§ 0—4. Асблівасці будовы генератыўных органаў раслін
Генератыўныя органы насенных раслін
У насенных раслін антэрыдыі адсутнічаюць, а архегоніі маюцца толькі ў голанасенных. У пакрытанасенных генератыўнымі органамі з’яўляюцца кветка, насенне, плод. Кветка — відазменены пакарочаны парастак, прыстасаваны для палавога размнажэння. У ім сумешчаны працэсы ўтварэння палавога пакалення, гамет, апылення, апладнення, утварэння насення і пладоў. Нягледзячы на вельмі вялікую разнастайнасць кветак, для іх характэрны агульны план будовы.
Вегетатыўныя часткі кветкі (кветаножка, кветаложа, чашачка, венчык) не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў працэсе размнажэння, а выконваюць дапаможныя функцыі. Генератыўныя часткі кветкі (тычынка, песцік) адыгрываюць галоўную ролю ў працэсе размнажэння. Тычынка — гэта частка кветкі, якая прадвызначае мужчынскі пол. Кожная тычынка складаецца з тычынкавай ніткі і пыльніка. Пыльнік складаецца з двух пылковых мяшкоў, у кожным з якіх маецца па дзве пылковыя камеры (гнёзды). У пылковых камерах знаходзяцца пылковыя зерні, у кожным з якіх утвараецца па два сперміі. Песцік у кветцы займае цэнтральнае становішча. Ён прадвызначае жаночы пол і складаецца з рыльца, слупка і завязі. У завязі знаходзіцца адзін ці некалькі семязачаткаў (семязавязей). У кожным семязачатку фарміруецца зародкавы мяшок, які змяшчае адну яйцаклетку. У кветцы можа быць некалькі песцікаў, а ў песціку можа быць некалькі семязачаткаў. Працэсы ўтварэння палавога пакалення і палавых клетак у пакрытанасенных будуць разгледжаны ў раздзеле 3.
У большасці раслін дробныя кветкі сабраны ў суквецці. Простыя суквецці адрозніваюцца парадкам размяшчэння кветак на кветаносе, тыпам кветак і характарам кветаноса (гл. табл.).
Табліца. Характарыстыка асноўных тыпаў простых суквеццяў
Назва |
Характэрныя асаблівасці |
Прадстаўнікі |
Простая гронка |
Кветкі на скарочаных кветаножках прымацоўваюцца ў чарговым парадку на падоўжаным тонкім кветаносе |
Ландыш, чаромха, лубін, баркун |
Просты парасонік
|
Кветкі на кветаножках аднолькавай даўжыні мацуюцца да верхавіны кветаноса |
Прымула, вішня |
Пачатак
|
Сядзячыя кветкі (без кветаножак) размяшчаюцца на падоўжаным, моцна патоўшчаным мясістым кветаносе |
Капытнік, кукуруза |
Галоўка
|
Кветкі на скарочаных кветаножках ці сядзячыя прымацоўваюцца да скарочанага патоўшчанага кветаносу |
Канюшына лугавая, канюшына горная |
Просты колас
|
Сядзячыя кветкі (без кветаножак) размяшчаюцца па ўсёй даўжыні тонкага кветаноса |
Падарожнік, ятрышнік |
Просты шчыток
|
Кветкі на кветаножках рознай даўжыні адыходзяць ад розных пунктаў кветаноса і размяшчаюцца на адным узроўні |
Багун, груша, спірэя |
Кошык
|
Сядзячыя кветкі размяшчаюцца па ўсёй паверхні патоўшчанага пашыранага кветаложа, акружанага зялёнымі лісточкамі, якія ўтвараюць абгортку |
Дзьмухавец, сланечнік, календула, рамонак, нівянік, падбел |
Да складаных суквеццяў належаць: складаная гронка, складаны парасонік, складаны колас, складаны шчыток. Складаная гронка складаецца з простых гронак, размешчаных у чарговым парадку на галоўным кветаносе (бэз, трыснёг, вінаград). Калі простыя гронкі маюць паніклы выгляд, то складаная гронка называецца мяцёлкай (проса, авёс, мятліца). У складаным парасоніку ад верхавіны галоўнага кветаноса адыходзяць кветаносы простых парасонікаў (морква, кроп, баршчэўнік, пятрушка). У складаным коласе простыя каласкі з сядзячымі кветкамі мацуюцца да галоўнага кветаноса супрацьлегла (жыта, ячмень, пшаніца, пырнік). Складаны шчыток складаецца з простых шчыткоў, якія маюць кветаносы рознай даўжыні і прымацаваны да галоўнага кветаноса ў розных пунктах такім чынам, што ўсе кветкі знаходзяцца ў адной плоскасці (рабіна, бузіна, крываўнік, піжма).
Пасля апылення — пераносу пылковых зерняў з пыльніка на рыльца песціка адбываецца двайное апладненне, а затым фарміраванне насення і пладоў. Гэтыя працэсы падрабязна будуць апісаны ў раздзеле 3. Наяўнасць плода, які змяшчае насенне, — характэрная прымета пакрытанасенных раслін. Разнастайнасць простых пладоў абумоўлена іх адрозненнямі па тыпе каляплодніка (сухія ці сакавітыя), колькасці насення (адна- ці шматнасенныя), асаблівасцях раскрывання (плады, якія раскрываюцца, ці плады, якія не раскрываюцца) (гл. табл.).
