§ 36. Від — біялагічная сістэма. Крытэрыі віду

Крытэрыі віду

Крытэрыем віду называюць сукупнасць характэрных аднатыпных прымет, па якіх асобіны аднаго віду падобныя, а асобіны розных відаў адрозніваюцца паміж сабой. Адзінага крытэрыю, які дазваляе адрозніваць віды, не існуе. Таму даследчыкам заўсёды даводзіцца карыстацца комплексам розных крытэрыяў. У сучаснай біялогіі вылучаюць наступныя асноўныя крытэрыі віду: марфалагічны, фізіялагічны, біяхімічны, генетычны, экалагічны, геаграфічны.

Марфалагічны крытэрый адлюстроўвае сукупнасць характэрных прымет знешняй будовы. Напрыклад, віды канюшыны адрозніваюцца па афарбоўцы суквеццяў, форме і афарбоўцы лістоў. Гэты крытэрый адносны. У межах віду асобіны могуць прыметна адрознівацца па будове ў залежнасці ад полу (палавы дымарфізм), стадыі развіцця, спосабе размнажэння, умоў асяроддзя пражывання, прыналежнасці да сартоў ці парод.

Напрыклад, у львоў самцы маюць грыву, а ў самак яе няма, у крыжанкі самец ярка афарбаваны, а самка цёмна-бурая. У матылька капуснай бялянкі вусень адрозніваецца ад дарослай асобіны знешнімі прыметамі. У папараці мужчынскай бясполае пакаленне мае лісты і карані, а палавое прадстаўлена зялёнай пласцінкай з рызоідамі. У той жа час шэраг відаў настолькі падобныя па марфалагічных прыметах, што іх называюць відамі-двайнікамі. Напрыклад, некаторыя віды малярыйных камароў, дразафіл знешне не адрозніваюцца, але не скрыжоўваюцца паміж сабой.

Такім чынам, на аснове аднаго марфалагічнага крытэрыю нельга рабіць вывады пра прыналежнасць асобіны да таго ці іншага віду.

Фізіялагічны крытэрый — сукупнасць характэрных асаблівасцей жыццядзейнасці (размнажэння, стрававання і інш.). Адной з прымет з’яўляецца здольнасць асобін скрыжоўвацца. Асобіны розных відаў не могуць скрыжоўвацца з прычыны несумяшчальнасці палавых клетак, неадпаведнасці будовы капулятыўных органаў і паводзін у шлюбны перыяд. У асобін розных відаў могуць быць значныя адрозненні паводле спосабу кармлення, віду корму. Напрыклад, сярод цвердакрылых адны жукі кормяцца часткамі раслін (хрушч, жук каларадскі), іншыя з’яўляюцца драпежнікамі (жужаль зярністы, божая кароўка), а трэція кормяцца экскрэментамі (гнаявік звычайны). З курса біялогіі 8-га класа ўспомніце адрозненні відаў па іншых працэсах жыццядзейнасці.

Гэты крытэрый адносны, паколькі асобіны аднаго віду часам не могуць скрыжоўвацца. У мух дразафіл немагчымасць спарвання можа быць абумоўлена адрозненнем у будове палавога апарату. І наадварот, вядомы такія віды, прадстаўнікі якіх могуць скрыжоўвацца паміж сабой. Напрыклад, конь і асёл, некаторыя віды зайцоў пры скрыжоўванні ўтвараюць міжвідавыя гібрыды. Гэта даказвае іх падабенства па фізіялагічным крытэрыі.

Асобіны аднаго віду на розных стадыях развіцця могуць адрознівацца па харчовых перавагах. Напрыклад, у насякомых дарослыя матылькі кормяцца пылком і нектарам, а іх лічынкі — лістагрызучыя; дарослыя жабы з’яўляюцца драпежнікамі, а апалонікі — раслінаедныя. У той жа час у розных відаў можа быць аднолькавы спосаб кармлення. Напрыклад, лічынкі матылькоў, конікаў, саранчы маюць грызучы ротавы апарат і кормяцца расліннай ежай. З гэтага вынікае, што для вызначэння відавой прыналежнасці асобін недастаткова параўноўваць іх толькі па фізіялагічным крытэрыі.

