§ 5. Кампаноўка чарцяжа
1. Кампаноўка чарцяжа
Калі вы ўпершыню пачынаеце выконваць чарцёж, можа ўзнікнуць праблема размяшчэння чарцяжа на плошчы ліста паперы. У выніку чарцёж або не змяшчаецца ў адведзеным яму полі, або займае толькі яго частку. Каб пазбегнуць гэтых памылак, неабходна выканаць кампаноўку чарцяжа, г. зн. размясціць відарысы, памеры і надпісы на полі чарцяжа (унутры рамкі).
Паколькі мы ўспрымаем відарыс прадмета не ізалявана, а разам з лістом, на якім ён размешчаны, то паміж велічынямі відарыса і лістом паперы павінна існаваць пэўная прапарцыянальная залежнасць — кампазіцыйная раўнавага. Адной з асноў кампаноўкі з’яўляецца прынцып раўнавагі відарысаў з лістом, на якім яны размешчаны.
Відарысы на чарцяжы павінны быць размешчаны такім чынам, каб была магчымасць правільна нанесці памеры і выканаць неабходныя надпісы.
Самы просты спосаб дасягнення раўнавагі на чарцяжы — гэта раўнамернае размеркаванне відарысаў. Па магчымасці яны павінны ўраўнаважваць фармат ліста, г. зн. размяшчацца на ім раўнамерна, без канцэнтрацыі ў адным месцы.
Беручыся за кампаноўку чарцяжа, мэтазгодна спачатку нанесці тонкімі лініямі габарытныя прамавугольнікі, якія адпавядаюць габарытным памерам будучых відарысаў (a, b, c) (рыс. 22), і пасля ўдакладнення іх размяшчэння ўпісаць у іх відарысы дэталі, нанесці памеры.
Пры правільнай кампаноўцы чарцяжа габарытныя прамавугольнікі відарыса павінны знаходзіцца ад ліній рамкі справа і злева на аднолькавай адлегласці m; зверху ад рамкі і знізу ад асноўнага надпісу (штампа) таксама на аднолькавай адлегласці n (гл. рыс. 22).
Пры кампаноўцы чарцяжа неабходна ўлічваць памеры яго відарыса. Калі відарыс прадмета вельмі просты, а яго габарытныя памеры вялікія, можна ўжыць маштаб памяншэння. Пры відарысе складанага па форме прадмета, але вельмі дробнага па памерах, трэба ўжыць маштаб павелічэння.
Памятайце! Пры кампаноўцы чарцяжа нельга парушаць праекцыйныя сувязі.
Як вы лічыце, якая з кампановак праекцый на чарцяжы (рыс. 23) выканана правільна, а якая няправільна? Свой адказ растлумачце.