Печатать книгуПечатать книгу

§ 13. Палітычнае развіццё славянскага свету ў Сярэднявеччы

Якім чынам адбывалася станаўленне дзяржаў у славян?

Пералічыце групы славянскіх народаў. Калі яны з’явіліся ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе? Назавіце прыкметы дзяржавы. У чым былі прычыны і значэнне Вялікага перасялення народаў у сусветнай гісторыі? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас; гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 13. Палітычнае развіццё славянскага свету ў Сярэднявеччы
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 16 Май 2024, 23:31

1. З’яўленне славян і пачатак славянскай дзяржаўнасці

Вучоныя адносяць з’яўленне славян да першай паловы І тысячагоддзя і адзначаюць, што яны насялялі Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Больш дакладна вызначыць тэрыторыю першапачатковага пражывання славян пакуль складана. Часцей за ўсё лічыцца, што славяне пражывалі паміж рэкамі Лабай (сучасная Эльба) і Віслай, Дняпром і Днястром, на поўнач ад Карпат. Аднак пытанне аб іх прарадзіме застаецца адкрытым. Адна з апошніх тэорый сцвярджае, што найстарэйшая археалагічная культура, якая суадносіцца са славянамі, знойдзена ў беларускім Палессі і датуецца IV ст.

Славяне сталі хутка рассяляцца ў Еўропе. У пачатку VІ ст. яны з’явіліся на Дунаі, адкуль прайшлі на Балканы. Славяне засялілі і тэрыторыю сучасных Чэхіі і Польшчы. Некаторыя плямёны пасяліліся на Дняпры і далей на поўнач. У ходзе Вялікага перасялення народаў адбываўся працэс этнічнай дыферэнцыяцыі, у выніку якога выдзеліліся ўсходнія, паўднёвыя і заходнія славяне. Дагэтуль славяне, якія размаўляюць на блізкіх мовах, застаюцца самай шматлікай моўнай групай Еўропы. Менавіта блізкасць мовы дала магчымасць аўтару «Аповесці мінулых гадоў» вылучыць славян сярод іншых плямёнаў.

У ходзе рассялення славянам давялося не толькі заваёўваць новыя землі, але і адбіваць напады непрыяцеля. Паступова праз войны адбывалася накапленне багаццяў асобнымі плямёнамі. Гэта прывяло да з’яўлення маёмаснай і сацыяльнай няроўнасці, вылучэння ваеннага лідара племені (князя) і яго дружыны.

2. Утварэнне першых славянскіх дзяржаў

Першапачаткова славяне жылі родамі і плямёнамі на чале з князямі. Неабходнасць абароны ад больш моцных суседзяў і імкненне пашырыць сферу свайго ўплыву прывялі да аб’яднання плямёнаў і стварэння племянных саюзаў. Яны станавіліся асновай будучых славянскіх дзяржаў. Асноўнымі цэнтрамі станаўлення дзяржаўнасці ў славян сталі Старажытная Русь (нейкі час у яе ўваходзілі Полацкае і Тураўскае княствы), Польшча, Чэхія, Балгарыя, Сербія, Харватыя.

На працягу ўсяго Сярэднявечча славяне вялі барацьбу за тэрыторыі з суседнімі дзяржавамі. З‑за гэтага межы дзяржаў, а адпаведна і арэал рассялення народаў, часта мяняліся.

Першымі славянскімі дзяржаўнымі аб’яднаннямі сталі Саюз сямі плямёнаў і дзяржава Сáма, утвораныя ў VII ст. Гэтыя дзяржавы былі няўстойлівымі і хутка распаліся. Больш трывалым было Першае Балгарскае царства (681–1018). Імкнучыся пашырыць свой уплыў і тэрыторыі, яно вяло вой­ны з суседнімі дзяржавамі.

У ІХ ст. у большасці славян ішоў працэс фарміравання дзяржаўнасці. Першым буйны`м палітычным аб’яднаннем заходніх славян стала Вялікая Маравія. Праўда, дзяржава гэта апынулася нетрывалай і ў хуткім часе была разгромлена суседзямі. На яе руінах у канцы Х ст. узнікла Чэшскае княства.

У сярэдзіне ІХ ст. ішоў працэс стварэння польскай дзяржавы. Цэнтрам аб’яднання выступіла племя палян. Як вынік, у другой палове Х — ​першай чвэрці ХІ ст. былі закладзены асновы будучага Полацкага княства.

У сярэдзіне ХІ ст. афармлялася дзяржаўнасць у харватаў і сербаў, якія падпарадкавалі сабе іншыя паўднёваславянскія плямёны. За ўплыў на сербскае і харвацкае княствы змагаліся Візантыя, Рым, венгерскія правіцелі, што ў выніку прывяло да ўваходжання славян у склад іншых дзяржаў.

