*§ 50—1. Умовы існавання жывых арганізмаў у біясферы

Значэнне і ўласцівасці вады

Немалаважнай умовай існавання жыцця з’яўляецца наяўнасць на планеце вады ў вадкім стане. У. І. Вернадскі пісаў, што няма іншага мінеральнага рэчыва, якое магло б зрабіць такі  ўплыў на ход асноўных геалагічных працэсаў.

Чыстая вада ўяўляе сабой бясколерную празрыстую вадкасць. Гэта адзінае рэчыва, якое сустракаецца на Зямлі ў натуральных умовах у трох агрэгатных станах: цвёрдым, вадкім і газападобным.

!  Гэта цікава

Пры пераходзе з цвёрдага стану ў вадкі, у адрозненне ад іншых рэчываў, шчыльнасць вады спачатку ўзрастае, а затым памяншаецца.  Павелічэнне яе шчыльнасці адбываецца ў дыяпазоне тэмператур ад 0 да 4 оС. Пры 0 оС, калі вада  замярзае,  шчыльнасць льду скачкападобна зніжаецца больш чым на 9 %. Дзякуючы гэтай дзіўнай уласцівасці пры набліжэнні зімы і ахаладжэнні ўсёй тоўшчы вады ў вадаёме да 4 оС перамешванне яе пластоў, якое выклікаецца ахаладжэннем, заканчваецца. Паверхневы пласт вады замярзае і застаецца на паверхні вадаёма ў выглядзе лёду, ахоўваючы тым самым ніжэйшыя пласты ад замярзання. Дзякуючы гэтым уласцівасцям вадаёмы не прамярзаюць да дна, што дае магчымасць захаваць разнастайныя жывыя водныя арганізмы.

Вялікае значэнне для забеспячэння існавання біясферы мае і высокая цеплаёмістасць вады. Сусветны акіян з’яўляецца найбуйнейшым назапашвальнікам і пераразмеркавальнікам сонечнай энергіі,  ператворанай у цеплавую. Дзякуючы высокай цеплаёмістасці вады пры пераходзе ад лета да зімы або ў начны час вада павольна астывае, аддаючы назапашаную энергію. У ранішнія гадзіны і пры пераходзе ад зімы да лета вада павольна праграваецца. Так забяспечваецца згладжванне амплітуды ваганняў сярэднясутачнай і сярэднегадавой тэмператур, а таксама стабілізуюцца шмат якія экалагічныя фактары, такія як вільготнасць паветра і клімат.

Для арганізмаў вада таксама мае істотнае значэнне. У жывых клетках яе ўтрыманне складае ад 60 да 98 %. Вада з’яўляецца асяроддзем, у якім адбываюцца ўсе біяхімічныя рэакцыі, неабходныя для жыццядзейнасці арганізма. Без вады немагчыма ўтварэнне раслінамі вугляводаў у працэсе фотасінтэзу. Вада ажыццяўляе транспартную функцыю і выводзіць з арганізма прадукты распаду складаных арганічных рэчываў. Яна выкарыстоўваецца для падтрымання тэмпературнага рэжыму як у раслін у ходзе транспірацыі, так і ў жывёл, выдзяляючыся ў выглядзе поту. Пры выпарэнні вады паніжаецца тэмпература паверхні цела жывога арганізма. Водны абмен паміж асяроддзем і жывым арганізмам складаецца з двух процілеглых працэсаў: першы — паступленне вады ў арганізм, другі — выдзяленне яе ў навакольнае асяроддзе. Вывядзенне вады з арганізма жывёл адбываецца з мачой, экскрэментамі і шляхам выпарэння.

Часта вада выкарыстоўваецца людзьмі вельмі нерацыянальна. Беражлівае стаўленне да вады — прамы абавязак кожнага жыхара Зямлі.