Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 20–1. Умовы фарміравання беларускай нацыі ў ХІХ ст.

1. Якія формы развіцця этнасу папярэднічаюць утварэнню нацыі?

2. У якіх палітычных і сацыяльна-эканамічных умовах адбывалася развіццё беларускага этнасу ў XIX ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Падручнік: § 20–1. Умовы фарміравання беларускай нацыі ў ХІХ ст.
Надрукаваны: Госць
Дата: Чацвер 3 Ліпень 2025 10:04

1. Асаблівасці нацыянальнай палітыкі расійскіх улад у адносінах да беларусаў

Да канца XIX ст. у Расіі пражывала больш 200 нацый і народнасцей. Задачай нацыянальнай палітыкі расійскага ўрада ў XIX ст. з'яўлялася ўмацаванне адзінства і цэласнасці імперыі. З гэтай мэтай праводзілася адміністрацыйна-прававая ўніфікацыя ўскраін. Разам з тым урад разумеў, што жорсткая палітыка па нацыянальным пытанні можа прывесці да нарастання канфліктных сітуацый, росту рэвалюцыйных настрояў.

Беларускія землі з канца XVIII ст. уваходзілі ў склад Расійскай імперыі, да таго часу яны больш за 200 гадоў знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай. Гэта аказала глыбокі ўплыў на нацыянальнае самавызначэнне насельніцтва, падзеленага па сацыяльнай і рэлігійнай прыкметах.

Нацыянальная палітыка расійскага ўрада грунтавалася на канцэпцыі трыадзінага дзяржаваўтваральнага этнасу імперыі (велікарусы, маларусы і беларусы).

У другой палове XIX ст. у Расійскай імперыі праводзіліся шырокамаштабныя рэформы, закліканыя мадэрнізаваць краіну. У яе паўночна-заходняй частцы (беларускіх губернях) улада спрабавала стварыць дзейсны механізм процідзеяння польскаму нацыянальнаму ўплыву.

Расійскія чыноўнікі верылі ў тое, што калі беларусаў, у тым ліку католікаў, вызваліць ад польскага ўплыву, яны ўсвядомяць сваю прыналежнасць да вялікай рускай нацыі. Аднак палітыка русіфікацыі ў той перыяд не была паслядоўнай, сістэматычнай і мэтанакіраванай, яна ўзнікала як рэакцыя ўлад на пэўныя гістарычныя падзеі, напрыклад, паўстанні 1830—1831 і 1863—1864 гг.

Ідэі аб самабытнай беларускай культуры і мове ў той перыяд разглядаліся як яшчэ адзін спосаб паланізацыі тутэйшых «рускіх».

 

2. Нацыянальны састаў насельніцтва Беларусі

Змены ў эканамічнай, сацыяльна-палітычнай і духоўнай сферах жыцця грамадства ў другой палове XIX ст. паўплывалі на працэс фарміравання беларускай нацыі. Крыніцай звестак аб нацыянальным складзе насельніцтва Беларусі ў ХІХ ст. з’яўляліся рэвізіі, якія праводзіліся для ўліку падатковага насельніцтва — ​мужчынскіх «душ».

Усяго на беларускіх землях у канцы XIX ст. пражывала 5710 тыс. беларусаў. Большасць насельніцтва жыла ў сельскай мясцовасці і адносілася да сялянскага саслоўя. У складзе гарадскога насельніцтва доля беларусаў складала 14,5 %.

У беларускіх губернях налічвалася больш за 3100 тыс. рускіх, палякаў, укра­інцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў, татараў. Польскае і літоўскае насельніцтва пражывала пераважна ў заходняй частцы Віленскай і Гродзенскай губерняў, рускае — ​у паўночных паветах Віцебскай губерні.

У 1794 г. беларускія землі па ўказе расійскай імператрыцы Кацярыны II былі ўключаны ў «мяжу яўрэйскай аселасці». Гэта прывяло да значнага павелічэння колькасці яўрэяў-іўдзеяў у гарадах і мястэчках краю. Яны складалі 13,8 % ад усяго насельніцтва Беларусі.

На беларускіх землях пражывала каля 8 тыс. татараў, пераважна ў Мінскай губерні.

3. Умовы ўтварэння беларускай нацыі і асаблівасці яе станаўлення

Тэрыторыя Беларусі ў XIX ст. з'яўлялася месцам нацыянальнай, рэлігійнай, культурнай разнастайнасці. Гэта непасрэдным чынам уплывала на фарміраванне беларускай ідэнтычнасці.

Працэс фарміравання беларускай нацыі як асаблівай этнічнай супольнасці адбываўся ў ХІХ ст. у складаных гістарычных умовах. Стрымліваючымі фактарамі сталі адсутнасць уласнай дзяржавы, слабасць нацыянальнай буржуазіі і інтэлігенцыі.

Беларускія землі ў XIX ст. уваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Беларуская нацыянальная буржуазія знаходзілася на стадыі станаўлення і ўяўляла сабой найбольш слабую праслойку мясцовай шматнацыянальнай буржуазіі. Па агульнадзяржаўным перапісе 1897 г. буржуазія Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў на 84,7 % складалася з яўрэяў і толькі на 1,7 % з беларусаў.

Меў свае асаблівасці і працэс урбанізацыі. Сярод жыхароў беларускіх гарадоў больш за палову складала яўрэйскае насельніцтва. У некаторых гарадах яго доля даходзіла да 70 %.

Адсутнасць вышэйшых навучальных устаноў стала перашкодай для станаўлення нацыянальнай інтэлігенцыі.

