§ 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін

3. Наўгародская зямля — баярская рэспубліка

Ноўгарад быў адным з цэнтраў старажытнарускай дзяржаўнасці. Больш за тое, ён быў адным з найбуйнейшых гарадоў Сярэднявечча. Ноўгарад, як і Кіеў, прэтэндаваў на статус цэнтра палітычнай улады ў Старажытнай Русі.

Для Ноўгарада была характэрная адмысловая форма дзяржаўнасці — вечавая баярская рэспубліка. Баяры, якія выйшлі з радавой знаці, заўсёды прымалі актыўны ўдзел у зборы дзяржаўных даходаў і кантролі над імі. Гэтым Ноўгарад адрозніваўся ад паўднёварускіх зямель. Маючы кантроль над казной, наўгародскія баяры змаглі захаваць свае правы.

Барацьба Ноўгарада за самастойнасць на мяжы XI—XII стст. прынесла свой плён. Палітычную незалежнасць ён атрымаў у 1136 г. пасля выгнання князя па рашэнні веча. З гэтага часу наўгародцы сталі запрашаць сабе князя. Пагаджаючыся на княжанне, той падпісваў спецыяльны дагавор, у якім апісваліся ўмовы яго праўлення.

Найвышэйшая ўлада ў Ноўгарадзе знаходзілася ў руках агульнагарадскога веча. Менавіта яно выдавала законы, складала і скасоўвала дагаворы з князямі, выбірала на вышэйшыя пасады, устанаўлівала павіннасці. У гэтых умовах улада князя была абмежаванай і зводзілася ў асноўным да арганізацыі абароны ад знешняй небяспекі.

У сувязі з тым, што пагроза з боку манголаў узрасла і частка княстваў трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды, у Ноўгарадзе яшчэ больш умацоўваўся рэспубліканскі лад, а функцыі князя абмяжоўваліся. З канца XIII ст. фактычным кіраўніком рэспублікі быў пасаднік, які выбіраўся штогод.

Некаторыя гісторыкі бачылі ў Наўгародскай баярскай рэспубліцы прыклад народаўладдзя, лічачы, што на веча прысутнічала ўсё мужчынскае насельніцтва. Аднак даследаванні паказалі, што рэальная ўлада належала групе заможных землеўласнікаў і гандлёвых гарадскіх сем'яў, якіх было каля 300. Сістэма ўлады, якая склалася ў Ноўгарадзе, не дазволіла раздрабніць наўгародскія землі.