Печатать книгуПечатать книгу

§ 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін

У чым заключаліся асаблівасці палітычнай раздробленасці ў гісторыі славянскіх дзяржаў?

Якія славянскія дзяржавы з’явіліся на палітычнай карце Еўропы ў IX—XI стст.? (Гісторыя Сярэдніх вякоў, Гісторыя Беларусі, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 16 Май 2024, 12:40

1. Дзяржаўны лад і яго заканадаўчае афармленне

У старажытнасці славянскія плямёны ўзначальвалі выбарныя ваенныя правадыры — князі. Яны імкнуліся да заваявання новых тэрыторый і далучэння суседніх плямён. Гэта вяло да фарміравання дзяржаў і сістэмы кіравання імі. Аднак першыя дзяржавы былі нестабільныя і часта станавіліся ахвярамі больш моцных суседзяў.

Улада князя абапіралася перш за ўсё на ваенную сілу. Таму важную ролю ў станаўленні дзяржавы адыгрывала княжацкая дружына. Яна не толькі здзяйсняла ўзброеныя набегі і бараніла тэрыторыю, але і ажыццяўляла шэраг адміністрацыйных функцый. Такім чынам, дружына ўяўляла сабой апарат кіравання землямі, складвалася княжацка-дружынная сістэма дзяржаўнага кіравання. Паступова пры князю фарміраваўся савет, у склад якога ўваходзілі служылая і мясцовая знаць, прадстаўнікі духавенства.

У старажытнасці значны ўплыў на жыццё грамадства аказвала веча — народны сход, які праводзіўся ў адпаведнасці з племяннымі традыцыямі. Пазней веча захоўвала ўплыў на некаторых тэрыторыях і ў гарадах, дзе яго выкарыстоўвалі для адстойвання сваіх інтарэсаў заможныя пласты насельніцтва — купцы і рамеснікі. Асабліва значным веча было ў Наўгародскай зямлі. Яно вырашала пытанні арганізацыі жыцця горада і прылеглых да яго тэрыторый.

З цягам часу гарады Старажытнай Русі аказаліся падпарадкаванымі князям, якія валодалі ваеннай сілай і цалкам распараджаліся жыццём гарадоў. Выключэнне складалі толькі Ноўгарад і Пскоў, дзе веча запрашала князёў і кантралявала іх дзейнасць.

Органам мясцовага сялянскага самакіравання абшчыны была верв. Яна пераразмяркоўвала зямельныя надзелы сялян, арганізоўвала збор падаткаў з членаў абшчыны, вырашала судовыя спрэчкі.

Паступова ўплыў князёў узмацніўся, і за прадстаўнікамі пэўнай дынастыі замацоўвалася права на ажыццяўленне вярхоўнай улады ў дзяржаве. У Кіеўскай Русі да ўлады прыйшла дынастыя Рурыкавічаў, у Польшчы — Пястаў, у Чэхіі — Пржэмыславічаў.

Сістэма дзяржаўнага кіравання ўмацоўвалася з выданнем зводаў заканадаўства. Першы зборнік законаў у славян — «Закон судный людем» — з'явіўся ў IX ст. у Балгарыі, ён склаўся пад уплывам візантыйскага права. Найстаражытны звод традыцыйнага права Старажытнай Русі — «Руская праўда» — быў створаны пры кіеўскім князі Яраславе Мудрым. Правы вышэйшых саслоўяў у Чэшскім каралеўстве былі зафіксаваныя ў «земскіх дошках», якія сталі найважнейшай крыніцай права ў XIII—XVIII стст. У Сербскім каралеўстве сацыяльную дыферэнцыяцыю грамадства замацаваў «Законнік» цара Стафана Душана (1349 г.), у Польскім каралеўстве — «Статут Казіміра Вялікага» (1368 г.).

