§ 2. Першабытная гісторыя чалавецтва

2–1. Ступені эвалюцыі ў напрамку да «чалавека разумнага»

У навуцы існуюць розныя пункты гледжання на антрапагенез (паходжанне чалавека сучаснага выгляду). Не ўсе навукоўцы прытрымліваюцца эвалюцыйнай тэорыі (аб паходжанні чалавека ад агульных продкаў з малпамі).

За апошнія 150 гадоў зроблена мноства адкрыццяў касцяных астанкаў (костак, чарапоў, шкілетаў) розных істот, якія жылі ад 9 млн да 500 тыс. гадоў таму. Па знешнім выглядзе (пастава, памер і форма галавы, кісцей рук) яны займалі прамежкавае становішча паміж сучаснымі малпамі і людзьмі. Пры гэтым чым бліжэй да сучаснасці былі датаваныя астанкі, тым больш чалавечых рысаў у іх знаходзілі. Пры ўсёй разнастайнасці пунктаў гледжання на антрапагенез (паходжанне чалавека сучаснага выгляду) пераважная большасць навукоўцаў прытрымліваецца эвалюцыйнай тэорыі, якая пацвярджаецца шэрагам археалагічных і біялагічных дадзеных, і вызначаюць яго этапы прыкладна аднолькава:

Самым блізкім да чалавека лічыцца аўстралапітэк (аustralopithecus), які жыў на тэрыторыі Афрыкі 4,2—1 млн гадоў таму. На яго целе быў густы валасяны пакроў, і па знешнім выглядзе ён быў больш падобны да малпаў, чым да чалавека. Аднак аўстралапітэк хадзіў на дзвюх нагах і карыстаўся рознымі прадметамі як прыладамі, чаму спрыяў адлеглы вялікі палец кісці рукі Галоўным адрозненнем рукі ад канечнасці малпы з'яўляецца тое, што чалавек можа закрануць вялікім пальцам кончыкі астатніх пальцаў кісці. Аб'ём яго мозгу быў меншым, чым у сучаснага чалавека, але большым, чым у сучасных чалавекападобных малпаў.

Чалавек умелы (Homo habilis) лічыцца самым першым прадстаўніком чалавечага роду. Ён жыў 2,5—1,5 млн гадоў таму ў Афрыцы і названы так дзякуючы ўменню вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Яго мозг на траціну пераўзыходзіў па аб'ёме мозг аўстралапітэка, а біялагічныя асаблівасці мозгу сведчаць пра магчымыя зародкі маўлення. У астатнім чалавек умелы быў больш падобны да аўстралапітэка, чым да сучаснага чалавека.

Чалавек прамаходзячы (Homo erectus) пачаў рассяляцца па Афрыцы, Еўропе і Азіі 1,8 млн гадоў назад. Мозг чалавека прамаходзячага па аб'ёме блізкі да мозгу сучаснага чалавека. У параўнанні з чалавекам умелым у дадзенага віду быў больш масіўны целасклад, рост мог дасягаць 180 см. Homo erectus актыўна карыстаўся найпрасцейшымі прыладамі працы. Навукоўцы лічаць, што менавіта ён выкарыстоўваў агонь для прыгатавання ежы, а таксама жыў і паляваў арганізаванымі групамі. Вельмі верагодна, што чалавек прамаходзячы валодаў маўленчымі навыкамі.

Неандэрталец (Homo neanderthalensis) жыў каля 400—40 тыс. гадоў таму. Аб'ём мозга неандэртальца адпавядаў аб'ёму мозга сучаснага чалавека (і нават трохі пераўзыходзіў яго). Археалагічныя раскопкі сведчаць пра дастаткова развітую культуру ў Homo neanderthalensis, якая ўключала рытуалы, зародкі мастацтва і маралі (клопат пра супляменнікаў). Раней меркавалася, што неандэрталец — прамы продак сучаснага чалавека, але цяпер вучоныя лічаць яго тупіковай, «сляпой» галіной эвалюцыі.

