§ 4. Свабодныя і вымушаныя ваганні. Рэзананс
Ваганні грузу, падвешанага на нітцы, з цягам часу затухаюць, паколькі ў сістэме дзейнічаюць сілы трэння і супраціўлення паветра. Пры якіх умовах механічныя ваганні не затухаюць? Ці можна дабіцца павелічэння амплітуды ваганняў, выкарыстаўшы знешняе ўздзеянне? |
Сілы ўзаемадзеяння цел сістэмы называюць унутранымі. Целы, якія не ўваходзяць у сістэму, называюцца знешнімі целамі. Сілы, якія дзейнічаюць на целы сістэмы з боку знешніх цел, называюць знешнімі.
Ваганні, што адбываюцца з пастаяннай у часе амплітудай, называюцца незатухаючымі ваганнямі (мал. 23, а). Незатухаючыя ваганні, якія выконвае сістэма каля становішча ўстойлівай раўнавагі пад дзеяннем унутраных сіл пасля таго, як яна была выведзена са стану раўнавагі і пакінута сам-насам, называюцца свабоднымі (уласнымі) ваганнямі. Свабодныя ваганні (пры адсутнасці трэння) адбываюцца са строга вызначанай частатой якая называецца частатой свабодных (уласных) ваганняў сістэмы. Гэта частата залежыць толькі ад параметраў сістэмы. Прыкладамі такіх ваганняў могуць служыць ваганні матэматычнага і спружыннага маятнікаў, якія адбываюцца пры адсутнасці сіл трэння.
Амплітуда свабодных ваганняў вызначаецца пачатковымі ўмовамі, г. зн. тым пачатковым адхіленнем або штуршком, які прыводзіць у рух маятнік ці груз на спружыне. Свабодныя ваганні з’яўляюцца самым простым відам ваганняў.
У любой рэальнай вагальнай сістэме заўсёды прысутнічаюць сілы трэння (супраціўлення), таму механічная энергія сістэмы з цягам часу памяншаецца, пераходзячы ва ўнутраную энергію. Страты механічнай энергіі прыводзяць да памяншэння амплітуды ваганняў.
Ваганні, амплітуда якіх памяншаецца з цягам часу з-за страт энергіі вагальнай сістэмай, называюцца затухаючымі ваганнямі (мал. 23, б).
Пры малых стратах энергіі ваганні можна лічыць перыядычнымі і карыстацца такімі паняццямі, як перыяд і частата ваганняў, лічачы перыядам прамежак часу паміж двума паслядоўнымі максімумамі зруху х(t) (мал. 24, а).
Ваганні ў любой рэальнай сістэме рана ці позна затухаюць. Каб ваганні не затухалі, неабходна ўздзеянне знешняй сілы. Аднак не ўсякая знешняя сіла прымушае сістэму рухацца перыядычна. Напрыклад, немагчыма разгайдаць арэлі, калі ўздзейнічаць на іх пастаяннай сілай.
Правядзём наступны эксперымент. Злучым матэматычны маятнік з метраномам тонкім лёгкім стрыжнем (мал. 25, а). Змяняючы частату ваганняў метранома (мал. 25, б), дасягнём павелічэння амплітуды ваганняў матэматычнага маятніка. Дослед паказвае, што яго амплітуда будзе максімальнай пры супадзенні ўласнай частаты ваганняў маятніка і метранома.
Ваганні цел пад дзеяннем знешняй перыядычнай сілы называюцца вымушанымі, а сіла — вымушаючай. У выпадку дзеяння гарманічнай вымушаючай сілы, напрыклад або , спачатку назіраецца даволі складаны рух цела. Праз некаторы час пасля пачатку дзеяння вымушаючай сілы ваганні пры наяўнасці трэння набываюць стацыянарны характар і не залежаць ад пачатковых умоў. Частата атрыманых вымушаных ваганняў заўсёды роўна частаце вымушаючай сілы.
Амплітуда і энергія вымушаных ваганняў залежаць ад таго, наколькі адрозніваюцца частата вымушаючай сілы і частата ўласных ваганняў , а таксама ад велічыні трэння (супраціўлення) у сістэме.
Пры вымушаных ваганнях магчыма з’ява, якую называюць рэзанансам (ад лац. resono — адгукацца, адклікацца).
Рэзананс — гэта з’ява рэзкага нарастання амплітуды вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняй сілы, што дзейнічае на вагальную сістэму, да частаты уласных ваганняў сістэмы (мал. 26).
Падвесім на пругкай нітцы (АВ) чатыры матэматычныя маятнікі з аднолькавымі грузамі, тры з якіх маюць розныя даўжыні, а даўжыня чацвёртага роўна даўжыні другога (мал. 27). Спачатку паглядзім, што будзе з маятнікамі, калі разгайдаць першы ці трэці маятнік.
Назіранні паказваюць, што праз некаторы час пачнуць гайдацца і астатнія маятнікі. Але амплітуда іх ваганняў будзе малая. А вось калі разгайдаць другі маятнік, то амплітуда ваганняў чацвёртага будзе нарастаць і дасягне досыць вялікага значэння.
Гэта адбываецца таму, што частата знешняй сілы, якая дзейнічае на чацвёрты маятнік, супадае з частатой яго ўласных ваганняў (паколькі даўжыні другога і чацвёртага маятнікаў роўныя). Мы назіралі з’яву рэзанансу.
Падкрэслім, што пры рэзанансе ствараюцца аптымальныя ўмовы для перадачы энергіі ад знешняй крыніцы ваганняў да вагальнай сістэмы.
Так пры ўзбуджэнні камертона А (мал. 28) такі ж камертон В праз некаторы час таксама пачынае актыўна гучаць. Пры гэтым зыходнай знешняй сілай з’яўляецца ўдар малатком па першым камертоне, а знешняй сілай, якая дзейнічае на другі камертон, — сіла ціску паветра пры ваганнях.
Успомнім таксама працэс разгойдвання на арэлях. Калі іх разгойдваць з вельмі малой ці вельмі вялікай частатой, то эфект будзе вельмі малы. Разгойдванне будзе найбольш эфектыўным, калі падабраць частату штуршкоў, роўную частаце ўласных ваганняў арэляў.
Большасць будынкаў і механізмаў здольна выконваць свабодныя ваганні. Пры знешніх перыядычных уздзеяннях з частатой, блізкай да рэзананснай, у іх могуць узбуджацца ваганні вялікай амплітуды, што можа прывесці да разбуральных наступстваў. У сувязі з гэтым, напрыклад, пры праходжанні па мастах вайсковых частак салдатам даюць каманду ісці вольным крокам (не ў нагу). Па той жа прычыне цягнікі рухаюцца па мастах або вельмі павольна, або на максімальнай скорасці.