§ 27. Сучасныя ўпаковачныя матэрыялы

Экалагічная ўпакоўка

Вызначана, што штогод у акіянах нашай планеты аказваецца каля 8 млн т смецця, асноўную масу якога складае пластык.

Заменай сінтэтычным матэрыялам могуць стаць біяраскладальныя палімерныя матэрыялы. Значнае месца ў вытворчасці ўпаковачных матэрыялаў адводзіцца біяраскладальнаму кампаненту — крухмалу. Упаковачныя вырабы з крухмалу лёгка разбураюцца пад дзеяннем вады і мікраарганізмаў-біядэструктараў, не забруджваючы пры гэтым навакольнае асяроддзе.

У Беларусі біяраскладальныя палімерныя матэрыялы шырока ўжываюцца ў якасці ўпакоўкі для харчовых прадуктаў. Кантэйнеры, плёнкі і пенаматэрыялы, вырабленыя з такіх палімераў, выкарыстоўваюцца для ўпакоўкі мяса, малочных прадуктаў, выпечкі. Аднаразовыя бутэлькі і шклянкі для напіткаў, талеркі і паддоны таксама знаходзяць шырокае ўжыванне. Яшчэ адным напрамкам выкарыстання такіх матэрыялаў з’яўляецца вытворчасць мяшкоў для збору і кампаставання харчовых адходаў, а таксама пакетаў для супермаркетаў.

Вартай альтэрнатывай для тых, хто клапоціцца пра навакольнае асяроддзе, з’яўляюцца папяровыя пакеты. Тэрмін раскладання папяровага пакета складае каля года. Адным з самых экалагічных і зручных відаў упаковачнага матэрыялу з’яўляецца крафт-папера.

У перакладзе з нямецкай мовы слова craft азначае «трывалы». Менавіта гэта ўласцівасць і вызначыла папулярнасць дадзенага матэрыялу. Перавага крафт-паперы перад сінтэтычнымі матэрыяламі заключаецца ў тым, што прадукцыя ў такой упакоўцы найменш схільная да ваганняў тэмпературы і вільготнасці.

Крафт-папера таксама валодае высокай трываласцю і здольнасцю ўбіраць вільгаць. Розныя тыпы крафт-паперы адрозніваюцца адзін ад аднаго не толькі па механічных уласцівасцях, але і па колеры, фактуры, тыпе пакрыцця. Важна, што крафт-папера раскладаецца на хімічна нейтральныя элементы. У вырабы з крафт-паперы пакуюць прадукты харчавання, прамысловыя вырабы. Яна ўжываецца ўсюды, дзе патрабуецца порыстая папяровая ўпакоўка павышанай трываласці.

Вучоныя не спыняюць даследаванні ў галіне ўпакоўкі, каб у будучым для харчовых прадуктаў цалкам перайсці на ядомую ўпакоўку. Такія работы вядуцца шмат у якіх краінах свету. У нашай краіне вучоныя ААТ «Барысаўскі завод палімернай тары “Паліміз”» у супрацоўніцтве з БДУ таксама распрацавалі ядомую плёнку. Яна складаецца з крухмалу і харчовых палімераў на аснове вады, выдатна засвойваецца арганізмам, павялічвае тэрмін захоўвання прадуктаў, а таксама падыходзіць для нанясення неабходнай інфармацыі ядомымі чарніламі. Такую плёнку можна выкарыстоўваць для ўпакоўвання цукерак, спецый, мёду, спартыўнага харчавання, вітамінавых дабавак і г. д. 

!  Гэта цікава

У Германіі створаны палімерныя рэчывы з розных ядомых матэрыялаў: крухмалу, жэлаціну, цэлюлозы. З гэтых інгрэдыентаў вырабляецца посуд для супоў хуткага прыгатавання, дэсертаў або мясных страў. Разаграваць і з’ядаць прадукты можна прама ва ўпакоўцы. Яны абсалютна экалагічныя, бяспечныя і не наносяць шкоды чалавеку.

Даследчыкі з Самарскага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя) прапанавалі ўнікальную ядомую плёнку, у якую можна загортваць прадукты харчавання для касманаўтаў. Пры вырабе незвычайнай упакоўкі прадугледжваецца выкарыстанне пюрэ з агародніны ці з садавіны.

Ва Украіне распрацавана ўпаковачная плёнка з кукурузнага крухмалу, якую можна з’есці разам з запакаванымі ў яе хлебам або каўбасой. Незвычайную ўпакоўку можна выкарыстоўваць у якасці булёну, растварыўшы яе ў кіпені.

На сённяшні дзень галоўнымі прычынамі абмежаванага ўжывання біяраскладальных матэрыялаў з’яўляюцца тэхналагічныя цяжкасці іх вытворчасці і высокі кошт. Аднак, нягледзячы на гэта, даследчыкі працягваюць актыўна працаваць, і магчыма, зусім хутка свет адмовіцца ад упаковачных матэрыялаў, якія робяць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе.

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), штогод на планеце ад харчовых атручэнняў пакутуе каля 600 млн чалавек, а 420 тыс. выпадкаў заканчваюцца лятальным канцом. Скараціць колькасць харчовых атручэнняў і колькасць харчовых адходаў дазволяць палепшаная ўпакоўка харчовых прадуктаў, абсталяваная датчыкамі, здольнымі вызначаць правільнасць захоўвання прадуктаў, і маніторынг захворвання.

Паўторым галоўнае. Шырокае выкарыстанне ўпакоўкі з пластыку абумоўлена тым, што яна забяспечвае надзейную ахову прадукту ад забруджвання і пашкоджвання. Яе істотны недахоп — працяглы перыяд раскладання. Альтэрнатыва сінтэтычным упаковачным матэрыялам — экалагічна бяспечныя біяраскладальныя плёнкі, пакеты для прадуктаў харчавання, смецця, крафт-папера, ядомая ўпакоўка і ўпакоўка з датчыкамі, якія вызначаюць правільнасць захоўвання.