*§ 51—2. Уласцівасці жывога рэчыва

Пасіўны і актыўны рух

Жывому рэчыву ўласцівы рух — пасіўны, абумоўлены ростам і размнажэннем, і актыўны — у выглядзе накіраванага перамяшчэння арганізмаў. Першы з’яўляецца ўласцівасцю ўсіх жывых арганізмаў, другі характэрны для жывёл, пратыстаў і ў рэдкіх выпадках — для раслін.

Рух раслін — гэта змяненне становішча органаў расліны ў прасторы, абумоўленае рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя: святлом, тэмпературай, сілай цяжару, хімічнымі элементамі і інш. Прыкладам можа служыць паварот лістоў, кветак, парасткаў у бок крыніцы святла (сланечнік) ці рост кораня ў глыб глебы. Некаторыя віды раслін, напрыклад мімоза сарамлівая, пры дакрананні скручвае лісты.

Жывёлы адрозніваюцца здольнасцю да актыўнага перамяшчэння ў прасторы. Дзякуючы гэтаму яны эфектыўна ўдзельнічаюць у міграцыі жывога рэчыва, што, з аднаго боку, стымулюе прасторавае рассяленне жыцця, а з іншага — служыць своеасаблівым «гарантыйным механізмам» на выпадак знішчэння жыцця ў якім-небудзь месцы ў сілу тых ці іншы прычын.

Гэта цікава

Прыкладам «прасторавай гарантыі» можа служыць катастрофа на востраве Кракатау.  У выніку вывяржэння вулкана ў 1883 г. жыццё там было цалкам знішчана. Але ўжо праз 50 гадоў на востраве зарэгістравалі каля 1200 відаў жывых арганізмаў. Засяленне ішло галоўным чынам з найбліжэйшых астравоў. Расліны і жывёлы рознымі шляхамі зноў засялілі пакрыты попелам і застылымі струменямі лавы востраў.