2. Старажытнарускія зямлі ў перыяд раздробленасці

Пачатак удзельнага драблення ў старажытнарускай дзяржаве прыйшоўся на канец XI ст., калі сталі з'яўляцца асобныя княства. На чале іх стаялі князі з роду Рурыкавічаў, г. зн. бліжэйшыя сваякі вялікага кіеўскага князя. Яны ўжо не мелі магчымасці атрымаць кіеўскі пасад, але хацелі ўтрымаць за сабой зямлі, якімі кіравалі. Нярэдка яны былі багацейшымі і мацнейшымі за кіеўскага князя. Яны імкнуліся зрабіць свае надзелы цэнтрамі гандлю, рамёстваў, культуры, павялічыць колькасць насельніцтва і атрымаць падтрымку царквы. Паступова княствы сталі цалкам незалежнымі ад Кіева.

У барацьбе за ўладу і тэрыторыю князі, якія сапернічалі, выкарыстоўвалі то печанегаў, то палякаў, то наёмныя варажскія дружыны. Міжусобіцы прывялі да паслаблення ўсходнеславянскіх княстваў. Усё гэта мела негатыўныя наступствы і для эканомікі старажытнарускіх земляў.

Ужо пасля смерці князя Яраслава Мудрага асноўная тэрыторыя дзяржавы і палітычная ўлада былі падзеленыя паміж яго сынамі. Яны яшчэ падпарадкоўваліся старэйшаму брату, які займаў пасад у Кіеве, але тая ступень адзінства краіны, якая была дасягнутая раней, была незваротна страчаная.

На з'ездзе князёў Рурыкавічаў удалося дамовіцца аб захаванні адзінства дзяржавы. Аднак на самай справе гэты з'езд фармальна замацаваў прынцып будучай палітычнай раздробленасці — удзельшчыны: «кожны трымае вотчыну сваю». З гэтага часу практычна перастала існаваць адзінаўладдзе князёў Кіева. Праўда, кіеўскі пасад яшчэ доўга заставаўся прэстыжным. Намінальна ён даваў вярхоўную ўладу над усімі рускімі землямі.

Да ліку найбольш значных цэнтраў перыяду палитычнай раздробленасці адносяць Наўгародскую зямлю, Галіцка-Валынскае, Уладзіміра-Суздальскае, Полацкае і шэраг іншых княстваў. Адрозненні ў традыцыях, сацыяльна-эканамічным развіцці і геапалітычным становішчы рэгіёнаў Старажытнай Русі прывялі да складвання розных мадэляў улады і кіравання княствамі. У Галіцка-Валынскай зямлі назіралася супрацьстаянне моцнага баярства і князя, ва Уладзіміра-Суздальскай склалася моцная княжацкая ўлада. У Наўгародскай зямлі фактычна існаваў рэспубліканскі лад.

3. Наўгародская зямля — баярская рэспубліка

Ноўгарад быў адным з цэнтраў старажытнарускай дзяржаўнасці. Больш за тое, ён быў адным з найбуйнейшых гарадоў Сярэднявечча. Ноўгарад, як і Кіеў, прэтэндаваў на статус цэнтра палітычнай улады ў Старажытнай Русі.

Для Ноўгарада была характэрная адмысловая форма дзяржаўнасці — вечавая баярская рэспубліка. Баяры, якія выйшлі з радавой знаці, заўсёды прымалі актыўны ўдзел у зборы дзяржаўных даходаў і кантролі над імі. Гэтым Ноўгарад адрозніваўся ад паўднёварускіх зямель. Маючы кантроль над казной, наўгародскія баяры змаглі захаваць свае правы.

Барацьба Ноўгарада за самастойнасць на мяжы XI—XII стст. прынесла свой плён. Палітычную незалежнасць ён атрымаў у 1136 г. пасля выгнання князя па рашэнні веча. З гэтага часу наўгародцы сталі запрашаць сабе князя. Пагаджаючыся на княжанне, той падпісваў спецыяльны дагавор, у якім апісваліся ўмовы яго праўлення.

