§ 20. Тэхнічны рысунак

Уступ

Для таго каб сканструяваць новы выраб, неабходна спачатку мысленна ўявіць яго, а затым выканаць яго графічны відарыс — тэхнічны рысунак (рыс. 57). 

Тэхнічны рысунак — гэты наглядны графічны відарыс аб’екта, выкананы ад рукі на вока з захоўваннем яго канструктыўнай формы і памераў.

Пры выкананні тэхнічнага рысунка выкарыстоўваюцца метады цэнтральнага праецыравання відарыса прадмета (рысунак у перспектыве) ці паралельнага праецыравання (аксонаметрычныя праекцыі).

Неабходна памятаць, што пры выкананні тэхнічнага рысунка ўсе пабудовы выконваюцца толькі ад рукі, без выкарыстання чарцёжных інструментаў (лінеек, цыркуляў). Таму, перш чым прыступіць да выканання тэхнічнага рысунка, трэба навучыцца адлюстроўваць восі аксонаметрычных праекцый, акружнасці, геаметрычныя фігуры і целы, выконваць дзяленні адрэзкаў і акружнасцей на роўныя часткі. Акрамя таго, неабходна ўмець правільна вызначаць на вока памеры і суадносіны частак, падзяляць лініі і плоскасць ліста на роўныя часткі.