*§ 51—2. Уласцівасці жывога рэчыва

Высокая хуткасць абнаўлення жывога рэчыва

Жывыя арганізмы ў біясферы існуюць дзякуючы бесперапыннаму чаргаванню пакаленняў, што забяспечвае генетычную сувязь сучаснага жывога рэчыва з вымерлымі арганізмамі мінулых эпох. Падлічана, што ў сярэднім для біясферы хуткасць абнаўлення жывога рэчыва складае 8 гадоў, пры гэтым для сушы — каля 14 гадоў, а для акіяна, дзе пераважаюць арганізмы з кароткім перыядам жыцця (напрыклад, планктон), не нашмат больш за 30 сутак. У выніку высокай хуткасці абнаўлення жывога рэчыва за ўсю гісторыю існавання жыцця яго агульная маса прыкладна ў 12 разоў перавышае масу Зямлі. Толькі невялікая яго частка (менш за 1 %) закансервавана ў выглядзе арганічных рэшткаў. Паводле выказвання У. І. Вернадскага, «жывое рэчыва сыходзіць  у геалагічныя пароды». Астатняя частка жывога рэчыва ўключаецца ў працэсы біялагічнага кругавароту.

Усе пералічаныя ўласцівасці жывога рэчыва абумоўліваюцца канцэнтрацыяй у ім вялікіх запасаў энергіі. У. І. Вернадскі адзначаў, што па энергетычнай насычанасці з жывым рэчывам можа супернічаць толькі лава, якая ўтвараецца пры вывяржэнні вулканаў.

Паўторым галоўнае. Жывое рэчыва біясферы валодае ўнікальнымі асаблівасцямі, якія абумоўліваюць яго вельмі высокую пераўтваральную дзейнасць і спецыфічныя ўласцівасці. Да іх належаць: існаванне ў біясферы ў выглядзе арганізмаў, уладанне запасам энергіі, здольнасць хутка займаць (асвойваць) свабодную прастору, пасіўны і актыўны рух, устойлівасць пры жыцці і хуткае раскладанне пасля смерці, высокая прыстасавальная здольнасць (адаптацыя) жывога рэчыва да розных умоў, высокая хуткасць праходжання і ўпарадкаванасць рэакцый, высокая хуткасць абнаўлення жывога рэчыва.