Найвышэйшая ўлада ў Ноўгарадзе знаходзілася ў руках агульнагарадскога веча. Менавіта яно выдавала законы, складала і скасоўвала дагаворы з князямі, выбірала на вышэйшыя пасады, устанаўлівала павіннасці. У гэтых умовах улада князя была абмежаванай і зводзілася ў асноўным да арганізацыі абароны ад знешняй небяспекі.

У сувязі з тым, што пагроза з боку манголаў узрасла і частка княстваў трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды, у Ноўгарадзе яшчэ больш умацоўваўся рэспубліканскі лад, а функцыі князя абмяжоўваліся. З канца XIII ст. фактычным кіраўніком рэспублікі быў пасаднік, які выбіраўся штогод.

Некаторыя гісторыкі бачылі ў Наўгародскай баярскай рэспубліцы прыклад народаўладдзя, лічачы, што на веча прысутнічала ўсё мужчынскае насельніцтва. Аднак даследаванні паказалі, што рэальная ўлада належала групе заможных землеўласнікаў і гандлёвых гарадскіх сем'яў, якіх было каля 300. Сістэма ўлады, якая склалася ў Ноўгарадзе, не дазволіла раздрабніць наўгародскія землі.

4. Уладзіміра-Суздальскае княства. Пачатак узвышэння Масквы

Сярод княстваў паўночнага ўсходу Русі асаблівае месца заняло Уладзіміра-Суздальскае. Гэтыя землі, аддаленыя ад старажытных цэнтраў Кіеўскай дзяржавы, толькі паступова засяляліся славянамі. Аб'яднанне названых тэрыторый у княства пачаў Юрый Далгарукі. У 1147 г. ён сустрэўся са сваімі саюзнікамі ў невялікім мястэчку Масква. Гэта першы ўспамін пра Маскву ў летапісах, Юрый Далгарукі лічыцца заснавальнікам горада. Доўгі час Масква не мела важнага палітычнага значэння.

Рэзідэнцыяй Андрэя Багалюбскага (сына Юрыя Далгарукага) стаў горад Уладзімір. Новаму князю ўдалося на некаторы час захапіць Кіеў і атрымаць тытул вялікага князя, але ў Кіеве ён не застаўся і вярнуўся на паўночны ўсход, заснаваўшы ўстойлівую княжацкую дынастыю. Быў створаны новы стабільны палітычны цэнтр на Русі. Ва Уладзіміра-Суздальскім княстве сфарміравалася традыцыя моцнай улады князёў. Гэта стала магчымым таму, што гарады былі слабымі, органы самакіравання ў нядаўна заселеных землях адсутнічалі. Князі імкнуліся зрабіць горад Уладзімір падобным на Кіеў і вялі актыўнае будаўніцтва.

У 1238 г. манголы знішчылі многія гарады на паўночным усходзе. Аднак у цэлым мангола-татарскае нашэсце аказалася для гэтага рэгіёна не настолькі спусташальным, як для паўднёвых зямель Русі. Пасля разгрому Кіева ў 1240 г. мноства людзей стала перабірацца ў Залескую зямлю, як называлі Уладзіміра-Суздальскае княства. Вялікае значэнне для далейшага развіцця княства мелі наяўнасць у прадстаўнікоў мясцовай дынастыі тытула вялікага князя і пераезд мітрапаліта з Кіева ва Уладзімір, што зрабіла княства галоўным царкоўным цэнтрам.

Аднак Уладзіміра-Суздальскае княства было падпарадкавана Залатой Ардзе і плаціла спусташальную даніну мангольскім ханам. Нярэдка паўночна-ўсходнія землі цярпелі і разбуральныя мангольскія набегі. Неўзабаве пасля мангола-татарскага нашэсця княства раскалолася на мноства ўдзелаў. Адным з малых княстваў стала Маскоўскае. Першым паспяховым яго князем стаў Іван Каліта. Яму ўдалося падтрымліваць сяброўскія адносіны з ханамі Залатой Арды, збіраючы для іх даніну і ўзбагачаючы гэтым Маскву. Цяпер мітрапаліт пераехаў у Маскву. Маскоўскія князі пачалі доўгую барацьбу за аб'яднанне паўночна-ўсходніх зямель Русі.

