§ 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін

5. Дзяржаўны лад паўднёвых і заходніх славян

У сярэдзіне XI ст. адбывалася ўзмацненне Чэшскага княства. У 1055 г. «Закон сеньёрата Бржэціслава I» замацаваў прынцып сеньёрата, упарадкаваўшы сістэму атрымання ў спадчыну пасада. Гэты прынцып прадугледжваў пераход вярхоўнай улады і ўсёй тэрыторыі краіны да старэйшага ў княжацкім родзе. У 1198 г. чэшскі князь Пржэмысл Атакар I атрымаў тытул караля, а дзяржава — статус каралеўства. Тады ж, у другой палове XII ст., у чэшскіх землях пачаў фарміравацца сейм. У яго рабоце прымалі ўдзел духавенства, паны, рыцары, а пазней і мяшчане каралеўскіх гарадоў. Спачатку ён быў дарадчым органам пры каралю і не меў заканадаўчай ініцыятывы. Паступова функцыі сейма пашыраліся. У XIII ст. ён стаў самастойным саслоўна-прадстаўнічым органам. З гэтага часу сейм выбіраў чэшскага караля. Такім чынам, да пачатку XIV ст. у Чэхіі склалася саслоўна-прадстаўнічая манархія. Пасля заканчэння гусіцкіх войнаў (1419—1434 гг.) уплыў саслоўяў значна ўзмацніўся.

Прынцып сеньёрата быў замацаваны і ў Статуце польскага князя Баляслава III Крывавустага (1138 г.). З гэтым дакументам звязваюць пачатак палітычнай раздробленасці ў Польскім каралеўстве. Міжусобіцы прывялі да паслаблення дзяржавы і падзення яе міжнароднага прэстыжу. У 1180 г. палякі вырашылі адмовіцца ад прынцыпу сеньёрату. У канцы XIII ст. частка польскіх земляў апынулася пад уладай чэшскага караля.

Аб'яднанне польскіх зямель адбывалася ў сярэдзіне XIV ст. Гэты працэс пачаў польскі кароль Уладзіслаў Лакетак, а завяршыў яго сын Казімір Вялікі. Пасля аб'яднання значнай часткі зямель пад сваёй уладай ён выдаў Статут, які рэгуляваў кіраванне дзяржавай. У перыяд яго праўлення стала афармляцца саслоўна-прадстаўнічая манархія. Улада караля была абмежавана сеймам. Атрыманне саслоўямі прывілеяў з боку караля значна ўзмацняла іх пазіцыі і ролю ў палітычным жыцці Польскага каралеўства.

Частка паўднёвых славян у сілу ўнутраных і знешніх прычын страціла сваю дзяржаўнасць і пражывала ў складзе іншых дзяржаў. Незалежнасць на працягу некаторага часу змаглі захаваць балгары і сербы. У Другім Балгарскім царстве адбылося зацвярджэнне юрыдычнага спадчыннага права манарха, за якім замацаваўся тытул «цар і самадзержац балгар». Гэты тытул пераходзіў у спадчыну. Аднак у другой палове XIII — пачатку XIV ст. яшчэ пры жыцці правіцеля стала праводзіцца каранацыя яго спадчынніка. Гэта было звязана з узмацненнем уплыву савета баляраў, які дзейнічаў пры цары.

У яго ўваходзілі магнаты, члены кіроўнай дынастыі, якія займалі найвышэйшыя адміністрацыйныя пасады ў царстве. Прынцып спадчыннасці ўлады ў Балгарскім царстве быў парушаны ў сярэдзіне XIII ст., да чаго прывялі міжусобныя войны, падтрыманыя суседнімі дзяржавамі. Гэта пацягнула за сабой раздробленасць і паслабленне краіны, якая ў канцы XIV ст. была заваяваная Асманскай імперыяй.

У пачатку XIII ст. сербски правіцель Стэфан атрымаў тытул караля ад папы рымскага. Аднак у 1219 г. ён каранаваўся яшчэ раз, ужо па праваслаўным узоры, узяўшы тытул цара. Ён увайшоў у гісторыю як цар Стэфан Першавенчаны.

У пачатку XIV ст. у Сербскім царстве назіралася ўзмацненне цэнтральнай улады. Аднак ужо ў сярэдзіне XIV ст. яно распалася на ўдзельныя княствы. У 1372 г. у Сербію ўварваліся туркі-асманы, якія ў хуткім часе яе захапілі. 15 чэрвеня 1389 г. на Косавым полі адбылася вырашальная бітва, падчас якой сербскія і баснійскія войскі былі разбітыя. Сербія трапіла ў васальную залежнасць ад Асманскай імперыі.

Раннія славянскія дзяржавы фармірваліся ў ходзе заваявання і аб'яднання розных плямён пад уладай аднаго князя. Княжацкая дружына выконвала як ваенныя, так і адміністрацыйныя функцыі, складаючы апарат кіравання. З часам улада князя стала спадчыннай. Гэта прывяло да ўзнікнення княжацкіх дынастый. Паміж іх прадстаўнікамі пачалася барацьба за пасад. Вынікам міжусобных войнаў была раздробленасць. У Старажытнай Русі гэта фактычна прывяло да самастойнасці асобных княстваў. У заходніх славян распаду дзяржаў не адбылося. З пачаткам працэсаў аб'яднання і цэнтралізацыі ў Польшчы і Чэхіі пачалося фарміраванне саслоўна-прадстаўнічых манархій і ўмацаванне пазіцый розных саслоўяў.