§ 3. Праектаванне інтэрфейса аконнага дадатку з выкарыстаннем элементаў кіравання
3.1. Асноўныя элементы кіравання
Элементамі кіравання называюцца аб'екты, якія выкарыстоўваюцца для адлюстравання даных ці выканання аперацый з данымі. Дзеянні з элементамі кіравання можна ажыццяўляць з дапамогай мышы ці клавіятуры. Кіраванне рознымі праграмамі больш-менш аднастайнае, таму што ў складзе АС ёсць набор элементаў кіравання: тыпавых кнопак; палёў, якія рэдагуюцца; спісаў выбару; флажкоў, пераключальнікаў і да т. п. Усе элементы кіравання сабраны ў спецыяльныя бібліятэкі кампанентаў. Асяроддзе распрацоўкі праграм Delphi выкарыстоўвае бібліятэку VCL (Visual Component Library) — бібліятэку візуальных кампанентаў. Кампаненты бібліятэкі VCL змяшчаюцца на розных старонках палітры кампанентаў (прыклад 2.7.). Кожная старонка мае сваю назву. На старонках Standard (прыклад 3.1.) і Additional (прыклад 3.2.) змешчаны найбольш ужываемыя кампаненты. Размяшчэнне кампанентаў па старонках палітры кампанентаў запамінаць неабавязкова. Можна выкарыстаць пошук (прыклад 3.3.). Кожнаму элементу кіравання ў асяроддзі Delphi адпавядае адзін ці некалькі кампанентаў. |