5. Дзяржаўны лад паўднёвых і заходніх славян

У сярэдзіне XI ст. адбывалася ўзмацненне Чэшскага княства. У 1055 г. «Закон сеньёрата Бржэціслава I» замацаваў прынцып сеньёрата, упарадкаваўшы сістэму атрымання ў спадчыну пасада. Гэты прынцып прадугледжваў пераход вярхоўнай улады і ўсёй тэрыторыі краіны да старэйшага ў княжацкім родзе. У 1198 г. чэшскі князь Пржэмысл Атакар I атрымаў тытул караля, а дзяржава — статус каралеўства. Тады ж, у другой палове XII ст., у чэшскіх землях пачаў фарміравацца сейм. У яго рабоце прымалі ўдзел духавенства, паны, рыцары, а пазней і мяшчане каралеўскіх гарадоў. Спачатку ён быў дарадчым органам пры каралю і не меў заканадаўчай ініцыятывы. Паступова функцыі сейма пашыраліся. У XIII ст. ён стаў самастойным саслоўна-прадстаўнічым органам. З гэтага часу сейм выбіраў чэшскага караля. Такім чынам, да пачатку XIV ст. у Чэхіі склалася саслоўна-прадстаўнічая манархія. Пасля заканчэння гусіцкіх войнаў (1419—1434 гг.) уплыў саслоўяў значна ўзмацніўся.

Прынцып сеньёрата быў замацаваны і ў Статуце польскага князя Баляслава III Крывавустага (1138 г.). З гэтым дакументам звязваюць пачатак палітычнай раздробленасці ў Польскім каралеўстве. Міжусобіцы прывялі да паслаблення дзяржавы і падзення яе міжнароднага прэстыжу. У 1180 г. палякі вырашылі адмовіцца ад прынцыпу сеньёрату. У канцы XIII ст. частка польскіх земляў апынулася пад уладай чэшскага караля.

Аб'яднанне польскіх зямель адбывалася ў сярэдзіне XIV ст. Гэты працэс пачаў польскі кароль Уладзіслаў Лакетак, а завяршыў яго сын Казімір Вялікі. Пасля аб'яднання значнай часткі зямель пад сваёй уладай ён выдаў Статут, які рэгуляваў кіраванне дзяржавай. У перыяд яго праўлення стала афармляцца саслоўна-прадстаўнічая манархія. Улада караля была абмежавана сеймам. Атрыманне саслоўямі прывілеяў з боку караля значна ўзмацняла іх пазіцыі і ролю ў палітычным жыцці Польскага каралеўства.

Частка паўднёвых славян у сілу ўнутраных і знешніх прычын страціла сваю дзяржаўнасць і пражывала ў складзе іншых дзяржаў. Незалежнасць на працягу некаторага часу змаглі захаваць балгары і сербы. У Другім Балгарскім царстве адбылося зацвярджэнне юрыдычнага спадчыннага права манарха, за якім замацаваўся тытул «цар і самадзержац балгар». Гэты тытул пераходзіў у спадчыну. Аднак у другой палове XIII — пачатку XIV ст. яшчэ пры жыцці правіцеля стала праводзіцца каранацыя яго спадчынніка. Гэта было звязана з узмацненнем уплыву савета баляраў, які дзейнічаў пры цары.

У яго ўваходзілі магнаты, члены кіроўнай дынастыі, якія займалі найвышэйшыя адміністрацыйныя пасады ў царстве. Прынцып спадчыннасці ўлады ў Балгарскім царстве быў парушаны ў сярэдзіне XIII ст., да чаго прывялі міжусобныя войны, падтрыманыя суседнімі дзяржавамі. Гэта пацягнула за сабой раздробленасць і паслабленне краіны, якая ў канцы XIV ст. была заваяваная Асманскай імперыяй.

