*§ 51—2. Уласцівасці жывога рэчыва

Валоданне запасам энергіі

Сутнасць жыцця — гэта бясконцы струмень энергіі. Жывое рэчыва перапрацоўвае энергію сонечных выпраменьванняў. Энергія сонечнага святла, дасягаючы паверхні Зямлі, улоўліваецца зялёнымі раслінамі, якія ператвараюць яе ў хімічную энергію, што назапашваецца ў форме хімічных сувязей арганічнага рэчыва. Перадача энергіі на наступны ўзровень адбываецца пры паглынанні расліны жывёлай ці пры раскладанні яе бактэрыямі. Пры гэтым хімічная энергія вугляводаў і іншых малекул у выніку акіслення гэтых малекул пераўтвараецца ў біялагічна карысную энергію. Жывое рэчыва ў адрозненне ад нежывога на працягу свайго жыцця ажыццяўляе значную работу па пераўтварэнні біясферы.