленне новай сям’і моў — ​цюркскай. Плямёны цюркаў у хуткім часе рассяліліся на велізарнай тэрыторыі і нават падпарадкавалі сабе асобныя раёны земляробчых цывілізацый. Нашчадкамі гэтых плямёнаў з’яўляюцца такія сучасныя народы, як туркі, туркмены, азербайджанцы, казахі, узбекі, кіргізы і некаторыя іншыя. Усе яны размаўляюць на цюркскіх мовах.

На поўначы ў Сібіры працягнуліся бяскрайнія таёжныя лясы, што пераходзяць у тундру. Тут жылі плямёны, якія займаліся паляваннем і аленегадоўляй. Яны былі адносна нешматлікія, што перашкаджала ўзнікненню ў іх дзяржавы.

У выніку практычна на ўсёй тэрыторыі Еўразіі ўзніклі дзяржаўныя ўтварэнні. Па-ранейшаму дзяржавы земляробчых цэнтраў былі больш стабільнымі, чым дзяржавы качэўнікаў, што хутка ўзнікалі і гэтак жа хутка разбураліся.