У пачатку XIII ст. сербски правіцель Стэфан атрымаў тытул караля ад папы рымскага. Аднак у 1219 г. ён каранаваўся яшчэ раз, ужо па праваслаўным узоры, узяўшы тытул цара. Ён увайшоў у гісторыю як цар Стэфан Першавенчаны.

У пачатку XIV ст. у Сербскім царстве назіралася ўзмацненне цэнтральнай улады. Аднак ужо ў сярэдзіне XIV ст. яно распалася на ўдзельныя княствы. У 1372 г. у Сербію ўварваліся туркі-асманы, якія ў хуткім часе яе захапілі. 15 чэрвеня 1389 г. на Косавым полі адбылася вырашальная бітва, падчас якой сербскія і баснійскія войскі былі разбітыя. Сербія трапіла ў васальную залежнасць ад Асманскай імперыі.

Раннія славянскія дзяржавы фармірваліся ў ходзе заваявання і аб'яднання розных плямён пад уладай аднаго князя. Княжацкая дружына выконвала як ваенныя, так і адміністрацыйныя функцыі, складаючы апарат кіравання. З часам улада князя стала спадчыннай. Гэта прывяло да ўзнікнення княжацкіх дынастый. Паміж іх прадстаўнікамі пачалася барацьба за пасад. Вынікам міжусобных войнаў была раздробленасць. У Старажытнай Русі гэта фактычна прывяло да самастойнасці асобных княстваў. У заходніх славян распаду дзяржаў не адбылося. З пачаткам працэсаў аб'яднання і цэнтралізацыі ў Польшчы і Чэхіі пачалося фарміраванне саслоўна-прадстаўнічых манархій і ўмацаванне пазіцый розных саслоўяў.

Пытанні

1. Назавіце прычыны фарміравання дзяржавы. Ахарактарызуйце княжацка‑дружынную сістэму дзяржаўнага кіравання.

2. Вызначце прычыны, якія прывялі да пачатку раздробленасці на старажытнарускіх землях. Складзіце схему па пункце 2 дадзенага параграфа.

3. Якая падзея лічыцца пачаткам палітычнай раздробленасці Старажытнай Русі? З дапамогай матэрыялу параграфа пацвердзіце ці аспрэчце гэтае традыцыйнае меркаванне.

4. Што прывяло да складання розных мадэляў улады і кіравання княствамі на тэрыторыі Старажытнай Русі?

5. Ахарактарызуйце Наўгародскую баярскую рэспубліку, выкарыстоўваючы схему ў пункце 3 і матэрыял параграфа. Чым вы растлумачыце тое, што ў Ноўгарадзе склалася сваеасаблівая сістэма кіравання? Параўнайце сістэмы кіравання Ноўгарадам і Старажытным Рымам рэспубліканскага перыяду. Зрабіце выснову.

6. Назавіце не менш за тры прычыны ўзвышэння Уладзіміра-­Суздальскага княства.

7. Параўнайце дзяржаўны лад усходніх, заходніх і паўднёвых славян. Складзіце табліцу. Крытэрыі для параўнання вызначце самастойна. Вылучыце асаблівасці развіцця дзяржаўнага ладу славянскіх дзяржаў.

8. Уявіце сябе ўдзельнікам навуковай канферэнцыі, прысвечанай перыяду раздробленасці ў гісторыі славянскіх дзяржаў. Выкажыце сваё меркаванне адносна галоўнага пытання канферэнцыі: «Раздробленасць перыяду феадалізму — ​гэта заканамерны этап развіцця грамадства?»

9. Напішыце ад імя купца Вялікага Княства Літоўскага ліст з расповедам пра паездку ў Ноўгарад.