§ 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін

2. Старажытнарускія зямлі ў перыяд раздробленасці

Пачатак удзельнага драблення ў старажытнарускай дзяржаве прыйшоўся на канец XI ст., калі сталі з'яўляцца асобныя княства. На чале іх стаялі князі з роду Рурыкавічаў, г. зн. бліжэйшыя сваякі вялікага кіеўскага князя. Яны ўжо не мелі магчымасці атрымаць кіеўскі пасад, але хацелі ўтрымаць за сабой зямлі, якімі кіравалі. Нярэдка яны былі багацейшымі і мацнейшымі за кіеўскага князя. Яны імкнуліся зрабіць свае надзелы цэнтрамі гандлю, рамёстваў, культуры, павялічыць колькасць насельніцтва і атрымаць падтрымку царквы. Паступова княствы сталі цалкам незалежнымі ад Кіева.

У барацьбе за ўладу і тэрыторыю князі, якія сапернічалі, выкарыстоўвалі то печанегаў, то палякаў, то наёмныя варажскія дружыны. Міжусобіцы прывялі да паслаблення ўсходнеславянскіх княстваў. Усё гэта мела негатыўныя наступствы і для эканомікі старажытнарускіх земляў.

Ужо пасля смерці князя Яраслава Мудрага асноўная тэрыторыя дзяржавы і палітычная ўлада былі падзеленыя паміж яго сынамі. Яны яшчэ падпарадкоўваліся старэйшаму брату, які займаў пасад у Кіеве, але тая ступень адзінства краіны, якая была дасягнутая раней, была незваротна страчаная.

На з'ездзе князёў Рурыкавічаў удалося дамовіцца аб захаванні адзінства дзяржавы. Аднак на самай справе гэты з'езд фармальна замацаваў прынцып будучай палітычнай раздробленасці — удзельшчыны: «кожны трымае вотчыну сваю». З гэтага часу практычна перастала існаваць адзінаўладдзе князёў Кіева. Праўда, кіеўскі пасад яшчэ доўга заставаўся прэстыжным. Намінальна ён даваў вярхоўную ўладу над усімі рускімі землямі.

Да ліку найбольш значных цэнтраў перыяду палитычнай раздробленасці адносяць Наўгародскую зямлю, Галіцка-Валынскае, Уладзіміра-Суздальскае, Полацкае і шэраг іншых княстваў. Адрозненні ў традыцыях, сацыяльна-эканамічным развіцці і геапалітычным становішчы рэгіёнаў Старажытнай Русі прывялі да складвання розных мадэляў улады і кіравання княствамі. У Галіцка-Валынскай зямлі назіралася супрацьстаянне моцнага баярства і князя, ва Уладзіміра-Суздальскай склалася моцная княжацкая ўлада. У Наўгародскай зямлі фактычна існаваў рэспубліканскі лад.