Біяхімічны крытэрый адлюстроўвае характэрны хімічны склад арганізма і абмен рэчываў. Няма рэчываў ці біяхімічных рэакцый, характэрных толькі для пэўнага віду. Асобіны аднаго віду могуць значна адрознівацца па гэтых паказчыках. Тады як у асобін розных відаў сінтэз бялкоў і нуклеінавых кіслот адбываецца аднолькава. Шэраг біялагічна актыўных рэчываў адыгрываюць аналагічную ролю ў абмене рэчываў у розных відаў. Напрыклад, хларафіл ва ўсіх зялёных раслін удзельнічае ў фотасінтэзе, гемаглабін ва ўсіх пазваночных жывёл пераносіць кісларод. Значыць, вызначэнне відавой прыналежнасці асобін на аснове аднаго біяхімічнага крытэрыю таксама немагчыма.

Генетычны крытэрый характарызуецца пэўным наборам храмасом, падобных па памерах, форме і складзе. Гэты крытэрый з’яўляецца фактарам рэпрадуктыўнай ізаляцыі, якая падтрымлівае генетычную цэласнасць віду. Аднак і ён не з’яўляецца абсалютным. У асобін аднаго віду колькасць, памеры, форма і склад храмасом могуць адрознівацца ў выніку рознага роду змяненняў, якія адбыліся пад дзеяннем фактараў асяроддзя. У той жа час пры скрыжаванні некаторых відаў часам з’яўляюцца жыццяздольныя пладавітыя міжвідавыя гібрыды. Напрыклад, жыта і пшаніца, канарэйка і зяблік не толькі скрыжоўваюцца, але і даюць пладавітае патомства, што даказвае падабенства іх набораў храмасом. Такім чынам, падабенства па дадзеным крытэрыі таксама недастаткова, каб залічыць асобін да аднаго віду.

Экалагічны крытэрый — гэта сукупнасць характэрных фактараў асяроддзя, неабходных для існавання віду. Кожны від можа жыць у тым асяроддзі, дзе кліматычныя ўмовы, асаблівасці глебы, характар рэльефу і крыніцы ежы адпавядаюць яго межам трываласці. Напрыклад, казялец едкі расце на пойменных лугах, казялец паўзучы — па берагах рэк і канаў, казялец пякучы — на забалочаных месцах. Існуюць, аднак, віды, якія не маюць строгай экалагічнай прымеркаванасці. Гэта віды, якія знаходзяцца пад апекай чалавека: хатнія і культурныя расліны, свойская жывёла. Іх умовы асяроддзя істотна адрозніваюцца ад прыродных умоў пражывання прадстаўнікоў гэтых відаў. У віду з разарваным арэалам асобіны будуць жыць у розных умовах асяроддзя. У той жа час вялікая колькасць відаў мае арэалы, якія супадаюць (накладаюцца) або перакрываюцца, і таму жыве ў аднолькавых экалагічных умовах. Прыведзеныя прыклады даказваюць адносны характар экалагічнага крытэрыю і неабходнасць выкарыстання іншых крытэрыяў пры вызначэнні прыналежнасці асобін да дадзенага віду.

Геаграфічны крытэрый вызначае здольнасць асобін дадзенага віду засяляць пэўную частку зямной паверхні (тэрыторыю ці акваторыю) — арэал. Напрыклад, лістоўніца сібірская распаўсюджана ў Сібіры (Заўралле), а лістоўніца даурская — у Прыморскім краі (Далёкі Усход), мядзведзь белы — у Арктыцы, а мядзведзь буры — у лясах Еўразіі і Паўночнай Амерыкі.

Гэты крытэрый паказвае на прымеркаванасць віду да пэўнага месцапражывання. Але ёсць віды, якія не маюць выразных меж рассялення, а жывуць практычна паўсюдна (падарожнік вялікі, стрэлкі, пацук шэры, верабей гарадскі). Да іх таксама можна залічыць віды, якія жывуць побач з чалавекам або яго жыллём і называюцца сінантропнымі відамі (муха пакаёвая, клоп пасцельны, мыш дамавая, прусак рыжы). Існуюць віды, якія маюць разарваны арэал. Так, напрыклад, від ліпа драбналістая расце ў Крымска-Каўказскім рэгіёне, у еўрапейскай частцы Расіі, а таксама ў Сібіры і Заходняй Еўропе. Від сарока блакітная мае дзве часткі арэала — заходнееўрапейскую і ўсходнесібірскую. У розных відаў могуць быць супадаючыя месцапражыванні. У выніку гэтых абставін геаграфічны крытэрый, як і іншыя, не з’яўляецца абсалютным і не можа выкарыстоўвацца ў якасці адзінага для вызначэння відавой прыналежнасці асобін.

Такім чынам, ніводны з апісаных крытэрыяў не з’яўляецца абсалютным і ўніверсальным, таму пры вызначэнні прыналежнасці асобіны да пэўнага віду неабходна ўлічваць усе крытэрыі.