*§ 50—1. Умовы існавання жывых арганізмаў у біясферы

Значэнне тэмпературных умоў

Значэнне тэмпературы ў біясферы заключаецца ў тым, што яна змяняе хуткасць праходжання біяхімічных рэакцый у клетках жывых арганізмаў, што адлюстроўваецца на іх росце, развіцці, размнажэнні, паводзінах і шмат у чым вызначае геаграфічнае распаўсюджванне раслін і жывёл. Пры выхадзе значэнняў тэмпературы за межы трываласці арганізмаў адбываецца іх масавая гібель.

У. І. Вернадскі вызначыў біясферу як тэрмадынамічную абалонку з тэмпературай ад –50 °С да +50 °С і ціскам каля 1 атм. Гэтыя ўмовы і вызначаюць межы жыцця для большасці арганізмаў.

Размеркаванне жыцця ў біясферы ў залежнасці ад тэмпературных умоў адрозніваецца крайняй нераўнамернасцю. Яна надзвычай багатая і разнастайная ў экватарыяльных і трапічных лясах, менш развіта ў пустынях, тундрах, глыбінях акіяна і высока ў гарах. Цалкам пазбаўлены жыцця ў цяперашні перыяд толькі вобласці шырокіх абледзяненняў.

!  Гэта цікава

Крайнія межы тэмператур, якія выносяць некаторыя формы жыцця, — ад абсалютнага нуля (–273,15  °С) да +180 °С. Гэта крайнія значэнні шкалы тэмпературнай талерантнасці зямных арганізмаў. Аднак яны здольныя выжываць пры такіх тэмпературах толькі ў стане анабіёзу ці ў выглядзе спор.