§ 20–1. Умовы фарміравання беларускай нацыі ў ХІХ ст.
1. Асаблівасці нацыянальнай палітыкі расійскіх улад у адносінах да беларусаў
Да канца XIX ст. у Расіі пражывала больш 200 нацый і народнасцей. Задачай нацыянальнай палітыкі расійскага ўрада ў XIX ст. з'яўлялася ўмацаванне адзінства і цэласнасці імперыі. З гэтай мэтай праводзілася адміністрацыйна-прававая ўніфікацыя ўскраін. Разам з тым урад разумеў, што жорсткая палітыка па нацыянальным пытанні можа прывесці да нарастання канфліктных сітуацый, росту рэвалюцыйных настрояў.
Беларускія землі з канца XVIII ст. уваходзілі ў склад Расійскай імперыі, да таго часу яны больш за 200 гадоў знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай. Гэта аказала глыбокі ўплыў на нацыянальнае самавызначэнне насельніцтва, падзеленага па сацыяльнай і рэлігійнай прыкметах.
Нацыянальная палітыка расійскага ўрада грунтавалася на канцэпцыі трыадзінага дзяржаваўтваральнага этнасу імперыі (велікарусы, маларусы і беларусы).
У другой палове XIX ст. у Расійскай імперыі праводзіліся шырокамаштабныя рэформы, закліканыя мадэрнізаваць краіну. У яе паўночна-заходняй частцы (беларускіх губернях) улада спрабавала стварыць дзейсны механізм процідзеяння польскаму нацыянальнаму ўплыву.
Расійскія чыноўнікі верылі ў тое, што калі беларусаў, у тым ліку католікаў, вызваліць ад польскага ўплыву, яны ўсвядомяць сваю прыналежнасць да вялікай рускай нацыі. Аднак палітыка русіфікацыі ў той перыяд не была паслядоўнай, сістэматычнай і мэтанакіраванай, яна ўзнікала як рэакцыя ўлад на пэўныя гістарычныя падзеі, напрыклад, паўстанні 1830—1831 і 1863—1864 гг.
Ідэі аб самабытнай беларускай культуры і мове ў той перыяд разглядаліся як яшчэ адзін спосаб паланізацыі тутэйшых «рускіх».