§ 36. Від — біялагічная сістэма. Крытэрыі віду

*Від як таксанамічная катэгорыя

Пры вывучэнні разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету ў 7-м і 8-м класах вы пазнаёміліся з паняццем віду як таксанамічнай катэгорыяй.

Каб вывучаць разнастайнасць жыцця, чалавеку неабходна было распрацаваць сістэму класіфікацыі арганізмаў, якая дазваляе падзяляць іх на групы — адзінкі сістэматыкі, або таксанамічныя адзінкі. Асноўнай таксанамічнай адзінкай у сістэматыцы жывых арганізмаў быў прыняты від. Упершыню паняцце «від» увёў англійскі вучоны Д. Рэй у XVII ст. Шведскі натураліст К. Лінэй у XVIII ст. даў першае навуковае азначэнне віду і заклаў асновы сучаснай сістэматыкі. Прапанаваная ім класіфікацыя засноўвалася не на роднасных сувязях арганізмаў, а на падабенстве іх знешніх прымет, таму насіла штучны характар. Падобныя віды К. Лінэй аб’ядноўваў у адну групу, якая называецца родам. Кожнаму роду і віду ён даў лацінскія назвы. Пры гэтым для абазначэння віду Лінэй увёў двайную (бінарную) наменклатуру — назва віду ўключае два словы: назоўнік (назва роду) і прыметнік (відавы эпітэт). Напрыклад, від Казялец едкі, від Казялец паўзучы, від Казялец цвердалісты, від Казялец пякучы належаць да аднаго роду Казялец. Гэты прынцып наменклатуры відаў захаваўся да цяперашняга часу. І дагэтуль біёлагі ў якасці асноўнай таксанамічнай адзінкі разглядаюць від.

Від — сукупнасць асобін, якія валодаюць спадчынным падабенствам морфафізіялагічных, біяхімічных, эколага-геаграфічных і генетычных прымет, здольных свабодна скрыжоўвацца паміж сабой і даваць пладавітае патомства.

Для таго каб залічыць асобін да аднаго і таго ж ці да розных відаў, іх параўноўваюць паміж сабой па шэрагу пэўных характэрных прымет — крытэрыяў.