§ 13. Палітычнае развіццё славянскага свету ў Сярэднявеччы

3. Славянскія землі ў перыяд раздробленасці

У ХІІ ст. у гісторыі славян пачаўся перыяд палітычнай раздробленасці. Існуюць розныя думкі адносна яго прычын. Адны гісторыкі называюць у якасці галоўнай перадумовы раздробленасці ўвядзенне прынцыпу сеньёрату. Іншыя бачаць яе ў феадальным спосабе вытворчасці, які грунтаваўся на ўзмацненні эксплуатацыі феадальна-­залежных сялян, а не на даходах ад збору падаткаў і атрымання прыбытку шляхам ваенных паходаў. Таксама сярод фактараў, якія садзейнічалі пачатку раздробленасці, называюць этнічную неаднароднасць насельніцтва Старажытнай Русі і знешнепалітычныя фактары, адсутнасць цэнтралізаванай сістэмы кіравання.

У другой палове ХІІ ст. Старажытная Русь канчаткова распалася на шэраг самастойных княстваў. Найбольш значнымі ў той час былі Кіеўскае княства (якое ў выніку разбуральнага нашэсця манголаў у 1237–1240 гг. страціла ролю цэнтра аб’яднання рускіх зямель), Уладзіміра-­Суздальскае, Галіцка-­Валынскае, Полацкае княствы, Наўгародская зямля і некаторыя іншыя княствы. На чале ўсіх гэтых дзяржаўных утварэнняў знаходзіліся прадстаўнікі дынастыі Рурыкавічаў.

Палітычная раздробленасць Старажытнай Русі існавала ва ўмовах узмацнення знешняй пагрозы. На берагах Балтыйскага мора замацаваліся крыжаносцы з Германіі і іншых еўрапейскіх краін, якія імкнуліся хрысціць язычнікаў Літвы і іншых зямель Балтыі. На поўдні і ўсходзе мангольскія заваёўнікі знішчылі многія старыя палітычныя цэнтры, разрабавалі тэрыторыю і прызначылі цяжкую даніну. Мангольскія ханы Залатой Арды рознымі спосабамі падтрымлівалі раз’яднанасць зямель. Раздробленасць аслабляла магчымасці да супраціўлення.

Толькі ў ХIV ст. стала ўзмацняцца Маскоўскае княства, правіцелі якога пачалі весці барацьбу за збіранне рускіх зямель. На захадзе ўсходнеславянскія землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Гэта прадвызначыла ў будучым барацьбу дзвюх дзяржаў за спадчыну і распаўсюджанне ўплыву на тэрыторыі, што ўваходзілі раней у склад Старажытнай Русі.

Ваенны ўплыў Залатой Арды быў аслаблены Кулікоўскай бітвай 1380 г. Маскоўскі князь Дзмітрый Данской узначаліў войска, сфарміраванае многімі рускімі княствамі, і атрымаў перамогу над мангола-татарамі. Аднак яшчэ 100 гадоў маскоўскія князі плацілі цяжкую даніну залатаардынскім ханам. Тым не менш з гэтага часу менавіта Маскоўскае княства стала прызнаным лідарам аб’яднання. Практычна ўся тэрыторыя цэнтральнай Расіі апынулася пад уладай Масквы. Нават моцная Наўгародская рэспубліка на поўначы пасля шэрагу ваенных паражэнняў вымушана была лічыцца з меркаваннем маскоўскіх князёў.

У пачатку ХІ ст. Візантыі ўдалося захапіць аслабелае Першае Балгарскае царства. На працягу больш як 150 гадоў балгары вялі барацьбу супраць Візантыі. Яе вынікам стала вызваленне і ўтварэнне Другога Балгарскага царства (1187–1396). Аднак ужо ў XІV ст. балгары не змаглі процістаяць турэцкім заваёўнікам, іх землі апынуліся ў складзе Асманскай імперыі.

У 1372 г. туркі-­асманы ўварваліся на тэрыторыю Сербіі і ў хуткім часе захапілі яе. 15 чэрвеня 1389 г. на Косавым полі адбылася вырашальная бітва, у ходзе якой сербскія вой­скі былі разбіты. Сербія трапіла ў васальную залежнасць ад Асманскай імперыі.

Разам з тым частка славян змагла ўмацаваць свае дзяржавы. Гаворка ідзе пра Чэшскае і Польскае княствы. У пачатку ХІ ст. у Чэшскім княстве барацьба за велікакняжацкі тытул суправаджалася канфліктамі паміж мясцовымі князямі. Яна ўс­кладнялася ўмяшаннем Свяшчэннай Рымскай імперыі і Польшчы. З‑за міжусобіц чэшскі князь у сярэдзіне ХІ ст. вымушаны быў прызнаць васальную залежнасць ад імператара. Аднак ужо ў 1158 г. ён атрымаў тытул караля. Завяршэнне перыяду раздробленасці звязваюць з кіраваннем чэшскага караля Пржэмысла І Атакара (1197–1230). Выкарыстоўваючы слабасці Свяшчэннай Рымскай імперыі, ён дабіўся прывілей для сваёй дзяржавы. Гэта дало магчымасць Чэшскаму каралеўству ўжо ў другой палове ХІІІ ст. стаць адным з буйнейшых у Цэнтральнай Еўропе. У ХІІІ–ХІV стст. Чэшскае каралеўства перажывала росквіт. Ён быў звязаны з дзейнасцю чэшскага караля і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла ІV Люксембурга (1346–1378), які зрабіў Прагу цэнтрам велізарнай дзяржавы.

Пасля перыяду раздробленасці польскіх зямель, які пачаўся ў сярэдзіне ХІІ ст., ужо ў сярэдзіне ХІV ст. стаў адбывацца працэс іх аб’яднання. Пасля абмежавання мясцовай дынастыі Пястаў польская знаць пайшла на збліжэнне з Вялікім Княствам Літоўскім і падпісанне Крэўскай уніі. У выніку дынастычнага шлюбу з польскай каралевай Ядвігай вялікі кароль літоўскі Ягайла стаў каралём Польшчы. Ядвіга памерла, не нарадзіўшы нашчадка, затое шлюб Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай прывёў да з’яўлення еўрапейскай дынастыі Ягелонаў. Амаль на 200 гадоў гэтая дынастыя замацавалася на польскім троне. Некаторы час Ягелоны былі чэшскімі і венгерскімі каралямі.

Пытанне аб прарадзіме славян застаецца дыскусійным. Іх падзел на моўныя групы і плямёны адбываўся ў працэсе рассялення на велізарнай тэрыторыі ад Балтыкі да Міжземнамор’я. Асноўнымі цэнтрамі станаўлення славянскай дзяржаўнасці сталі Старажытная Русь, Польшча, Чэхія, Балгарыя, Сербія, Харватыя. На працягу ўсяго Сярэднявечча славянскім краінам даводзілася весці цяжкую барацьбу за тэрыторыі з суседнімі дзяржавамі, таму межы дзяржаў, а значыць і рассялення народаў, часта мяняліся.

На працэс стварэння адзінай дзяржавы ў розных груп славян аказалі ўздзеянне розныя фактары. Сярод князёў вылучаліся правіцелі, якія мелі ўплыў унутры зямель і за іх межамі. Яны прэтэндавалі на ролю аб’яднальнікаў. Важную ролю адыгрывалі прыналежнасць да адной рэлігіі, моўная блізкасць насельніцтва, агульнасць традыцый. Да яднання падштурхоўвала і знешняя пагроза: на поўначы Еўропы яе ўяўлялі крыжаносцы, а на поўдні — ​туркі.