Важную ролю ў стварэнні славянскіх дзяржаў адыгрывалі гандлёвыя шляхі. Праз тэрыторыю пражывання ўсходніх славян праходзіў шлях «з вараг у грэкі». Уздоўж яго ўзніклі гарады, якія прэтэндавалі на ролю лідара ўсходнеславянскага свету: Ноўгарад, Кіеў і Полацк. На поўначы цэнтрам палітычнага прыцягнення стаў Ноўгарад, а на поўдні — ​Кіеў. Паміж імі ішло саперніцтва за пашырэнне ўплыву. Наўгародцы ў 862 г. прызвалі на княжанне варажскага князя Рурыка. Ён стаў заснавальнікам роду Рурыкавічаў, які быў першай княжацкай дынастыяй. У 882 г. наўгародскі князь Алег захапіў Кіеў, пакарыў суседнія плямёны і паклаў пачатак іх аб’яднанню ў адзінай дзяржаве — ​Старажытнай Русі (Кіеўскай Русі).

Сталіцай Старажытнай Русі стаў горад Кіеў. У гэтую дзяржаву ўвайшлі ўсе ўсходнеславянскія плямёны, а таксама многія суседнія народы. Старажытная Русь некалькі стагоддзяў панавала ва Усходняй Еўропе. Кіеўскі князь Уладзімір у 988 г. прыняў хрысціянства з Канстанцінопаля. Пасля гэтага ён значна ўмацаваў і пашырыў дзяржаву. Яго сын — ​князь Яраслаў Мудры — ​зрабіў Кіеў адным з квітнеючых гарадоў на ўсходзе Еўропы. Ён парадніўся праз дынастычныя шлюбы з многімі правіцелямі Еўропы, што сведчыць пра шырокае прызнанне Старажытнай Русі.

3. Славянскія землі ў перыяд раздробленасці

У ХІІ ст. у гісторыі славян пачаўся перыяд палітычнай раздробленасці. Існуюць розныя думкі адносна яго прычын. Адны гісторыкі называюць у якасці галоўнай перадумовы раздробленасці ўвядзенне прынцыпу сеньёрату. Іншыя бачаць яе ў феадальным спосабе вытворчасці, які грунтаваўся на ўзмацненні эксплуатацыі феадальна-­залежных сялян, а не на даходах ад збору падаткаў і атрымання прыбытку шляхам ваенных паходаў. Таксама сярод фактараў, якія садзейнічалі пачатку раздробленасці, называюць этнічную неаднароднасць насельніцтва Старажытнай Русі і знешнепалітычныя фактары, адсутнасць цэнтралізаванай сістэмы кіравання.

У другой палове ХІІ ст. Старажытная Русь канчаткова распалася на шэраг самастойных княстваў. Найбольш значнымі ў той час былі Кіеўскае княства (якое ў выніку разбуральнага нашэсця манголаў у 1237–1240 гг. страціла ролю цэнтра аб’яднання рускіх зямель), Уладзіміра-­Суздальскае, Галіцка-­Валынскае, Полацкае княствы, Наўгародская зямля і некаторыя іншыя княствы. На чале ўсіх гэтых дзяржаўных утварэнняў знаходзіліся прадстаўнікі дынастыі Рурыкавічаў.

Палітычная раздробленасць Старажытнай Русі існавала ва ўмовах узмацнення знешняй пагрозы. На берагах Балтыйскага мора замацаваліся крыжаносцы з Германіі і іншых еўрапейскіх краін, якія імкнуліся хрысціць язычнікаў Літвы і іншых зямель Балтыі. На поўдні і ўсходзе мангольскія заваёўнікі знішчылі многія старыя палітычныя цэнтры, разрабавалі тэрыторыю і прызначылі цяжкую даніну. Мангольскія ханы Залатой Арды рознымі спосабамі падтрымлівалі раз’яднанасць зямель. Раздробленасць аслабляла магчымасці да супраціўлення.

Толькі ў ХIV ст. стала ўзмацняцца Маскоўскае княства, правіцелі якога пачалі весці барацьбу за збіранне рускіх зямель. На захадзе ўсходнеславянскія землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Гэта прадвызначыла ў будучым барацьбу дзвюх дзяржаў за спадчыну і распаўсюджанне ўплыву на тэрыторыі, што ўваходзілі раней у склад Старажытнай Русі.

Ваенны ўплыў Залатой Арды быў аслаблены Кулікоўскай бітвай 1380 г. Маскоўскі князь Дзмітрый Данской узначаліў войска, сфарміраванае многімі рускімі княствамі, і атрымаў перамогу над мангола-татарамі. Аднак яшчэ 100 гадоў маскоўскія князі плацілі цяжкую даніну залатаардынскім ханам. Тым не менш з гэтага часу менавіта Маскоўскае княства стала прызнаным лідарам аб’яднання. Практычна ўся тэрыторыя цэнтральнай Расіі апынулася пад уладай Масквы. Нават моцная Наўгародская рэспубліка на поўначы пасля шэрагу ваенных паражэнняў вымушана была лічыцца з меркаваннем маскоўскіх князёў.

У пачатку ХІ ст. Візантыі ўдалося захапіць аслабелае Першае Балгарскае царства. На працягу больш як 150 гадоў балгары вялі барацьбу супраць Візантыі. Яе вынікам стала вызваленне і ўтварэнне Другога Балгарскага царства (1187–1396). Аднак ужо ў XІV ст. балгары не змаглі процістаяць турэцкім заваёўнікам, іх землі апынуліся ў складзе Асманскай імперыі.

