§ 2. Першабытная гісторыя чалавецтва

2. Праблема паходжання чалавека

Здавалася б, пытанне «Калі пачынаецца чалавечая гісторыя?» мае просты адказ: «З таго моманту, калі з’явіліся людзі». Але тады ўзнікае неабходнасць адказаць на пытанне аб тым, як з’явіліся людзі, што можа дапамагчы ў вызначэнні часу іх з’яўлення. Гэта вельмі складаныя праблемы.

Як сведчыць навука, чалавек з’явіўся не ў адзін момант, а фарміраваўся ў выніку працяглай біялагічнай эвалюцыі. За некалькі мільёнаў гадоў нашы продкі ў барацьбе за існаванне набылі рысы, якія аддалілі іх ад жывёл і зрабілі людзьмі: абстрактнае мысленне і маўленне, здольнасць да вырабу і выкарыстання прылад працы, устойлівыя правілы аказання ўзаемадапамогі ў калектыве і г. д. Дакладную дату з’яўлення чалавека прывесці немагчыма, паколькі гэта быў эвалюцыйны працэс, які расцягнуўся на мільёны гадоў.

Эвалюцыя ішла па двух кірунках, якія мы называем антрапагенезам і сацыягенезам, гэта значыць біялагічным і сацыяльным развіццём.

Пераходным ад малпы да чалавека відам лічацца аўстралапітэкі, якія шырока рассяліліся ў Афрыцы каля 4 млн гадоў таму. Яны ўжо маглі хадзіць на дзвюх нагах, што стала асновай прамахаджэння, а таксама, магчыма, выраблялі найпрымітыўнейшыя прылады працы для здабывання ежы.

Большасць вучоных на аснове археалагічных звестак вылучаюць некалькі стадый развіцця ўласна чалавека.
Першым прадстаўніком чалавечага роду лічыцца чалавек умелы (лац. Homo habilis). Ён жыў ва Усходняй Афрыцы 2,5–2 млн гадоў таму і вырабляў першыя найпрасцейшыя каменныя прылады. У яго ўжо быў больш развіты, чым у аўстралапітэка, мозг, але знешне ён быў падобны да свайго продка — ​напрыклад, яго вага ўсё яшчэ не перасягала 50 кг.

Чалавек прамаходзячы (лац. Homo erectus) з’явіўся каля 1,8 млн гадоў таму ў Афрыцы і рассяліўся ў Азіі і частцы Еўропы. Ён ужо актыўна выкарыстоўваў агонь, масай цела і аб’ёмам мозгу быў блізкі да сучаснага чалавека, хоць знешне яшчэ моцна адрозніваўся ад яго.

Неандэрталец (лац. Homo neanderthalensis) жыў 400–40 тыс. гадоў таму ў Еўразіі. Менавіта неандэртальцы дзякуючы сваёй шматлікасці пакінулі значную колькасць археалагічных знаходак, якія сведчаць пра дастатковую развітасць іх культуры. Яшчэ нядаўна неандэртальца лічылі прамым продкам сучаснага чалавека, але цяпер вучоныя ўпэўнена сцвярджаюць, што ён уяўляў сабой тупіковую галіну эвалюцыі.

Краманьёнец быў вынікам развіцця віду чалавек разумны (лац. Homo sapiens), які ўзнік раней, і ўжо адпавядаў чалавеку сучаснага тыпу (лац. Homo sapiens sapiens). Каля 40 тыс. гадоў таму краманьёнцы з’явіліся ў Еўропе і выцеснілі неандэртальцаў. За некалькі дзясяткаў тысяч гадоў імі была заселена ўся Зямля. Так пачалася гісторыя сучаснага чалавека.