§ 2. Першабытная гісторыя чалавецтва

3. Першабытная абшчына

Вывучэнне працэсу, які ішоў паралельна з антрапагенезам, — сацыягенезу (паходжання грамадства) — спараджае нямала навуковых дыскусій.

Сацыягенез — ​гэта гістарычны працэс станаўлення чалавечай асобы і міжасобасных узаемаадносін, а таксама фарміравання ўласна чалавечага грамадства з сістэмай сацыяльных адносін. Шмат у чым вывучэнне сацыягенезу з’яўляецца яшчэ больш складанай задачай, чым даследаванне антрапагенезу. Фізічнае развіццё чалавека наглядна дэманструе археалогія, а для інтэрпрэтацыі сацыяльнага развіцця вучоны павінен зразумець самі ўмовы жыцця.

Чалавек ніколі не жыў паасобку, развіваючы свае навыкі грамадскага жыцця ў супольнасці. Аднак першапачаткова ён арганізоўваў сваё сацыяльнае жыццё, беручы прыклад з жывёл, таму старажытны чалавечы калектыў мае назву чалавечы статак, або праабшчына. Унутры такой супольнасці цяжка ўсведамлялася нават роднасць, базавае паняцце для ўсёй далейшай гісторыі чалавека.

Развіццё маўлення істотна паўплывала на сацыягенез. Маўленне стала асновай сацыяльнай камунікацыі, дало магчымасць абмеркавання праблем, што ўзнікалі. Мова як форма калектыўнай памяці стала сховішчам чалавечага вопыту і спосабам яго перадачы новым пакаленням. Калі ў мове мелася слова, то было вядома, што яно азначае, і гэта можна было растлумачыць дзіцяці. Мы дагэтуль пазнаём свет, засвой­ваючы і разумеючы новыя для нас словы.

Маўленне садзейнічала і антрапагенезу. Дзякуючы яму сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя зоны мозгу, а таксама змянілася будова гартані для вымаўлення гукаў. Мова спрыяла станаўленню абстрактнага мыслення, да назваў канкрэтных аб’ектаў і дзеянняў паступова дабаўляліся абстрактныя паняцці, напрыклад такія, як «добра» і «дрэнна». Развіццё мовы, мыслення і чалавечага мозгу заўсёды было цесна ўзаемазвязана.

Паспяховаму выкананню агульных задач і праз гэта цеснаму кантакту садзейнічалі многія формы сумеснай актыўнасці, напрыклад, выраб і выкарыстанне прылад працы. На той момант здабыванне ежы (перш за ўсё паляванне і рыбалоўства) магло быць выключна калектыўным. Прыгатаванне ежы таксама часта было сумесным. Складана пераацаніць значэнне выкарыстання агню ў гэтым працэсе. Вогнішча трэба было падтрымліваць агульнымі намаганнямі. Агонь абараняў ад дзікіх звяроў і холаду.

Усведамленне роднасці і з’яўленне маральных законаў зрабілі ўзаемадзеянне ўнутры чалавечых супольнасцяў больш канструктыўным.

Такім чынам, усе формы чалавечай дзейнасці, накіраванай на адаптацыю і выжыванне, садзейнічалі развіццю сацыяльнага жыцця. У выніку з’яднанне людзей адбылося на аснове ўсведамлення сваяцкіх адносін і выканання агульных задач. На месца чалавечага статку прыйшла радавая абшчына, або род — ​калектыў, што грунтаваўся на ўсведамленні сваяцкіх сувязяў і складаўся са сваякоў. Радавая абшчына займалася калектыўнай працай, здабываннем ежы і яе спажываннем.

Усведамленне прынцыпаў сваяцкасці прывяло да ўзнікнення экзагаміі — ​з’яві­лася забарона браць шлюб паміж членамі аднаго роду. Некалькі родаў утваралі племя. Так было лягчэй выжыць, а іншым часам і супраціўляцца варожым абшчынам.

Людзі ўсё меней качавалі і імкнуліся да больш-менш аселага жыцця. Першапачаткова месцамі стаянак былі пячоры. Вялікую ролю ў згуртаванні абшчыны адыгрывалі здабыванне ежы і далейшае яе размеркаванне паміж усімі членамі роду. Такая форма сацыяльнай арганізацыі патрабавала фарміравання калектывізму. Станавіўся больш выразным падзел абавязкаў паміж мужчынам і жанчынай, але пры гэтым уся іх дзейнасць была скіраваная на тое, каб прыносіць карысць абшчыне, падпарадкоўвалася інтарэсам усяго калектыву. Самым страшным пакараннем было выгнанне, таму што чалавек не меў магчымасці выжыць самастойна.

Адным з важнейшых агульных заняткаў было паляванне на буйны`х статкавых жывёл, якое магло весціся толькі сіламі ўсяго калектыву. Паляванне аказала знач­ны ўплыў на фарміраванне сацыяльнага жыцця першабытных чалавечых супольнасцяў.