§ 52. Функцыі жывога рэчыва

Энергетычная функцыя

Энергетычная функцыя — акумуляванне энергіі ў арганічным рэчыве і пераразмеркаванне яе па харчовых ланцугах. Як вы ўжо ведаеце, жывыя арганізмы не проста залежаць ад пастаяннага паступлення энергіі Сонца, але і выступаюць як гіганцкі накапляльнік і ўнікальны пераўтваральнік гэтай энергіі. Таму ў аснове гэтай функцыі ляжыць працэс фотасінтэзу, які здзяйсняецца фотааўтатрофнымі арганізмамі. Гэта адзіны на нашай планеце працэс, які забяспечвае ператварэнне энергіі сонечнага святла ў энергію хімічных сувязей арганічнага рэчыва. З дапамогай фотасінтэзу сонечная энергія, якую запасяць зялёныя расліны, забяспечвае жыццядзейнасць усіх гетэратрофаў. Энергетычная функцыя жывога рэчыва звязана і з такімі працэсамі жыццядзейнасці жывых арганізмаў, як харчаванне, дыханне, выдзяленне, размнажэнне. У выніку гэтых працэсаў ідзе ператварэнне энергіі.

!  Гэта цікава

Выяўлены цэлыя экасістэмы, функцыянаванне якіх заснавана на актыўнасці хемасінтэзуючых бактэрый. Яны не залежаць ад прадуктаў фотасінтэзу. Гэта глыбакаводныя сістэмы, дзе ў абсалютнай цемры паблізу ад выхадаў гарачай вады, багатай мінеральнымі солямі і серай, акрамя бактэрый, існуюць і ўнікальныя мнагаклетачныя жывёлы, якія нагадваюць двухстворкавых малюскаў даўжынёй каля 30 см, і трохметровыя чэрві, што атрымліваюць энергію ад хемасінтэзуючых бактэрый. Магчыма, быў час, калі сонечныя прамяні не маглі трапіць на Зямлю з прычыны інтэнсіўнай вулканічнай дзейнасці, і такія формы жыцця былі больш разнастайнымі.