*§ 50—1. Умовы існавання жывых арганізмаў у біясферы

Значэнне мінеральных рэчываў

Першаснымі крыніцамі мікраэлементаў у асноўным з’яўляюцца горныя пароды, часткова — атмасфера, паветра і глебава-грунтавыя воды. Злучэнні мікраэлементаў у пародах і асабліва ў глебах адрозніваюцца разнастайнасцю. Шмат якія мікраэлементы істотна ўплываюць на працэсы глебаўтварэння і актыўна ў іх удзельнічаюць. Расліны спажываюць мікраэлементы галоўным чынам з глебы, у меншай ступені — з паветра і вады. Атмасферны пыл, які асядае, таксама з’яўляецца крыніцай мікраэлементаў, што пранікаюць у расліны і жывёл непасрэдна праз эпідэрміс ці эпітэлій. Мікраэлементы важныя для жывых арганізмаў: яны ўдзельнічаюць у абменных працэсах і ўздзейнічаюць на развіццё раслін і жывёл. Жывыя арганізмы рэзка рэагуюць на недахоп ці лішак мікраэлементаў. Пасля гібелі жывых арганізмаў пры раскладанні адмерлай арганікі адбываецца мінералізацыя і ў глебавым пласце ўтвараецца неабходная колькасць мінеральных рэчываў. Гэтыя рэчывы могуць удзельнічаць у працэсе глебаўтварэння і ўключацца раслінамі і мікраарганізмамі ў кругаварот рэчываў.