Пераход ад чалавека прамаходзячага да чалавека разумнага (Homo sapiens) адбываўся 350—300 тыс. гадоў таму ва Усходняй Афрыцы. Навукоўцам складана вызначыць мяжу, калі адзін від змяняе іншы, таму прадстаўнікоў гэтага пераходнага перыяду часам называюць найстаражытнейшым чалавекам разумным.

Чалавек разумны новы (Homo sapiens sapiens), г. зн. чалавек сучаснага тыпу, каля 40 тыс. гадоў таму пачаў рассяляцца ў Еўропе. Па месцы першай знаходкі старажытных прадстаўнікоў гэтага віда ў Еўропе (пячора Кра-Маньён у Францыі) людзей таго перыяду назвалі краманьёнцамі. Знешне яны ўжо былі вельмі падобныя да сучаснага чалавека. Краманьёнцы адрозніваліся ад папярэднікаў высокім узроўнем духоўнай культуры, пра што сведчаць іх пячорны жывапіс, дэкаратыўная скульптура, упрыгажэнні і г. д. Менавіта чалавек разумны аказаўся здольным засяліць усю Зямлю.

Асноўныя фактары антрапагенезу можна прадставіць наступным чынам.

Роля прылад працы. Прамахаджэнне дало магчымасць чалавеку выкарыстоўваць рукі для вырабу і прымянення прылад працы, што змяніла форму кісці рукі. У малпаў усе пальцы загінаюцца ў адзін бок, і гэта дае магчымасць паспяхова лазіць па дрэвах. У чалавека вялікі палец стаў загінацца ў процілеглы ад чатырох іншых бок, што дазволіла моцна захопліваць прылады працы. Выкарыстанне прылад працы спрыяла наладжванню сацыяльных сувязяў унутры калектыву, вяло да арганізацыі групавога ўзаемадзеяння.

Роля мовы. Найважнейшым этапам у развіцці чалавека стала ўзнікненне мовы. У адрозненне ад жывёл, якія выкарыстоўваюць толькі гукавыя сігналы, што спрыяюць іх каардынацыі на паляванні, людзі атрымалі магчымасць выражаць абстрактныя паняцці. Мова спрыяла развіццю мыслення, якое ў сваю чаргу ўзбагачала яе новымі словамі. Такое прымяненне мовы дазволіла навучаць нашчадкаў і перадаваць ім вопыт вербальна, а не толькі прыкладам, планаваць дзеянні да палявання і г. д. Усё разам гэта дало магчымасць пераходу да абшчын, заснаваных на прынцыпе сваяцтва.

Роля агню. Чалавек прамаходзячы навучыўся прыстасоўвацца да розных умоў прыроднага асяроддзя, асабліва з таго моманту, калі пачаў выкарыстоўваць агонь. Выкарыстанне агню адразу ж аддзяліла людзей ад жывёл. Яно дазваляла заставацца на зямлі (не хаваючыся на дрэвах) у начны час, таму што ўсе жывёлы баяцца агню, які абараняў чалавека ад драпежнікаў і холаду. Навукоўцы сцвярджаюць, што выкарыстанне агню з мэтай прыгатавання ежы пачалося амаль 2 млн гадоў назад (пры гэтым невядома, быў агонь прыродным ці ўжо здабываўся людзьмі).

Роля харчовага рацыёну. Паводле меркавання некаторых навукоўцаў, менавіта пераход да прыгатавання ежы на агні, яе тэрмаапрацоўкі стаў адным з паскарэння росту мозга (ежа стала лёгказасваяльнай, што спрыяла вызваленню энергіі, неабходнай для харчавання буйнога мозга). Ужыванне ў ежу мяса змяніла анатомію стрававальнага тракту, зрабіла больш трывалай эмаль зубоў і забяспечыла арганізм неабходнымі для развіцця вітамінамі.