ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Гістарычная драма
Гістарычная драма
Гістарычная драма
У шырокім значэнні драма (ад грэч. drama — ‘дзеянне’) — гэта род літаратуры (побач з эпасам і лірыкай), арыентаваны на сцэнічнае ўвасабленне. У вузкім значэнні — адзін з відаў драматычнага роду літаратуры (побач з камедыяй і трагедыяй). Прыкладам з’яўляюцца п’есы «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Вечар» А. Дударава і інш.
Драма гістарычная — жанравая разнавіднасць драмы, у якой па-мастацку ўзнаўляюцца пэўныя гістарычныя падзеі, жыццё і дзейнасць канкрэтных гістарычных асоб. |
Канфлікт у такіх творах вызначаецца драматызмам гістарычных рэалій, вастрынёй і напружанасцю. Галоўныя героі гістарычнай драмы — пераважна канкрэтныя гістарычныя асобы, дзейнасць якіх мела вялікае значэнне для ўсяго народа, краіны. Прыкладам гістарычнай драмы з’яўляюцца п’есы «Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча, «Князь Вітаўт» А. Дударава. Так, у гістарычнай драме «Князь Вітаўт» у вострых супярэчнасцях падаецца гістарычнае мінулае Беларусі ХІV стагоддзя, барацьба за ўладу Вітаўта і Ягайлы.