§ 52. Функцыі жывога рэчыва

Канцэнтрацыйная функцыя

Канцэнтрацыйная функцыя — здольнасць арганізмаў выбіральна назапашваць у сваім целе хімічныя элементы, рассеяныя ў навакольным асяроддзі, павышаючы іх утрыманне ў арганізме ў параўнанні з навакольным асяроддзем на некалькі парадкаў. Любы жывы арганізм у працэсе сваёй жыццядзейнасці паглынае з навакольнага асяроддзя неабходныя для яго рэчывы і назапашвае іх у сваім целе. Напрыклад, утрыманне вугляроду ў раслінах у 200 разоў, а азоту — у 30 разоў перавышае іх узровень у зямной кары. Дыятомавыя водарасці і крэмніевыя губкі назапашваюць крэмній, водарасць ламінарыя — ёд, а ракавіны некаторых малюскаў — да 100 % фасфату кальцыю.

Гэта цікава

Актыўнымі канцэнтратарамі з’яўляюцца мікраарганізмы. Адны бактэрыі канцэнтруюць жалеза, іншыя — марганец, трэція — серабро. Бактэрыі здольныя павялічваць утрыманне жалеза ў 650 тыс. разоў, марганцу — у 120 тыс. разоў, ванадыю — у 420 тыс. разоў. Гэта дзіўная здольнасць дазволіла вучоным выказаць здагадку, што згуртаванні бактэрый уносяць істотны ўклад у фарміраванне радовішчаў металаў. Кожная тона бурых водарасцей змяшчае некалькі кілаграмаў ёду. Золата «збіраюць» дуб, кукуруза, хвошч, бурыя і чырвоныя водарасці, а ў 1 т попелу палыну можа змяшчацца да 85 г гэтага каштоўнага металу. Малюскі канцэнтруюць нікель, васьміногі — медзь, медузы — цынк і алюміній. Ва ўмовах антрапагеннага забруджвання навакольнага асяроддзя пабочным следствам канцэнтрацыйнай функцыі можа з’яўляцца назапашванне харчовымі раслінамі таксічных рэчываў, шкодных для чалавека.

Частка энергіі Сонца дзякуючы канцэнтрацыйнай функцыі жывых арганізмаў назапашваецца ў зямной кары ў складзе прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу. Гэта звязана з працяканнем у бескіслародным асяроддзі рэакцый аднаўлення, з утварэннем і запашаннем серавадароду і метану.