Абагульняльныя пытанні і заданні да раздзела I

Абагульняльныя пытанні і заданні да раздзела I

1. Складзіце характарыстыку першабытнага грамадства, выкарыстоўваючы «воблака слоў». Дадайце паняцці, неабходныя для больш поўнай характарыстыкі эпохі першабытнасці. Размяркуйце прадстаўленыя тэрміны на групы. Крытэрыі для дыферэнцыяцыі выберыце самастойна. Складзіце характарыстыку першых дзяржаў, выкарыстоўваючы словы адной з груп або ўсіх груп.

2. Пералічыце крыніцы нашых ведаў аб старажытных цывілізацыях. Прывядзіце прыклады найбольш важных помнікаў пісьменства гэтых цывілізацый.
3. Параўнайце магчымасці першабытных людзей і нашых сучаснікаў. Зрабіце вы­снову: ці можна першабытных людзей лічыць «адсталымі»?

3-1. Раскажыце пра змены ў жыцці чалавека каменнага веку, выкарыстоўваючы табліцу «Перыяды першабытнай гісторыі». Вызначце храналагічныя рамкі перыядаў.

 3-2. Напішыце кароткі тэкст (не больш за 1500 знакаў), у якім будуць адлюстраваны змены, якія адбыліся ў ладзе жыцця людзей у ранні і неалітычны перыяд. Выкарыстайце воблака слоў:

4. Пакажыце на карце: рэгіёны з’яўлення першых людзей, дзяржавы Старажытнага Усходу і Антычнасці, імперыю Аляксандра Македонскага, эліністычныя дзяржавы. Растлумачце ўплыў прыродна-­геаграфічнага фактару на станаўленне дзяржаў.

5. Назавіце і згрупуйце характэрныя для дзяржаў Старажытнага Усходу рысы.

6. Ахарактарызуйце развіццё дзяржаў Старажытнага Усходу і Антычнасці ў адпаведнасці з планам:
а) палітыка, б) сацыяльна-­эканамічнае развіццё, в) культура.

7. Вызначце падобныя і адрозныя рысы крыцкай цывілізацыі з цывілізацыямі Старажытнага Усходу.

8. Растлумачце прычынна-­выніковыя сувязі паміж гістарычнымі фактамі:


 9. Звярніцеся да візітнай карткі вывучанага гістарычнага перыяду (гл. с. 13), падрыхтаванай вамі на першых уроках у 10-м класе. Як бы вы яе змянілі? Чаму?

10. Назавіце 5 найбольш значных з пункту гледжання далейшага развіцця чалавец­тва дасягненняў перыяду першабытнага грамадства і Старажытнага свету. Абгрунтуйце свой выбар.

11. Параўнайце выказванні старажытнаўсходніх правіцеляў пра ўладу. Ці можна на падставе іх лічыць кіраванне аўтараў прыведзеных выказванняў дэспатыяй (несправядлівым, жорсткім кіраваннем)? Знайдзіце ў слоўніку тэрмін «суб’ектыўны» і дайце яму азначэнне, зыходзячы з аналізу прапанаваных урыўкаў.

Уступ да законаў вавілонскага цара Хамурапі (XVIII ст. да н. э.)
Я — ​Хамурапі, цар дасканалы, не быў няўважлівы да чорнагаловых [людзей], якіх дараваў мне [бог] Эліль і пастырства над якімі ўручыў мне [бог] Мардук. Я не быў нядбайны. Я… адкрываў выйсце з цяжкіх бедстваў і прымусіў святло ўзысці над імі. <…> Я выкараняў міжусобіцы, палепшыў становішча краіны, пасяліў людзей у надзейных мясцінах і пазбавіў іх ад страху. <…> Я — ​цар, які пераўзыходзіць іншых цароў, мае словы выдатныя, мая мудрасць не мае сабе роўных.

Асірыйскі цар Сінахерыб праслаўляе сябе (691 г. да н. э.)
Я — ​Сінахерыб, вялікі цар, магутны цар, цар населенага свету, цар Асірыі, цар чатырох краін свету, наймудрэйшы пастыр, паслухмяны вялікім багам, захавальнік ісціны, які любіць справядлівасць, робіць добрае, прыходзіць на дапамогу ўбогаму, звяртаецца да дабра, поўны герой… першы з усіх правіцеляў, аброць, якая ўтаймоўвае свавольных, спапяляючы маланкай супастатаў. <…> непакорлівых я зброяй пабіў, трупы іх развесіў на пáлях, якія вакол горада загадаў паставіць. <…> Горад Марубішты і горад Акуду, яго рэзідэнцыі, разам з 24 гарадамі малымі, што ў наваколлі, я аблажыў, узяў, разбурыў, знёс, агнём спаліў.