Табліца. Характарыстыка асноўных тыпаў простых пладоў
Назва |
Характэрныя асаблівасці будовы |
Прадстаўнікі |
Сухія аднанасенныя (якія не раскрываюцца) плады |
||
Арэх (арэшак) |
Каляплоднік дравяністы, не зрастаецца з насеннем, аснова плода акружана травяністым покрывам (плюскай). Арэшак адрозніваецца меншымі памерамі |
Ляшчына, ліпа, граб, рагоз |
Жолуд
|
Каляплоднік скурысты, не зрастаецца з насеннем, аснова плода акружана чашападобнай плюскай |
Дуб |
Сямянка
|
Каляплоднік скурысты, не зрастаецца з насеннай лупінай |
Сланечнік, дзьмухавец |
Зярняўка
|
Каляплоднік тонкі, зрастаецца з лупінай насення |
Кукуруза, жыта |
Крылатка
|
Каляплоднік мае скурысты або перапончаты выраст, не зрастаецца з насенненем |
Клён, бяроза, ясень, вяз |
Сухія шматнасенныя (якія раскрываюцца) плады |
||
Боб
|
Каляплоднік з двух створак, да якіх мацуецца насенне, раскрываецца ад верхавіны да асновы |
Гарох, боб, лубін, акацыя |
Стручок (стручочак)
|
Каляплоднік з дзвюх тонкіх створак, падзелены перагародкай, да якой мацуецца насенне, раскрываецца ад асновы да верхавіны. Стручочак адрозніваецца меншымі памерамі
|
Капуста, ярутка палявая, стрэлкі |
Каробачка
|
Каляплоднік скарбонкападобнай формы, які раскрываецца вечкам, дзірачкамі, зубчыкамі або створкамі |
Мак, бавоўнік, блёкат |
Лістоўка
|
Каляплоднік утвораны адным пладалісцікам, раскрываецца адной шчылінай па брушным шве |
Рагулькі, півоня |
Сакавітыя аднанасенныя плады |
||
Касцянка
|
Каляплоднік складаецца з трох пластоў: вонкавага — скуркі, сярэдняга — мякаці і ўнутранага дравяністага (костачка) |
Вішня, сліва, алыча, абрыкос |
Сакавітыя шматнасенныя плады |
||
Ягада
|
Каляплоднік складаецца са скуркі і сакавітай мякаці, у якой размешчана насенне |
Тамат, бульба, вінаград |
Яблык
|
Каляплоднік складаецца з трох пластоў: вонкавага — скуркі, сярэдняга — мякаці і ўнутранага ў выглядзе плевак, якія ўтвараюць камеры, дзе знаходзіцца насенне |
Яблыня, айва, груша, рабіна |
Гарбуз
|
Каляплоднік складаецца з трох пластоў: вонкавага — цвёрдага дравяністага, сярэдняга — шчыльнай мякаці — і ўнутранага — рыхлай мякаці, у якой размяшчаецца насенне |
Агурок, дыня, кавун |
Памяранец
|
Каляплоднік складаецца з трох пластоў: вонкавага — шчыльнага скурыстага афарбаванага, сярэдняга — губчатага, у якім размяшчаецца насенне, і ўнутранага — тонкага скурыстага |
Лімон, мандарын, апельсін |
Калі ў кветцы маецца некалькі песцікаў, то з завязі кожнага з іх утвараецца плод. Зрастаючыся паміж сабой, плады адной кветкі ўтвараюць зборны плод. Зборныя плады характэрны для малін і ажын (зборная касцянка), шыпшыны і казяльца (зборны арэшак), вадазбору і лотаці (зборная лістоўка). Плады маюць розныя прыстасаванні і могуць распаўсюджвацца ветрам, жывёламі, вадой, чалавекам.
Паўторым галоўнае. Генератыўнымі органамі ў споравых раслін з’яўляюцца антэрыдыі і архегоніі, а ў пакрытанасенных — кветка, насенне і плод. Антэрыдыі (мужчынскія палавыя органы) выпрацоўваюць двух- ці шматжгуцікавыя сперматазоіды. Архегоніі з’яўляюцца жаночымі палавымі органамі, у іх утвараюцца яйцаклеткі. У пакрытанасенных у кветцы сумешчаны працэсы ўтварэння гамет, апылення, апладнення, утварэння насення і пладоў. Генератыўнымі часткамі кветкі з’яўляюцца тычынкі, якія прадвызначаюць мужчынскі пол, і песцікі, што прадвызначаюць жаночы пол. Для павышэння эфектыўнасці апылення кветкі шмат у якіх раслін сабраны ў простыя і складаныя суквецці. Пасля двайнога апладнення семязачатак ператвараецца ў насенне, а на месцы завязі фарміруецца просты ці зборны плод. Плады маюць прыстасаванні для распаўсюджвання ветрам, жывёламі, вадой, чалавекам.