Як падрыхтаваць інфаграфіку

Інфаграфіка — ​адзін са спосабаў візуалізацыі інфармацыі. Інфаграфіка — ​гэта набор малюнкаў, дыяграм і мінімальнага тэксту, які дае просты агляд для разумення тэмы.

Асноўнай мэтай інфаграфікі з’яўляецца інфармаванне аб якой-небудзь праблеме, з’яве, аб шэрагу фактаў. Інфаграфіка можа быць карыснай, калі неабходна: даць кароткі агляд тэмы; растлумачыць складаны працэс; паказаць вынікі даследавання або дадзеныя апытання; падвесці вынік доўгім паведамленням, тэкстам, артыкулам; параўнаць і супаставіць некалькі працэсаў, падзей.

Этапы стварэння інфаграфікі павінны быць наступнымі:
1. Выбар тэмы будучай інфаграфікі. Вызначце асноўную тэму або ідэю будучай інфаграфікі.
2. Даследаванне тэмы (вылучэнне дадзеных) і збор інфармацыі.
3. Аналіз інфармацыі. Падзяліце інфармацыю на раздзелы, часткі, пункты. Кожны раздзел уявіце асобным малюнкам або графікам. Падбярыце патрэбныя візуальныя вобразы, знаёмыя вашай аўдыторыі, якія часта ёю выкарыстоўваюцца.
4. Стварэнне эскіза для ідэі (лепш зрабіць эскіз на паперы, каб не марнаваць час на кампаноўку ў рэдактары інфаграфікі). Падбярыце ілюстрацыі (малюнкі), якія адлюстроўваюць асноўныя палажэнні для выяўлення на інфаграфіцы.
5. Рэдагаванне эскіза.
6. Дызайн (непасрэднае стварэнне інфаграфікі).

Інфаграфіка можа быць статычнай, інтэрактыўнай, відэаінфаграфікай. Інфаграфіка можа быць створана пры дапамозе інтэрнэт-сэрвісаў або алоўкаў і маркераў.