*§ 38—1. Прасторавая і палавая структуры папуляцый

Прасторавая структура

Прасторавая структура — гэта характар размеркавання асобін папуляцый на займаемай тэрыторыі. У прыродзе папуляцыям уласцівыя тры тыпы прасторавага размеркавання асобін: выпадковае, раўнамернае, групавое. Яны фарміруюцца ў залежнасці ад ступені неаднароднасці асяроддзя пасялення, біялагічных асаблівасцей віду і паводзін асобін.

Выпадковае размеркаванне адзначаецца тады, калі ў размеркаванні асобін у межах папуляцыйнага арэала нельга выявіць якой-небудзь выразнай заканамернасці. Яно назіраецца, калі асяроддзе пражывання дастаткова спрыяльнае і аднароднае па экалагічных умовах. Пры гэтым шчыльнасць папуляцыі невялікая, і біялагічныя асаблівасці віду не дазваляюць асобінам утвараць групы. Напрыклад, у планарыі белай, гідры, павукоў, двухстворкавых малюскаў, дробных жывёл стэпаў і пустынь адзначаецца выпадковае размеркаванне. Такі тып размеркавання назіраецца ў папуляцый у пачатковы перыяд рассялення. Гэта могуць быць усходы піянерных відаў раслін — вярбы, лістоўніцы — на парушаных тэрыторыях (палігоны, кар’еры); папуляцыі жывёл, у якіх сацыяльная сувязь выяўлена слаба; насякомыя-шкоднікі ў пасевах сельскагаспадарчых раслін. Так на першую пару размяркоўваецца тля на полі.

Раўнамернае размеркаванне назіраецца, калі на кожным з участкаў  папуляцыйнага арэала прыблізна роўнай плошчы жыве больш-менш аднолькавая колькасць асобін. Яно назіраецца ў відаў, якія цвёрда канкурыруюць за харчовыя рэсурсы і тэрыторыю. Тэндэнцыя да раўнамернага размеркавання асобін у некаторых жывёл можа быць абумоўлена мечаннем і аховай месцаў жыцця. У прыродзе раўнамернае размеркаванне сустракаецца даволі рэдка. Напрыклад, хмызнякі ў пустыні, канкурыруючы за вільгаць, размеркаваны даволі раўнамерна. Падтрымліваюць паміж сабой пэўную дыстанцыю некаторыя віды драпежных рыб, птушак і млекакормячых, якія ахоўваюць свае кармавыя тэрыторыі. Такі тып размеркавання адзначаюць у колюшак з іх тэрытарыяльным інстынктам і асабліва індывідуальным характарам.

Групавое размеркаванне найбольш распаўсюджана ў прыродзе. Неаднароднасць асяроддзя, абмежаванасць месцаў жыцця, біялагічныя асаблівасці віду, спосабы размнажэння могуць прыводзіць да аб’яднання асобін у пастаянныя ці часовыя групы. Групавое размеркаванне ў раслін абумоўлена іх спосабамі размнажэння і распаўсюджвання насення і пладоў. Напрыклад, некаторыя расліны ўтвараюць буйныя, цяжкія плады (арэх ляшчыны, жолуд дуба), якія падаюць побач з дрэвам і тут жа прарастаюць, утвараючы групы. Пры вегетатыўным размнажэнні карэнішчамі ў раслін таксама фарміруюцца групы (пырнік паўзучы, ландыш майскі, канюшына паўзучая).

Шмат у якіх млекакормячых і птушак назіраюцца сацыяльныя паводзіны, якія прыводзяць да ўтварэння груп з сацыяльнай іерархіяй (чароды, статкі, калоніі, табуны, сем’і, гарэмы).

Групавое размеркаванне забяспечвае папуляцыям больш высокую ўстойлівасць у адносінах да неспрыяльных умоў у параўнанні з асобнай асобінай. Выжывальнасць асобін у групе павялічваецца дзякуючы лепшым магчымасцям для аховы ад ворагаў, выяўлення корму, супрацьстаяння неспрыяльным фактарам асяроддзя, фарміравання мікраклімату. Напрыклад, зграі ваўкоў лягчэй паляваць, а табуну коней — абараняцца ад ваўкоў. Чарадзе шпакоў прасцей выратавацца ад ястраба, чарадзе дробных рыб — ад буйных драпежных рыб. Пінгвіны ў калоніі, утвараючы шчыльную сукупнасць і ўвесь час мяняючыся месцамі, лягчэй пераносяць холад. У сем’ях птушак і млекакормячых дзякуючы клопату бацькоў павялічваецца выжывальнасць патомства. Група раслін здольная лепш супрацьстаяць ветру, эфектыўней выкарыстоўваць ваду.

Пражыванне ў групе сабе падобных адлюстроўваецца на працяканні шмат якіх фізіялагічных працэсаў у арганізме жывёлы. У штучна ізаляваных асобін прыметна змяняецца ўзровень абмену рэчываў, хутчэй расходуюцца рэзервовыя рэчывы, не выяўляецца цэлы шэраг інстынктаў і пагаршаецца агульная жыццяздольнасць. Аптымізацыя фізіялагічных працэсаў, якая вядзе да павышэння жыццяздольнасці асобін пры іх сумесным існаванні, называецца эфектам групы. Эфект групы выяўляецца як рэакцыя асобнай асобіны на прысутнасць іншых асобін свайго віду. Яна заключаецца ў паскарэнні тэмпаў росту жывёл, павышэнні пладавітасці, больш хуткім утварэнні ўмоўных рэфлексаў, павышэнні сярэдняй працягласці жыцця індывіда. Шмат у якіх жывёл па-за групай не рэалізуецца пладавітасць.

Гэта цікава

Так, у авечак па-за статкам рэзка пачашчаюцца пульс і дыханне, а калі бачаць статак, які набліжаецца, гэтыя працэсы нармалізуюцца, і авечка супакойваецца. Вядома таксама, што для выжывання афрыканскіх сланоў статак павінен складацца па меншай меры з 25 асобін. Галубы некаторых парод не адкладаюць яйкі, калі не бачаць іншых птушак. Дастаткова паставіць перад самкай люстэрка, каб яна прыступіла да яйцакладкі.

Самае моцнае праяўленне эфекту групы ўласціва грамадскім насякомым (пчолам, мурашкам, тэрмітам). Не валодаючы здольнасцю працягла існаваць у адзіночку, гэтыя насякомыя выпрацавалі складаную сістэму сігналізацыі, якая спрыяе захаванню іх груп у часе і прасторы.