§ 6. Тэмпература як экалагічны фактар. Пайкілатэрмныя і гамаятэрмныя арганізмы

*Тэмпература як абіятычны фактар асяроддзя

У прыродзе тэмпература непастаянная. На сушы яна з’яўляецца адным з важных лімітуючых фактараў асяроддзя. Уплыў тэмпературы на большасць арганізмаў выяўляецца ў рэгуляванні біяхімічных і фізіялагічных працэсаў жыццядзейнасці. Пры моцным паніжэнні тэмпературы ажыццяўленне жыццёвых функцый арганізма становіцца немагчымым з прычыны рэзкага запаволення абмену рэчываў. Пры павышэнні тэмпературы хуткасць абменных працэсаў павялічваецца да дасягнення пэўнай тэмпературы, пры высокіх тэмпературах (вышэй за 45 °C) абмен рэчываў спыняецца, і настае гібель арганізма. Тэмпература можа таксама ўплываць на характар паводзін, геаграфічнае размеркаванне арганізмаў. Для тэмпературнага фактару характэрны шырокія геаграфічныя, сезонныя і сутачныя ваганні. Межамі трываласці для любога віду з’яўляюцца тэмпературы, якія прыводзяць да неабарачальнага парушэння працэсаў жыццядзейнасці. Дыяпазон тэмператур, якія могуць пераносіць розныя віды, моцна вар’іруецца. Напрыклад, споры шэрага мікраарганізмаў вытрымліваюць ахаладжэнне да –200°C. Большасць вегетатыўных форм пракарыёт гіне пры тэмпературы +60 °C. Аднак маюцца тэрмафільныя бактэрыі, для якіх мінімальная тэмпературная мяжа росту роўна +60 °C, а максімальная — да +110 °C (так званыя экстрэмальныя тэрмафілы з гідратэрмальных крыніц на дне акіянаў). Для большасці эўкарыёт верхняя мяжа тэмпературнага дыяпазону, як правіла, не выходзіць за межы +50 °C.

Дыяпазон ваганняў тэмпературы ў вадзе значна меншы, чым на сушы, адпаведна і межы трываласці ў адносінах да ваганняў тэмпературы ў водных арганізмаў больш вузкія, чым у наземных. Аднак як для водных, так і для наземных жыхароў найбольш аптымальнай з’яўляецца плюсавая тэмпература пераважна ў межах 15—40 °C.