*§ 51—2. Уласцівасці жывога рэчыва

Высокая прыстасавальная здольнасць (адаптацыя) да розных умоў

Дзякуючы гэтай уласцівасці жывыя арганізмы асвойваюць глебавае, воднае і наземна-паветранае асяроддзе. Акрамя таго, існуюць арганізмы, якія прыстасаваліся да жыцця ў экстрэмальных умовах: пры вельмі  нізкіх ці высокіх паказчыках тэмпературы, кіслотнасці, ціску і г. д. Напрыклад, споры некаторых бактэрый здольныя пераносіць ваганні тэмператур ад абсалютнага нуля (–273 °С)  да +180 °С, існаваць у водах атамных рэактараў, у бескіслародным асяроддзі. Добра вытрымліваюць тэмпературныя перапады і захоўваюць жыццяздольнасць у поўным вакууме стадыі арганізмаў у спакоі — цысты, кукалкі насякомых, насенне і споры раслін. Гамаятэрмныя жывёлы — птушкі і млекакормячыя — падтрымліваюць пастаянную тэмпературу цела пры дапамозе высокага ўзроўню абмену рэчываў, дасканалай тэрмарэгуляцыі і добрай цеплаізаляцыі.

!  Гэта цікава

Некаторыя кітападобныя і ластаногія, дзякуючы наяўнасці тоўстага пласта падскурнага тлушчу, жывуць у паўночных морах, дзе тэмпература вады складае каля 0 °С. Днём у пустыні тэмпература паветра перавышае 60 °С, таму шмат якія жывёлы хаваюцца ў норы і выходзяць на паверхню толькі ў начны час. Найбольш уражвае прыклад адаптацыі да высокіх тэмператур бактэрый гідратэрмальных крыніц, дзе тэмпература вады роўна прыкладна 120 °С. Дзякуючы асаблівай структуры іх бялкі здольныя супрацьстаяць дэнатурацыі.