12. Прачытайце ўрывак з трагедыі «Персы» старажытнагрэчаскага паэта Эсхіла (V ст. да н. э.), удзельніка Марафонскай і Саламінскай бітваў.

Не да ўцёкаў
Рыхтуючыся, эліны спявалі
Свяшчэнны гімн, але рвучыся ў бой.
Спяшаўся флот, і чуўся крык агульны:
«Наперад, о хутчэй, сыны Элады!
Ратуйце родны край, ратуйце сем’і,
Дзяцей сваіх, багоў бацькоўскіх храмы,
Магілы продкаў; бой цяпер — ​за ўсё!»
Насустрач несліся і персаў крыкі…
(Пераклад Н. Кучмель)

1. Якія пачуцці і настроі грэкаў перадае Эсхіл? Якія словы і выразы ён для гэтага выкарыстоўвае? 2. Ці можна дапусціць, што ў персаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай бітве, была падобная матывацыя? 3. Як вы лічыце, ці дае гэты верш аб’ектыўнае ўяўленне аб гістарычных падзеях? 4. Ці можна, з вашага пункту гледжання, міф або літаратурны твор лічыць гістарычнай крыніцай? Аргументуйце сваю пазіцыю.

13. Прааналізуйце тэкст грамадзянскай прысягі, высечанай на беламармуровай пліце, якая была ўсталяваная на цэнтральнай плошчы Херсанэса, і зрабіце высновы аб тым, штó жыхары горада лічылі найвышэйшымі грамадзянскімі каштоўнасцямі. Ці запатрабаваныя гэтыя каштоўнасці ў наш час?

Клянуся Зеўсам, Геяй, Геліёсам, Дзеваю, багамі і багінямі алімпійскімі, героямі, якія валодаюць горадам, тэрыторыяй і ўмацаванымі пунктамі херсанэсцаў. Я буду нязменны ў думках адносна дабрабыту і свабоды дзяржавы і грамадзян і не здраджу Херсанэсу, Керкінітыдзе, Цудоўнай Гавані і іншым умацаваным пунктам… нічога нікому — ​ні эліну, ні варвару, але буду берагчы ўсё гэта для херсанэскага народа. Я не буду абвяргаць дэмакратыі і не дазволю гэтага таму, хто здраджвае і абвяргае… Я буду служыць народу і раіць яму найлепшае і найбольш справядлівае для дзяржавы і грамадзян… Я не буду даваць або прымаць дару на шкоду дзяржаве і грамадзянам.

13-1. Якое значэнне для эканамічнага развіцця Афін і Спарты мела іх геаграфічнае становішча? У чым была перавага Афін?

13-2. Грэцыя не стварыла вялікіх імперый, але яе роля ў сусветным гістарычным працэсе і сусветнай культуры выключна вялікая. Чым гэта можна растлумачыць?

13-3. Як у мастацтве адлюстроўвалася ідэя велічы і магутнасці Рымскай імперыі? Ці можаце вы прывесці прыклады выкарыстання падобных мастацкіх сродкаў у Навейшай гісторыі?

14. Назавіце імёны найбольш значных з вашага пункту гледжання дзеячаў Старажытнага свету, якія лічацца знакавымі фігурамі а) палітыкі, б) навукі, в) культуры. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі падрыхтуйце паведам­ленне пра аднаго з іх і прадстаўце яго класу ў форме аўтабіяграфіі, буклета, рэзюмэ, флаера, інфаграфікі, водзыву сучасніка і г. д. (выберыце прыдатны для вас варыянт).

15. Разгледзьце экспазіцыю «Гліна» Метраполітэн-­музея (Нью-­Ёрк) на сайце Гугл­Арт­Акадэміі (https://artsandculture.google.com/). Падбярыце экспанаты, якія адносяцца да гісторыі Старажытнага свету, і стварыце сваю віртуальную выставу па рэгіёнах з кароткім апісаннем экспанатаў.