У 1372 г. туркі-­асманы ўварваліся на тэрыторыю Сербіі і ў хуткім часе захапілі яе. 15 чэрвеня 1389 г. на Косавым полі адбылася вырашальная бітва, у ходзе якой сербскія вой­скі былі разбіты. Сербія трапіла ў васальную залежнасць ад Асманскай імперыі.

Разам з тым частка славян змагла ўмацаваць свае дзяржавы. Гаворка ідзе пра Чэшскае і Польскае княствы. У пачатку ХІ ст. у Чэшскім княстве барацьба за велікакняжацкі тытул суправаджалася канфліктамі паміж мясцовымі князямі. Яна ўс­кладнялася ўмяшаннем Свяшчэннай Рымскай імперыі і Польшчы. З‑за міжусобіц чэшскі князь у сярэдзіне ХІ ст. вымушаны быў прызнаць васальную залежнасць ад імператара. Аднак ужо ў 1158 г. ён атрымаў тытул караля. Завяршэнне перыяду раздробленасці звязваюць з кіраваннем чэшскага караля Пржэмысла І Атакара (1197–1230). Выкарыстоўваючы слабасці Свяшчэннай Рымскай імперыі, ён дабіўся прывілей для сваёй дзяржавы. Гэта дало магчымасць Чэшскаму каралеўству ўжо ў другой палове ХІІІ ст. стаць адным з буйнейшых у Цэнтральнай Еўропе. У ХІІІ–ХІV стст. Чэшскае каралеўства перажывала росквіт. Ён быў звязаны з дзейнасцю чэшскага караля і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла ІV Люксембурга (1346–1378), які зрабіў Прагу цэнтрам велізарнай дзяржавы.

Пасля перыяду раздробленасці польскіх зямель, які пачаўся ў сярэдзіне ХІІ ст., ужо ў сярэдзіне ХІV ст. стаў адбывацца працэс іх аб’яднання. Пасля абмежавання мясцовай дынастыі Пястаў польская знаць пайшла на збліжэнне з Вялікім Княствам Літоўскім і падпісанне Крэўскай уніі. У выніку дынастычнага шлюбу з польскай каралевай Ядвігай вялікі кароль літоўскі Ягайла стаў каралём Польшчы. Ядвіга памерла, не нарадзіўшы нашчадка, затое шлюб Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай прывёў да з’яўлення еўрапейскай дынастыі Ягелонаў. Амаль на 200 гадоў гэтая дынастыя замацавалася на польскім троне. Некаторы час Ягелоны былі чэшскімі і венгерскімі каралямі.

Пытанне аб прарадзіме славян застаецца дыскусійным. Іх падзел на моўныя групы і плямёны адбываўся ў працэсе рассялення на велізарнай тэрыторыі ад Балтыкі да Міжземнамор’я. Асноўнымі цэнтрамі станаўлення славянскай дзяржаўнасці сталі Старажытная Русь, Польшча, Чэхія, Балгарыя, Сербія, Харватыя. На працягу ўсяго Сярэднявечча славянскім краінам даводзілася весці цяжкую барацьбу за тэрыторыі з суседнімі дзяржавамі, таму межы дзяржаў, а значыць і рассялення народаў, часта мяняліся.

На працэс стварэння адзінай дзяржавы ў розных груп славян аказалі ўздзеянне розныя фактары. Сярод князёў вылучаліся правіцелі, якія мелі ўплыў унутры зямель і за іх межамі. Яны прэтэндавалі на ролю аб’яднальнікаў. Важную ролю адыгрывалі прыналежнасць да адной рэлігіі, моўная блізкасць насельніцтва, агульнасць традыцый. Да яднання падштурхоўвала і знешняя пагроза: на поўначы Еўропы яе ўяўлялі крыжаносцы, а на поўдні — ​туркі.

Пытанні

1. Апішыце працэс рассялення славян у сярэдзіне І тысячагоддзя. Дзе, на думку вучоных, магла знаходзіцца прарадзіма славян?

2. Паводле якога крытэрыю аўтар «Аповесці мінулых гадоў» вылучыў славян у асобную групу? Пра пачатак якога працэсу гэта сведчыць?

3. Назавіце перадумовы стварэння дзяржаў у славян. Ахарактарызуйце іх.

4. Якія падзеі суправаджалі ўтварэнне першых славянскіх дзяржаў?

5. Вызначце агульныя рысы і асаблівасці ўтварэння дзяржаў у заходніх, паўднёвых і ўсходніх славян.

6. Якія падабенствы і адрозненні перыяду раздробленасці назіраліся ў паўднёвых, заходніх і ўсходніх славян?

7. Па якіх прычынах Маскоўскае княства стала цэнтрам аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель у XV ст.?

8. Якія змены на палітычнай карце славянскага свету адбыліся ў ХІ–ХV стст.? Ахарактарызуйце іх.