Своеасаблівай была і рэлігійная сітуацыя. Пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі страцілі свой былы ўплыў каталіцызм і ўніяцтва. Большасць насельніцтва вызнавалі праваслаўе.

Пасля паўстання 1863—1864 гг. палітыка расійскага ўрада ў беларускіх губернях была накіравана на змяншэнне польскага эканамічнага і культурнага ўплыву.

Былі зачынены ўсе каталіцкія манастыры, якія дапамагалі паўстанцам. У той жа час расійскія ўлады заяўлялі, што не жадаюць парушаць правы католікаў маліцца па сваім абрадзе, а хочуць толькі абараніць некатолікаў ад «драпежных лаўцоў душ» накшталт езуітаў. Каталіцкі касцёл у той перыяд непазбежна асацыяваўся з Польшчай і польскай культурай. Каталіцкім святарам напраўлялася прэтэнзія: маўляў, яны прымушаюць непалякаў маліцца па-польску.

У дакладзе Мінскага генерал-губернатара П. Святаполк-Мірскага (1902 г.) можна знайсці заклік да католікаў губерні маліцца «на роднай мове», што ў дадзеным кантэксце магло азначаць беларускую мову, аднак мова не была названая. П. Святаполк-Мірскі таксама заклікаў чыноўнікаў змагацца супраць распаўсюджанага атаясамлення «католікаў» з «палякамі».

У 1906 г. Магілёўскі генерал-губернатар К. Кржывіцкі рапартаваў, што «беларускае племя» па мове і норавах знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне паміж карэннымі рускімі і палякамі. Ён лічыў, што палякі асімілююць беларусаў, калі ўрад не прыме энергічныя меры для абмежавання ўплыву польскай культуры і «ўсімі сродкамі культуры не абудзіць нацыянальнай свядомасці ў Беларусі, каб захаваць беларусаў для рускай культуры». К. Кржывіцкі выказваўся за выкарыстанне беларускай мовы ў школах, за ўвядзенне яе ў цэрквах, а таксама за выдачу дзяржаўных субсідый беларускім сялянам, якія жадалі набыць зямлю.

Але толькі нешматлікія чыноўнікі думалі такім чынам. Напрыклад, камісія, якая ў 1905 г. расследавала абмежаванні, накладзеныя на палякаў, прыйшла да высновы, што хоць «мясцовыя мовы» варта заахвочваць ва ўсіх сферах, уключаючы адукацыю, выкладанне на ўкраінскай і беларускай мовах было б залішнім і недарэчным: «Маларасійскія і беларускія дыялекты настолькі блізкія да рускай мовы, што няма патрэбы ў адначасовым выкладанні на іх. Больш за тое, беларускі дыялект, на якім амаль не існуе літаратуры, наўрад ці можна нават выкладаць як самастойны прадмет».

У 1911 г. магілёўскі губернатар дакладваў, што «культурны ўзровень» і норавы ў яго губерні вельмі нізкія, і адзначаў вострую патрэбу ў адкрыцці большай колькасці школ, каб вывесці мясцовае насельніцтва «з цемры».

За некалькі месяцаў да пачатку Першай сусветнай вайны ва ўрадавай справаздачы аб рэгіёне гаварылася: «Развіццё нацыянальнага руху сярод беларусаў слабае, у народных масах яно амаль не існуе; толькі частка беларускай інтэлігенцыі спрабуе абудзіць у беларусаў нацыянальную свядомасць пячаткай і іншымі сродкамі». У гэтай жа справаздачы ёсць нараканне, што беларусы-католікі, апытаныя наконт мовы, на якой яны гавораць дома, часта адказвалі «панская» ці «польская».

4. Характарыстыкі менталітэту беларусаў

Унікальны і непаўторны менталітэт нашага народа фарміраваўся ў асаблівай геапалітычнай прасторы, на скрыжаванні Усходняй і Заходняй цывілізацый, што абумовіла ўплыў і ўзаемадзеянне розных культур, традыцый, рэлігій.

Беларусы на працягу ўсяго свайго гістарычнага шляху злучалі ў сваёй культуры, стаўленні да свету, характары розныя каштоўнасныя сістэмы, арыенціры, ідэалы. Мы заўсёды паважліва ставіліся да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і культур. У нас адсутнічае пачуццё перавагі над іншымі народамі. Беларусы цярплівыя, цягавітыя, неагрэсіўныя, міралюбныя, арыентаваны на мірнае суіснаванне з іншымі народамі. Але беларускі народ заўсёды гатовы са зброяй у руках абараняць сваю зямлю ад агрэсараў. Гэтаму нас навучыла гісторыя, напоўненая шматлікімі войнамі, якія развязваліся без нашага ўдзелу, але праходзілі на гэтай зямлі.

Пытанні і заданні

1. Складзіце схему «Гістарычныя ўмовы фарміравання беларускай нацыі». Канкрэтызуйце названыя ўмовы гістарычнымі фактамі.

2. Якой была доля беларусаў сярод сельскіх і гарадскіх жыхароў? Уявіце сабе, як дадзеныя суадносіны маглі паўплываць на працэс фарміравання беларускай нацыі.

3. Растлумачце, у чым складаецца непаўторнасць менталітэту беларусаў. Якія яго рысы з'яўляюцца для вас вызначальнымі?

4. Як вы думаеце, чаму нацыянальная самасвядомасць большай часткі беларусаў у XIX — пачатку ХХ ст. заставалася на невысокім узроўні?